Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
Детская ДБ. Бібліяпрыцемкі-2015

Бібліяпрыцемкі-2015



                                                        националь.jpg танец.jpg сундук.jpg печь.jpg
Вядучы 1.
Добры вечар, паважаныя госцi, дзецi, бацькi, дзядулi i бабулi. Другi год Камянецкая дзiцячая бiблiятэка прымае ўдзел у акцыi «Бiблiяпрыцемкi». Сёння наша свята буддзе прысвечана Роднай Беларусi. Вы даведаецеся пра жыццё нашых продкаў, пра звычаі і абрады беларусаў. Зараз вы знаходзiцеся на абанеменце бiблiятэкi. Ганна Пятроўна пазнаёмiць вас з беларускiмi выданнямi i дапаможа ёй ў гэтым  лiтаратурны герой Несцерка.
Несцерка.
Добры вечар, сябры! Эге, колькі вас тут сабралася! Не раўнуючы, як дроў у лесе. (Праводзiцца агляд лiтаратуры).
Вядучы 2.
         У Беларусi-ясныя вочы, 
Многа любовi ў грудзях:
Звонкае поле,
Звонкiя сосны,
Звонкi i сонечны шлях. 
Вядучы 1.
Айчына – гэта краiна, дзе чалавек нарадзiўся i жыве, грамадзянiнам якой ён з’яўляецца. Для ўсiх нас беларусаў, наша Айчына – Рэспублiка Беларусь. У кожнага чалавека ў сваёй краiне ёсць родны кут. Тут ён упершыню ўбачыў свет, тут навучыўся хадзiць, тут прамовiў першае слова. И таму гэтыя мясцiны называюцца яго малай радзiмай. Ёсць прымаўкi: “Кожны пан у сваёй хаце”, “Свая хатка, як родная матка”. Сапраўды, у сваёй хаце ты i пан, i гаспадар. 
Той, хто шмат вандраваў за межамі нашай краіны, амаль заўсёды кажа: “У гасцях добра, а дома лепш!” Дзе б мы ні былі, чаго б толькі ні бачылі, але ж заўсёды душа цягнецца да роднай зямлі, роднай хаты.
Дарагiя сябры! Сёння мы разам з вамi адправiмся ў цiкавае падарожжа па краiне нашых продкаў. Мы завiтаем  з вамi на вясковую  сядзiбу i матчыну хату.            Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылi   нашы дзяды-прадзеды, трэба.
Вядучы 2. 
У нас на Беларусі існуе добры звычай - вітаць гасцей хлебам-соллю, які падаюць на ручніку. Ручнік - гэта сімвал чысціні і цяпла. Хлеб – сімвал дабрабыту, а на кошт солі існуе ў народзе пагаворка: "Каб лепш пазнаць адзін другога, трэба пуд солі з’есці". Вось таму соль і прысутнічае каля хлеба з ручніком.
 
