Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
ПЦПИ
Сарока Мікалай Фёдаравіч

Сарока М.Ф. 1.jpg   Ён ведае, што жыць з болем - гэта невыносная пакута. За шматгадовую практыку вучонага-клініцыста перад яго вачыма прайшлі сотні хворых, якія пакутуюць ад цяжкіх захворванняў. Разумеючы, як цяжка даводзіцца такім людзям, Мікалай Фёдаравіч заўсёды гатовы аказаць ім дапамогу. Мабыць, таму хворыя шукаюць выратавання і часта знаходзяць яго менавіта ў Рэспубліканскім рэўматалагічным цэнтры, які ўзначальвае прафесар Сарока, загадчык кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны рэўматолаг Міністэрства аховы здароўя рэспублікі. Да яго імкнуцца трапіць з адной прычыны: пацыенты чулі пра гэтага чалавека, як скурпулёзнага, удумлівага, эрудыраванага клініцыста, доктара, які ўмее спачуваць хворым.
   Хоць і кажуць, што ў жыцці шмат выпадковага, лёс Мікалая Сарокі напроч абвяргае гэта меркаванне. У юнацтве яму ўдалося беспамылкова выбраць сваю сцежку ў жыцці, якая прывяла да прызнання.
   Нарадзіўся Мікалай Фёдаравіч Сарока 2 студзеня 1949 года ў прыпушчанскай вёсцы Асіннікі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
   У яго лёсе сапраўды ўсё складалася так, што ён быў проста абавязаны стаць доктарам. Гэтага вельмі хацеў і яго бацька. 
   Хоць медыкаў у сям'і Сарокі не было, яго дзядуля славіўся народным лекарам у Белавежскай пушчы, дзе і знаходзілася вёска, у якой нарадзіўся будучы навуковец. Дзед праславіўся тым, што сам вылечыў сябе ад сухотаў у той час, калі не было антыбіётыкаў. Але для гэтага яму давялося шмат чытаць, вывучаць дзеянне раслін, шукаць метады збавення. Старэйшы з роду Сарок стаў затым паспяхова лячыць і аднавяскоўцаў. Памёр ён у глыбокай старасці.
   Бацькі Мікалая Фёдаравіча былі простымі сялянамі, але заўсёды заахвочвалі імкненне дзяцей да вучобы, да атрымання адукацыі. Мікалай Сарока спачатку вучыўся ў Ражкоўскай васьмігодцы, потым у Дзмітровіцкай сярэдняй школе. Вучыўся пераважна на “выдатна”, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, быў пераможцам раённых і абласных алімпіяд па фізіцы і хіміі. Закончыў школу з залатым медалём у 1966 годзе. Настаўнікі тады не песцілі сваіх вучняў такімі ўзнагародамі. Іх трэба было заслужыць выдатнай вучобай. А як раз з гэтым у Мікалая не было праблем.
   Ваганняў у выбары прафесіі не было – цвёрда рашыў стаць урачом, таму ў 1966 г. паступіў на лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, які закончыў у 1972 годзе, таксама з адзнакай.
   У студэнцтве ён, як і шмат хто з інстытуцкіх сяброў, марыў пра хірургію. Але першая ж урачэбная практыка ў Рэчыцкай бальніцы канчаткова расставіла ўсе кропкі над «i». У той час там працаваў выдатны тэрапеўт Міхаіл Іосіфавіч Балтэ. Гледзячы на яго адносіны да пацыентаў, на яго шырокі кругагляд і вялікі клінічны вопыт, Сарока ўжо і не думаў пра іншую спецыяльнасць.
Сарока М.Ф. 2.jpg   Зараз прафесар Сарока кажа, што абраная ім тэрапія - гэта філасофія медыцыны, самая шырокая і самая цяжкая галіна ў медыцыне. Такі спецыяліст павінен валодаць добрым клінічным мысленнем і чуццём. А яны сапраўды проста неабходныя навукоўцу. Бо кожны дзень прыходзіцца ў літаральным сэнсе разгадваць «рэбусы» - паходжанне самых складаных захворванняў. Дакопвацца да праўды, каб хутчэй пазбавіць чалавека ад болю.