Вядучы 1.
Хата для селяніна была не проста дахам, пад якім ён хаваўся ад холаду і непагадзі, гэта была невялічкая абжытая прастора на вялікай зямлі, яго сусвет, дзе праходзіла яго жыццё.  
Вельмі добра, што вы завіталі да нас. Сёння ў нашай хаце вас чакае сустрэча з беларускімі песнямі, танцамі, гульнямі. карагодамі.
Дзяўчынка 1. Добры дзень!
Дзяўчынка 2 . Ой, Юлечка, сябровачка мая, ты адна дома, а што ты робіш?
Дзяўчынка 1. Ды вось гасцей чакаю, хату мяту.
Дзяўчынка 2 . Хату мяцеш? Ад парога хату не мятуць.
Дзяўчынка 1. Ай, ці так важна, як месці, галоўнае ж, каб чыста было.
Дзяўчынка 2. Так-то яно так, але хіба табе бабуля не казала, што парог у хаце — месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет?
Дзяўчынка 2. Не, не казала.
Вядучы 2.
Ну, дык паслухайце, што я вам скажу. Парог у хаце — месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет? Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны. 
• Найбольш вядомы з іх — гэта сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Кажуць: прысядзем на дарожку. Абавязкова трэба маўчаць. 
• Вядома прыкмета, якая забараняе вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення паміж людьмі. 
• А ці ведаеце вы, чаму на вяселлі малады ўносіць на руках у сваю хату жонку? Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым аберагае маладую ад адмоўных адносінаў да яе продкаў. 
• А вось яшчэ якія існуюць звязаныя з парогам прыкметы. Чалавека, які ўваходзіць у хату і спатыкнецца аб парог, чакае непрыемнасць. 
• Народная этыка не дазваляе садзіцца або станавіцца на парог. Асабліва асцерагацца гэтага павінны хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю.
Цікавыя ў гэтым сэнсе і такія словы беларускай народнай песні: Нялюбай нявестцы — на парозе сесці. Гэта значыць яна тут чужая, няма ёй месца ў хаце.
Вядучы 1.
       Ганаровае месца ў хаце займаў стол. Гэта быў своеасаблівы хатні прастол, святое месца. Тут збіралася ўся сям'я тут панавалі свае законы… Святасць стала вызначалася тым, што на яго клалі самае дарагое — хлеб, свянцоныя свечкі, святую ваду. На стол ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы ці сумку, не трымалі нож. На стол нельга было пускаць кошку ці поўзаць неразумнае дзіця, даросламу сесці на стол ці стаць нагамі на ім. 
Вядучы 2. 
Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займае ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца. Абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца. Каля печы знаходзіўся качарэжнік з качаргой, вілкамі, чапялою. Над печчу — шост, на якім сушылі адзенне.
Насупраць печы, каля ўвахода, — «бабін куток». Гэта гаспадарчы куток, дзе знаходзілася кадушка з вадою — вадзянка, побач на лаве — драўляныя вёдры, даёнка,  каўшы, сальнічка. На сцяне вісела паліца з посудам, побач — лыжачнік. 
Спальны палок (нары) з сенніком, падушкамі, пакрываламі, вышэй, на ўзроўні лежака печы, — палаці. Побач да бэлькі на круках падвешана калыска.  
З печчу звязана шмат цiкавых звычаяў. 
• Кума, перш чым перадаць мацi ахрышчанае дзiця, пасля вяртання з царквы абносiла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзiця любiла хату i трымалася яе».    
• Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадынi кармiлi кароў на пячной засланцы, каб яны трымалiся свайго двара.
• У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сiмвалiчнага запякання слабых, хворых дзяцей у печы. Дзiця захутвалi ў коўдру i трымалi некалькi хвiлiн у печы адразу пасля таго, як скончаць палiць. Лiчылася, што пасля такога «запякання» дзiця набывае здароўе i сiлу.
• Печ асэнсоўвалася нашымi продкамi як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збiраючыся iсцi сватаць дзяўчыну, дакраналiся да печы ў сваiм доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё наблiжалiся  да печы i цiхенька звярталiся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля вiталiся з гаспадарамi, садзiлiся на лаву i пачыналi гаворку.
Вядучы 1. 
 Ёць у вясковай хаце кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць - так называецца гэта пачэснае месца ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы - з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны  маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё  людзей у гэтай хаце, на ўсёй сядзібе. Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі - набожнікі.  І зімою тут залацяцца галінкі асвечанай вярбы, пучкі жытнёвых каласоў  і траў. За абразамі трымаюць бутэлечку са свянцонай вадою - лекамі ад розных хвароб. Да столі часам падвешваецца саламяны павук: лічыцца, што ён прыносіць шчасце.
 Вядучы 2. 
Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў. Гэта дзяжа. Няцяжка здагадацца, чаму гэтую рэч называлі хлебніцаю. У ёй заквашвалі цеста, з якога пяклі духмяны хлеб. Не абыходзіўся без дзяжы і абрад вяселля. Перад прыездам жаніха   на дзяжу садзілі нявесту. Распляталі  дзявочую касу, благаслаўлялі на шчасце і дастатак. 
Вядучы 1.
А вось перад вамі бойка.  Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла.  
Масла білі ўручную.  Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплаю бульбаю.
Вядучы 2.
Глiняны посуд i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб. Гэта – збан. Пасудзiна добра вядомая. У iм звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. 
Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькi гарлач без ручкi i не мае носiка-дзюбкi зверху. Пасудзiна адна, а называлi яе дзе збаном, дзе гарлачом, дзе стаўбуном.   
Як панiч у абноўцы, красаваўся на стале берасцень – гарлач, аплецены стужкамi бяросты. Шанавалася ў хаце яшчэ адна глiняная пасудзiна – гляк. У iм добра  захоўвалiся алей, квас, бярозавы i кляновы сок, калодзежная i крынiчная вада. 
Вядучы 1.
  Кожны вясковы пастушок умеў некалi плесцi кашы. Часу для гэтага на пашы хапала. Патрэбны былi толькi востры ножык-складанчык, лазовыя дубцы цi хваёвыя карэньчыкi. Ды яшчэ, вядома, майстэрства. У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi.
 У каша быў сваяк – кораб. Рабiлi карабы з большай выдумкаю, чым кашы. Прыгожыя, яны глядзелiся як ганчарны посуд, сплецены з лубу, бяросты, лазы цi саломы. То як бочачка, то як гаршчок. Часта карабы зачынялiся вечкам, каб лепш было захоўваць i пераносiць у iх збожжа, крупы, муку. А кашы i сёння дапамагаюць нам збiраць ураджай – бульбу, агароднiну, садавiну. I ў лес бегаюць, калi год багаты на грыбы.  
Тэатралiзаванае прадстаўленне «Чароўнае рэшата»
 Вядучы 2.
У кожнай сялянскай хаце можна было ўбачыць зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары, бяросты – гэта лапцi.    Плялi лапцi звычайна мужчыны. Сярод iх былi сапраўдныя майстры: выштукаваныя iмi лапцi, лёгкiя i зграбныя, прыгожа глядзелiся на любой назе. У iх добра было i на працы, i ў танцы.    Лапцi i сёння «скрыпяць» у народных казках i песнях. I не лапаць, вядома, вiнаваты, а сам чалавек, калi з яго, недарэкi, смяюцца: «Лапаць ты!»        
Вядучы 1.
Быў час, калі ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Пралі за прасніцаю. З такою прасніцаю не сорамна  было пайсці на вячоркі, дзе праліся не толькі ніткі, але і песні, прыпеўкі. Гудзела, як вулей, ад жаночых галасоў прасторная звонкая хата. Дзяўчаты збіраліся асобна ад замужніх папрадух. У іх былі свае інтарэсы, свая кампанія. Да іх наведваліся хлопцы, часта прыводзілі вясковага музыку. У такі вечар прадзіва пакідалі на другі дзень. Моладзь весялілася, спявала, скакала. 
І, як кажуць нашы людзі,
Хай вам даспадобы будуць
Жарты, песні, смех!
Бо без песні, хоць ты трэсні,
Без гармоніка й дуды
Ходзяць ногі не туды!

Выступленне Навiцкавiцкага дзiцячага фальклорнага каллектыву "Сунiчка".

Вядучы 2.
У канцы зiмы жанчыны пачыналi снаваць кросны.  Дзецi ў сялянскiх хатах засыналi пад калыханку матчыных красён.  I сёння яшчэ ў вясковай хаце можна ўбачыць куфар, дзе ляжыць скарб, вытканы на кроснах.
Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.
Вядучы 1.
  Ручнікі не толькі  ўпрыгожвалі  інтэр’ер  хаты, але і шырока  выкарыстоўваліся  ў беларускіх абрадах. 
На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі  маладых пасля вянчання  ў царкве. 
Ручнікі дарылі родзічам маладога, але не ўсім, а пераважна мужчынам: маладому,  яго бацьку,  тату, дружыне маладога. 
Ужываўся ручнік і ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. 
Дзеці, а як вы думаеце, для чаго людзям патрэбны ручнікі? (Выціраць рукі, твар, посуд і г.д.) Малайцы! Вельмі рада, што вы так шмат ведаеце пра ручнікі. 
Дзеці, а вы не заўважылі, што на ручніках узоры вышыты рознымі колерамі? Заўважылі, малайцы! Я вам зараз растлумачу, што які колер абазначае. Слухайце. Вось чорны колер – гэта Зямля. Толькі яна ў нас адзіная і нязменная. На ёй мы працуем. Чырвоны колер – гэта жыццё, а жоўты – надзея, яе чалавек нясе праз усё жыццё. А вось белы колер – гэта колер чысціні душы і спраў. Вось так, зразумела? А зараз уважліва разглядзіце ўзоры на ручніках. Але ж каб ручнік атрымаўся, трэба папрацаваць. І праца гэта нялёгкая. (Майстар-клас)

 (Пад ціхую музыку дзеці разглядаюць узоры на ручніках). 

Вядучы 2.
На бабчын ручнік заглядзелася ўнучка,
І гладзіць ручнік яна кволаю ручкай.
Пеўніка ўнучка адразу пазнала,
Калісьці бабуля яго вышывала.
Пер’е іскрыцца, чырвоны грабеньчык,
Быццам жывы ён – пявун-кукарэньчык.
 Вядучы 1.
Узорныя посцілкі сталі ткаць значна пазней, чым ручнікі і абрусы, бо ложкі ўвайшлі ў быт сялян вельмі позна. Такімі посцілкамі засцілалі ложак, сані і вазы. А вось дарожка на падлогу. Імі таксама ўпрыгожвалі лавы ў хаце, дзе збіраліся жанчыны на пасядзелкі.

Вядучы 2.
Беларускі  нацыянальны касцюм — комплекс  адзення , абутку і аксэсуараў, які склаўся на працягу стагоддзяў і выкарыстоўваўся беларусамі ў штодзённым і святочным ўжытку. 
Пры вырабе касцюма выкарыстоўваліся такія віды дэкаратыўна-прыкладнога творчасці, як ткацтва, пляценне, ювелірнае мастацтва, апрацоўка скуры і іншыя. На тэрыторыі Беларусі даследчыкі вылучаюць больш за 30 разнавіднасцяў  народнага  касцюма, досыць строга прывязаных да пэўнай мясцовасці.
Вылучаюцца чатыры комплексы: са спадніцай і фартухам; са спадніцай, фартухам і камізэлькай (гарсэтам); са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт; з андаракам, фартухам, камізэлькай (гарсетам).
Галаўныя ўборы
Жаночыя галаўныя ўборы мелі важнае сацыяльнае і абрадавае значэнне. Па іх выглядзе можна было вызначыць сямейнае становішча, узрост жанчыны, яе матэрыяльнае становішча. Галаўныя ўборы выкарыстоўваліся ў абрадах і рытуалах, напрыклад, на вяселлях дзяўчыне ўрачыста змянялі дзявочы ўбор на жаночы.
Карэнныя адрозненні існавалі паміж жаночымі і дзявоцкімі галаўнымі ўборамі. Дзяўчаты насілі вянкі, вузкія рознакаляровыя стужкі (скідачка, шлячок), а жанчыны хавалі валасы пад каптур, апранаючы зверху галаўны ўбор рушніковага тыпу, напрыклад, намітку або хустку.