   З 1972 па 1975 гады працаваў урачом-ардынатарам кардыялагічнага аддзялення 2-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска.
   У 1975 годзе паступіў у аспірантуру і з гэтага часу яго лёс цесна звязаны з 2-й кафедрай унутраных захворванняў Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. 
   За гады шматгадовай практыкі рэўматалогія стала для Мікалая Сарокі навуковым хобі. Да яе яго прывёў настаўнік, прафесар Рыгор Паўлавіч Матвейка, прапанаваўшы стараннаму студэнту навуковую тэму.
   Кандыдацкая дысертацыя Мікалая Сарокі была прысвечана вывучэнню механізма развіцця рэдкіх і складаных захворванняў, такіх як сістэмная ваўчанка і сістэмная склерадэрмія. Гэтыя хваробы падкошваюць людзей маладога ўзросту, паражаючы многія органы. Захворванне хутка прагрэсуе і цяжка паддаецца лячэнню. Кандыдацкую дысертацыю ён абараніў у 1978 годзе.
   І ўсё ж навуковым «каньком» прафесара Сарокі з'яўляюцца яго найглыбейшыя веды па рэўматоідным артрыце. Амаль 10 гадоў пайшло ў вучонага на падрыхтоўку доктарскай дысертацыі. Матэрыялы аб шматгадовых назіраннях за хворымі з такім дыягназам, іх лячэнні ляглі ў яе аснову. Гэтую навуковую працу Мікалай Фёдаравіч абараняў у Інстытуце рэўматалогіі Акадэміі навук у Маскве ў 1992 годзе, а ў 1993 г. яму прысвоена вучоная ступень доктара медыцынскіх навук, у 1995 г. – вучонае званне прафесара.
   З чэрвеня 1994 г. Сарока з’яўляецца загадчыкам 2-й кафедры ўнутраных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. З 1991 па 2001 гады быў прарэктарам БДМУ па лячэбнай справе, а з 1996 па 1997 гг. выконваў абавязкі рэктара. Аднак праца ў клініцы для яго была пераважней адміністрацыйнай дзейнасці. Мікалай Фёдаравіч многа часу аддае лячэбна-кансультацыйнай рабоце. Больш за 20 гадоў з’яўляецца кіраўніком Рэспубліканскага цэнтра рэўматалогіі ў Мінску.
   М. Ф. Сарока з’яўляецца спецыялістам у галіне тэрапіі і рэўматалогіі, адным з вядучых вучоных у галіне клінічнай медыцыны. Ён унес значны ўклад у распрацоўку новых метадаў дыягностыкі і лячэння захворванняў унутраных органаў. 
Сарока М.Ф. 3.jpg   Як і належыць навукоўцу з імем, Сарока пастаянна піша навуковыя кнігі, выпускае брашуры, у якіх папулярна распавядае пра тое ці іншае захворванне. Навуковыя артыкулы прафесара Сарокі часта з'яўляюцца ў салідных беларускіх, расійскіх і замежных часопісах. І ўсе яны нязменна прысвечаны праблемам рэўматалогіі: вывучэнню фактараў рызыкі, імуналагічных працэсаў, клінічных праяўленняў, дыягностыцы і спосабам лячэння рэўматычных захворванняў. Шэраг значных даследаванняў выкананы ў галіне пульманалогіі, кардыялогіі, гастраэнтэралогіі і гематалогіі.
   Пад кіраўніцтвам М. Ф. Сарокі абаронены 22 кандыдацкіх і 3 доктарскіх дысертацый. Ён з’яўляецца  аўтарам звыш 500 навуковых работ. Паспяхова выкананы 15 праектаў у рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. У практыку аховы здароўя ўкараніў шэраг новых метадаў дыягностыкі і лячэння. Аўтар тыпавых вучэбных праграм