Абутак
Жанчыны ў сялянскіх сем'ях часцей за ўсё насілі лапці. У халоднае надвор'е насілі пасталы. Боты і жаночыя чаравікі у вёсках насіліся толькі па святах ці ў найбольш заможных сем'ях. Такі абутак часцей выраблялі адмысловыя рамеснікі на замову.
Паясы
Пояс, які выкарыстоўваўся ў мужчынскім касцюме, вырабляўся з дарагіх шаўковых нітак з ўплеценых залатых і срэбных нітак. Ён нёс не толькі функцыянальнае значэнне, але і абрадавае, рэлігійнае і сацыяльнае . Яго вырабам займаліся майстры ткацтва, кожны пояс з'яўляўся практычна творам мастацтва і шанаваўся ў многіх краінах.
Упрыгожванні
Для ўпрыгожвання насіліся завушніцы, каралі (шкляныя, бурштынавыя, каралавыя, у заможных пластоў — часам жамчужныя, рубінавыя). Іншыя ўпрыгожванні — брошкі, бранзалеты, пярсцёнкі — таксама насіліся ў асноўным заможнымі пластамі насельніцтва.
Тканіны і матэрыялы
У беларускім нацыянальным касцюме выкарыстоўваліся толькі натуральныя тканіны, якія вырабляліся ў хатніх умовах, у асноўным гэта былі лён і воўна, таксама ўжывалася тканіна з валокнаў каноплі. Для афарбоўкі пражы выкарыстоўваліся натуральныя фарбавальнікі: настоі траў, кары, лісця дрэў, балотнай руды.
Для вырабу верхняй вопраткі ўжываліся сукно і аўчына.
Чырвоныя ніткі для вышыўкі купляліся, але пасля ўжо ў хатніх умовах дафарбоўваліся ў карычневы і бардовы колеры.
Афармленне
Часцей за ўсё адзенне было белага колеру, у якасці ўпрыгожвання яно афармлялася вышытым чырвоным арнаментальным узорам, які аб'ядноўваў ўвесь камплект ў адзіную кампазіцыю. У арнаменце выкарыстоўваліся геаметрычныя ўзоры, пазней сталі прымяняцца таксама раслінныя ўзоры і іх спалучэнне з геаметрычнымі. У абавязковым парадку афармляліся арнаментам рукавы, каўнер, фартух і галаўныя ўборы.
Пры вырабе касцюма выкарыстоўваліся вышыўка, бранае, выбарнае, перавыбарнае, закладное, рамізнае, пераборнае і ўзорнае ткацтва, карункі і аплікацыя.
Для вырабу пояснага адзення шырока ўжываліся паліхромныя суконныя тканіны.
На фартухі прышывалі пакупныя або самаробнае карункі.
Вядучы 1.
Кожная сялянская хата мела сваю гаспадарку. Калі вы адгадаеце ўсе загадкі, то даведаецеся, хто жыў на сялянскiм  двары.

 Колькі вас усіх тут ёсць,
 Кожнаму дам па зярнятку,
 Кожны дарагі мой госць
 Хай паслухае загадку:

 Стаіць на плоце
 У чырвоным капоце,
 Рана ўстае,
 Спаць не дае. (Певень.)

 3 людзьмі сябруе, 
 Хату вартуе,
 Жыве пад ганкам,
 Хвост абаранкам. (Сабака.)

 Не араты, не каваль, не плотнік,
 А першы на сяле работнік. (Конь.)

 Пасярод двара стаіць тара,
 Спераду вілы, ззаду мятла. (Карова.)

 Цэлы дзень у рэчцы купаюцца,
 А на бераг сухія выходзяць. (Гусі.)

 Па зямлі ходзіць,
 Неба не бачыць,
 Нічога не баліць,
 А ўсё стогне. (Свіння.)

 Лыка дзярэ, а лапці не пляце. (Каза.)

 На полі і ў лузе
 Ходзіць у кажусе. (Авечка.)

Вядучы 2. 
А я, зараз вам раскажу аб святах, якія былі даўней у нашых мясцінах. Толькі давайце дамовімся, вы мне таксама будзеце дапамагаць. Можа хто ведае, якія наогул святы?
1. Каляды ( п. 7 студзеня)
Калядныя святы пачыналіся з дня Божага Нараджэння — Раства. Калі першая зорка з’яўлялася на небе, уся сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Стравы на стале былі посныя, абавязкова варылі куццю — кашу з круп. Запаліўшы свечку і памаліўшыся, пачыналі вячэраць. З гэтага дня па сяле хадзілі калядоўшчыкі — юнакі і дзяўчаты, пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, кабылу. Калядоўшчыкі спявалі песні-калядкі, скакалі пад скрыпачку і бубен, у заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.
2. Грамніцы, альбо Стрэчанне ( п. 15 лютага) Грамніцы — палавіна зіміцы.
Свята сустрэчы зімы і лета. Якое надвор’е на Грамніцы, такая будзе і вясна. Пасля гэтага дня пачыналі рыхтавацца да работ у полі. У царкве асвячалі грамнічныя свечкі. Яны лічыліся ахоўнымі — гаспадар з дапамогай гэтых свечак «асвячаў» хату і ўсю гаспадарку, выпальваючы імі невялікія крыжыкі на дзвярах і варотах. Верылі, што грамнічныя свечкі ратуюць будовы ад удару маланкі. З грамнічнымі свечкамі тройчы абыходзілі свойскую жывёлу на свята Юр'я, іх запальвалі на засеўкі, з імі абыходзілі хаты на Іллю і Багача, сустракалі маладых на вяселлі, дзіцятка на радзінах, клалі ў руку нябожчыку, ішлі шукаць папараць-кветку на Купалле.
3. Сырны тыдзень, або Масленка (за 8 тыдняў да Вялікадня)
Масленка, масленка, нясі сыру, масла нам, каб зімачка згасла!
Старажытнае язычніцкае свята. У гэты тыдзень праводзяць зіму. Сёння Сырны тыдзень болей вядомы як Масленка. Шмат стагоддзяў у беларусаў сыр быў самым папулярным прадуктам i сiмвалiзаваў нараджэнне новага жыцця. У гэты тыдзень дзяўчаты і хлопцы ладзілі гушканне на арэлях, коўзанне з горак на санках. Верылі, што чым вышэй узляціш на арэлях, чым далей скоцішся з горкі — тым даўжэйшы будзе лён. На Масленку ласуюцца блінамі, спяваюць масленічныя песні.
4. Гуканне вясны (з 14 сакавіка)
Благаславі, Божа, вясну заклікаці, лета сустракаці!
Першае вясновае свята. Дзяўчаты збіраліся на ўзгорках (каб было бліжэй да неба) і спявалі вяснянкі — песні, у якіх клікалі вясну. Вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла зімы, як на Масленку. Падчас спеваў вяснянак і гукальных карагодаў дзяўчаты падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак — жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы, хутчэй выклікаць надыход вясны.
5. Вербніца (апошняя перад Вялікаднем нядзеля)
У гэты святочны дзень у царкве  асвячалі галінкі вярбы, неслі іх дадому і злёгку сцябалі імі дамашніх, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі:
Не я б’ю, вярба б’е,
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здароў, як вада,
А расці, як вярба!
Будзь здароў на ўвесь год!
Людзі верылі, што такім чынам чалавеку перадаецца моц і прыгажосць гэтага дрэва. Частку асвечаных галінак клалі за бажніцу, утыкалі ў сцены, вокны. На працягу ўсяго года асвячоныя галінкі вярбы выкарыстоўваліся: кожная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову на пашу, злёгку сцябаючы па баках галінкай, з вербачкай селянін выходзіў засяваць поле, садзіць бульбу.
Вярбная галінка была патрэбная падчас першага грому. Каб не баяцца навальніцы, імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы грымоты, гаспадыня запальвала грамнічную свечку, а вербныя галінкі клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары.
Галінкі ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы, каб спаліць у печы і попел рассыпаць па градках.
6. Саракі.
 Свята прыпадае на 22 сакавіка. Яно адзначае дзень веснавого раўнадзенства. 3 гэтым святам канчаткова прыходзіць вясна.
7. Юр'я. 
Свята адзначалася 5 траўня. На ім ушаноўвалі сімвал парадку, вясны, росквіту прыроды. На лузе дзяўчаты выбіралі самую прыгожую, апраналі яе русалкай і надзявалі ёй вянок, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі. На гэтае свята існуе шмат прыказак, прыкмет. Вось адна з іх:" Як дождж на Юр'я, то будзе хлеб у дурня."
8. Купалле. 
      У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстаражытнейшых народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.   З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэтую ноч рэкі свецяцца асаблівым прывідным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, ведзьмакі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і звяры размаўляюць, а сонца на досвітку "гуляе".
   Здаўна ў Купаллі ўдзельнічалі ўсе жыхары паселішчаў ад малога да вялікага.
   Усю ноч спявалі песні, вадзіліся карагоды, скакалі праз вогнішча, каб ачысціцца ад злых сіл.    Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі (яечняй), варажылі, плялі вянкі. Потым на словы “Ляці, ляці вяночак, лаві, лаві дружочак” кідалі на ваду вянкі і варажылі па іх руху. Часам вянкі кідалі праз вогнішча.    Пасля скокаў праз вогнішча парамі ішлі шукаць "папараць-кветку", якая распускалася раз за год і вяртала чалавека да адзінства з прыродай: уладальнік пачынаў разумець шум дрэў, размову жывёл, птушак. Яна давала звышнатуральную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць схаваныя скарбы, але займець "папараць-кветку" мог толькі вельмі смелы чалавек.
9.Жніво. 
Гэтае свята з'яўляецца самым працяглым комплексам рытуалаў. Пачынала святкавацца ад 12 ліпеня да 27 верасня. Жніўныя абрады складалі аснову самай цяжкай працоўнай дзеі.
Вядучы 1. 
Дарагія дзеці i дарослыя! Да мяне дашлі чуткі, што вы добра ведаеце беларускі фальклор, чытаеце казкі, умееце адгадваць загадкі, любіце спяваць песні. Каб праверыць, ці сапраўды гэта так, запрашаю вас да сябе ў чароўную краіну “Фальклорыю”. 
Ну, што госцi, вы згодны прыняць запрашэнне? (Адказы дзяцей).                    Тады  разам адправімся  ў  падарожжа. А каб мы не заблукалі Дзед-барадзед даслаў нам «чароўны клубочак». Вось ён. (Каціць).
- Клубочак, клубочак  каціся, каціся, вядзі нас у падарожжа, ды не заблудзіся. 
Вы  ужо  напэўна здагадаліся, нас чакаюць загадкі  Дзеда – барадзеда. (Загадкі).

1. У лесе выразана, гладка вычасана,
Ажно заліваецца, як  называецца? (Дудка)
2. Крывулечка, крывая, увесь свет пітае? (Лыжка)
3. Сам пусты, голас густы, дробат выбівае, людзей збірае? (Бубен)
 4.Ляжыць - маўчыць, а возьмеш - заплача. (Скрыпка)
5. Сама доўгая, бок дзіравы, канец закручысты, а пішчыць (Дудка, жалейка)
 6. І поўна, і роўна, канцы іграюць. (Дудка, жалейка)
7. Сам пусты, голас густы, дроб выбівае, людзей збірае. (Барабан)
 8. Вось загадка для Андрэйкі, 
    Там  і шпалы ёсць і рэйкі,
     Малаточкі па іх б’юць,
     Хто мне скажа, як завуць?    (Цымбалы) 

А  якія ёсць ячшэ музычныя інструменты, якія гучаць на святах? (гармонік, віяланчэль)
Асаблівай папулярнасцю ў народзе карысталася дуда.
Ой, без дуды, без дуды,
 Ходзяць ножкі не туды,
 А як дудку пачуюць,
 Самі ногі танцуюсь.
Вядучы 2. 
Усе святы і народныя абрады беларусаў суправаджаліся гульнямі, карагодамі і танцамі. Якiя танцы беларусаў вы ведаеце? (карагоды, кадрылі, полькі).
Карагоды — найбольш старажытная форма. Меркавана, з'явіліся ў канцы I тысячагоддзя нашай эры. Карагод ўяўляе сабой трыадзінства песні, гульнявога (абрадавага) дзеяння і харэаграфічнага малюнка. Па тэматыцы беларускія карагоды разнастайныя. Яны, адлюстроўваюць працоўную дзейнасць, сямейны ўклад, любоўныя адносіны, народныя святы.
 Карагоды дзеляць на 3 вялікія групы: карагодныя песні, гульнявыя карагоды і танцавальныя карагоды.  Часцей за ўсё традыцыйныя карагоды не суправаджаліся інструментальнай музыкай.
Кадрылі  ў сваёй аснове маюць замежнае паходжанне. Яны прыйшлі на Беларусь у сярэдзіне XIX стагоддзя. Этнографы канца XIX стагоддзя адзначалі, што ці ледзь не кожная вёска мае сваю кадрылю. Гэта адбілася ў назвах танцаў: «Турэйская», «Воранаўская», «Лядкоўская», «Смаргонская», «Ляхаўская». У розных рэгіёнах Беларусі зафіксавана шмат разнавіднасцяў кадрыляў: тоўстыя кадрылі (танцуе вялікая колькасць пар), тонкія (танцуе мала пар), былі і такія кадрылі, дзе танцавалі 40 пар. Зафіксаваныя такія кадрылі, як «Шор, шэр, шыр», «Казачковая», «Бычок», «Чыжык» і мноства іншых.
Полька — танец чэшскага паходжання. Полька патрабавала ад танцораў i майстэрства, i фiзiчнай вынослiвасцi. Як і кадрыля, полька таксама мае мноства лакальных варыянтаў: «Барысаўская», «Віцяблянка», «Гаўкаўская», таксама назвы даваліся па асаблівасцях харэаграфіі: «Цераз нагу», «З падкіндэсам», «З прысюдамі», «На пяце», «Вінтом» і гэтак далей.
Вядучы 1. 
А хто ж з вас, дарослыя, на месцы ўсядзіць, калі полька загучыць. Кідайце ўсё, ідзіце ў скокі, хай музыка гўдзеі.
Вядучы 2.
Беларусы славяцца сваей гасціннасцю. Толькі госць на парог- пачастунак на стол. І паспрабуй тут нечага не  пакаштаваць-гаспадыня пакрыўдзіцца…

…Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць,-
То ўмее ен і смачна з'есці
І- адпаведна-згатаваць!
Таму дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу-
І беларускаму палетку,
І беларускаму сталу!
Вядучы 1. 
Цікава нагадаць пра застольныя традыцыi, якія існавалі з даўніх часоў. У кожнай сям'і прытрымліваліся не толькі пэўнага рэжыму ў хатнім харчаванні, але і перш за ўсё адпрацаванага стагоддзямі этыкету.
Малодшыя члены сям'і ніколі не садзіліся за абедзенны стол раней старэйшых. Падчас ежы не было чуваць прыхлебаў, прычмокаў. Гутарак за сталом звычайна не вялі. «Як ем - i глух i нем» - такую вялікую ісціну нярэдка паўтараў гаспадар хаты ў навучанне малодшым.
Вядучы 2.
Як светла стала ў нашай хаце,
Аж вокны зіхацяць яе.
У сенцы хлеб выносіць маці-
Яму пашану аддае..
А памяць пільная вяртае
Хвілінку тую праз гады-
Як рэжа, стоячы, матуля
На лусты бохан малады.
У беларусаў з дзяцінства выхоўвалася да хлеба павага і беражлівасць. З ім ішлі на «радзіны», у сваты, на вяселле і іншыя падзеі.
Свае адносіны да хлеба народ адлюстраваў у шматлікіх  прыказках і прымаўках, казках і песнях. Давайце разам прыгадаем прыказкі, у якіх ёсць слова "хлеб".
 - Хлеб - усяму галава.
 - Без працы няма чаго хлеба шукаці.
 - Хто рана ўстае, у таго хлеба стае.
 - Найсмачнейшы хлеб ад сваей працы.
 - Колькі ні думай, а лепш хлеба- сам не прыдумаеш.
 - Без золата пражывеш, а без хлеба- не.
 - Без солі не смачна, без хлеба не сытна.
 - Маліна то маліна, але каб хлеба скарына.
 - Без кавалка хлеба кепская  бяседа.
 - Калі ёсць хлеба край, то і пад кустом рай.
-  Зямля- маці, а хлеб -бацька.
 Але не толькі хлеб пяклі з цеста. Любяць беларусы бліны, аладкі, наліснікі, каржы, хрушчы і іншае печыва. 
Вядучы 1.
 Але ж невыпадкова называюць беларусаў "бульбашамі". Бульбу завезлі ў Еўропу з Амерыкі. Мяркуюць, што да нашых продкаў яна трапіла гадоў 300 таму з Галандыі. Не адразу прыжылася, затое з цягам часу яе пачалі называць другім хлебам. 
Вядучы 2.
О бульба! Мы цябе ўслаўляем, 
Свой стол без бульбы не ўяўляем!
Ты, бульба, хлеб другі ў нас.
Спажыўных рэчываў запас.
Бульба з'яўляецца абавязковым атрыбутам беларускага нацыянальнага стала. З яе гатуюць бульбянiкi, дранікі, комы, запяканкі, клёцкі, бульбяную бабку. 
  Паслухайце некаторыя карысныя парады, якія дапамогуць прыгатаваць бульбу:
-         Каб бульба, звараная ў лупінах, лягчэй ачышчалася,патрэбна адразу пасля варкі абліць яе халоднай вадой.
-   Каб смажаная бульба была хрумсткай,саліць яе патрэбна ў канцы прыгатавання. 
-         Бульбу лепш варыць у лупінах, у ей больш захоуваецца вітамінаў. 
-       У варанай бульбе наогул захоўваецца больш вітамінаў, чым у смажанай. 
-         Смажаная бульба горш пераварваецца страўнікам.
-          Менш губляецца вітаміна С, калі варыць бульбу на пары.
-      Каб ачышчаная бульба зварылася хутчэй і стала рассыпчатай, яе патрэбна трымаць пад струменем вельмі халоднай вады.
-         Каб цёртая бульба для аладак не пацямнела, уліце ў яе крыху гарачага малака, ці дабаўце нацёртую сырую цыбуліну.
-     Калі патрэбна хутка зварыць бульбу, пакладзіце ў ваду лыжку маргарыну.
-         Саліць бульбу лепш за 5-10 хвілін да канца варкі,  дзякуючы чаму ў бульбе захаваецца больш мінеральных солей.
-         Бульбу  лепш варыць на невялікім агні. Калі агонь вялікі, зверху бульба разварваецца і рассыпаецца, а ўсярэдзіне сырая.
-         Адвараная бульба будзе смачнейшай, калі дабавіць у ваду 2-3 долькі часнаку, лаўровы ліст ці крыху кропу.
Вядучы 1.
З мясных страў найбольш вядомыя пячысты, мачанка, халадзец, смажанка, каўбасы. Шырока выкарыстоўваюцца ў беларускай кухні грыбы, лясныя ягады і травы, рачная рыба.
 Мноства страў рыхтавалі з гародніны: халаднік, капусту, грыжанку (з бручкі). Гародніну ўжывалі сырымі, дадавалі ў іншыя стравы. Капусту, агуркі, буракі квасілі і салілі.  У вялікай пашане ў беларусаў былі грыбы - свежыя, сушоныя, салёныя, марынаваныя, а таксама лясныя ягады - чарніца, суніца, брусніка, маліна і інш. Садавіну і ягады сушылі, мачылі, з іх рыхтавалі разнастайныя напоі - бярозавік, медуху, кляновік, збіцень. Сярод вегетарыянскіх страў найбольш распаўсюджанымі былі кулага з чарніцы з прымешкай пшанічнай мукі і цукру, саладуха - каша з жытняй або пшанічнай мукі і соладу.  З глыбокай старажытнасці славянскія народы рыхтавалі напоі з мёду. 
Адной сям'і, вядома, нялёгка было прыгатаваць стол для запрошаных. Таму сваякі, а таксама госці, па ўсталяваўшайся з даўніх часоў народнай традыцыі, бяруць з сабой хлеб, загорнуты ў прыгожы, вышыты нацыянальным арнаментам ручнік, а гэтак жа халодныя закускі, розныя кулінарныя вырабы (напрыклад, пячысты - адварныя, тушаныя або смажаныя тушкі парася, птушкі або вялікія кавалкі свініны). На стале былі і такія традыцыйныя стравы, як яешня-калатуха, налiснiкi, клiнковы сыр, квас. Самы багаты - вясельны стол. У канцы ўрачыстай трапезы звычайна падаюць каравай - знак матэрыяльнага дастатку.
Вядучы 2.
А зараз прапануем пытанні для знаўцаў беларускай кухні.  Зараз мы будзем зачытваць пачатак прыказкі, а вы павінны яе закончыць.
1.    Дзе каша і аладка, … (там будзе і грамадка).
2.    Будзе час- … (будзе квас).
1.    Як ем - …(і глух, і нем )
2.    Чалавек галодны..(ні на што не годны) 
1.    Смачна было, …(ды блізка дно).
2.    Як зварыш, …(так і з'ясі).
1.    На смачны кусочак… (знойдзецца раточак).
2.    Хлеб свежы…(смачны для ежы).
1.    Калі хлеб у возе, … (то няма бяды ў дарозе).
2.    Вялікі кусок… (дзярэ раток).
1.    Госць, не дзьміся,… (еш, што ў місе).
2.    Без капусты…. (на стале пуста).
Вядучы 1.
 А зараз прапануем адгадаць беларускія народныя загадкі на тэму "Харчаванне і ежа":
-   Два парсюкі дзяруцца, а паміж іх пена цячэ. (жорны і мука).
-   Б'юць каламі, рэжуць нажамі, за тое так лупяць, што ўсе яго любяць. (Хлеб).
 -   Каля адной ямы ўсе з кіямі. (Міска і людзі з лыжкамі).
-   Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако)
-   Без кліноў, без капытоў, само падыходзіць, ніхто яго не трывожыць. (Цеста).
 Вядучы 2.
 А зараз віктарына. Прапануем адказаць на пытанні, звязаныя з гісторыяй беларускай нацыянальнай кухні.
1.    Што такое талакно? (Спецыяльна прыгатаваная аўсяная мука).
2.    Першая страва з мукі і малака. Мае агульную назву ў рускай, літоускай, украінскай і польскай кухнях. Што гэта за страва?. (Зацірка)
1.    Як называецца посуд для прыгатавання цеста? (Дзяжа)
2.    Неглыбокае выдзеўбанае карыта з тонкімі сценкамі для кухонных патрэб (Ночвы).
 Вядучы 1.
Паслухайце ўрывак з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля". Якое свята апісана ва ўрыуку? Якія стравы тут называюцца?   (Вялікдзень).
 А  на  стале  тым-рай  ды  годзе,
Што рэдка трапіцца, ў народзе
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху,сакаўная, 
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы- скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн -адно дзяржыся!
У  рот  паложыш –сцеражыся!
А пірагі, як сонца, ззялі,
І ў роце бабкі раставалі.
Са смакам елі і багата -
На тое ж даў бог людзям свята.
Вядучы 2.
Успомнiце першыя стравы:
-          галоўная была “капуста” з кіслай ці свежай капусты
-          паліўка – тлусты гарачы суп
-          панцак – пярловы суп з грыбамі
-          булён – бульбяны суп, зашквараны салам
-          шчаўё
-          боршч з буракоў, мяса і грыбоў
-          маладая крапіва з яйкамі
-          халаднік з халодным мясам і агуркамі
 другія стравы:
-          калдуны
-          яешня-глазуха, запечаная з салам і мясам
-          верашчака
-          мачанка з блінамі
-          галоўнае было сала /пасля – зімняя і летняя каўбасы, паляндвіцы/
-          юшка /з рыбы/
-          крупнік
п’юць.
-          квас
-          бярозавік
-          хатняе піва
Вядучы 1.
 Стравы  нашых  продкаў  гатуюць  у  шматлікіх  сем’ях  па  рэцэптах  нашых  бабуль.   Беларускія  нацыянальныя  стравы  займаюць  даволі        значнае  і  пачэснае   месца  не  толькі  ў  паўсядзённым  жыцці,  але  і   на      святочных  сталах.  Не  толькі  ў  дамашніх  умовах,  але  і  ў  сучасных       рэстаранах.
Няхай  заўседы  на  вашых  сталах  стаяць  смачныя   і  самыя  найлепшыя  беларускія  стравы,  якія  не  заменіш   нічым.
Вядучы 2.
 Ой, гэта я зусім забылася, што ў нас прыгатавана многа смачных страў! Гэта мы для вас, дарагія госцейкі, прыгатавалі нашы нацыянальныя стравы. Запрашаю ўсіх за стол частавацца!
Вядучы 1.
 Народ  беларускі,  гасцінны  народ.           
 І  любіць  прыгожыя  святы,
 Дзе  столькі  вясеёых,  цудоўных  прыгод,            
Дзе  стол  накрываюць  багаты.
 А  стравы  такія,  што  нашы  дзяды             
Калісьці  яшчэ  гатавалі,
Нашчадкі  да  нашых  часоў  праз  гады             
Рэцэпты  тых  страў  захавалі.
 Мы  верым,  што  звычаі  нашы  не  ўмруць,           
Майстэрства  народа  не  стухне.
 Няхай  жа  традыцыі  нашы  жывуць             
І  ў  песнях,  і  ў  святах,  і  ў  кухні.
Хлопчык.
Працы шмат было, паверце.
Нашы продкі ўсё маглі,
Каб лягчэй жылося ўнукам,
Рэчы ў спадчыну ішлі.
А жанчынкі-гаспадынькі 
Пралі, ткалі, вышывапі,
Шылі, мылі, прасавапі,
Хату чыста прыбіралі,
На папетках працавалі,
Дзетак сваіх гадавалі,
Печ палілі, хлеб пяклі,
Спаць ім не было калі.
Дзяўчынка. 
Шмат мінула з таго часу,
Лепш мы сталі жыць за іх.
Паважайце, калі ласка,
I бабулек, і дзядкоў сваіх.
Паважайце іх за працу,
Распытайце пра іх быт,
Каб было вам што пакінуць 
Для прапраўнукаў сваіх.
Вядучы 2.
Паважаныя госці, дзеці, бацькі! Мы вельмі рады былі бачыць вас у нашай хаце. Але ж час нам з вамі развітвацца.
Вядучы 1.
На развітанне ўсім жадаем:
Шчыра каб жылі ў дастатку,
У жыцці ў вашым
Хай ідзе ўсе па парадку!
Вядучы 2.
    Дзякуй, госці, за падмогу!
    Вы так дружна рагаталі,
    Нас так хораша віталі,
    Пляскалі ў ладкі.
    І шкада, а ўсё ж бывайце,
    Толькі нас не забывайце!
Вядучы 1.
     А вы, дзеткі, дружна жывіце,
     Хутка расціце,
     Край свой любіце!
     Не таму любіце, што за ўсё
     Цяплейшы і прыгожэйшы,
    А таму любіце, што за ўсё
     Мілейшы, за ўсё даражэйшы!
Вядучы 2.
      Жадаем блакітнага неба,
      Духмянага хлеба,
      Чыстай вады і ніякай бяды!    

Да новых сустрэч!
                   

Усе  спяваюць  беларускую  песню “Бывайце  здаровы,  жывіце  багата”








































© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского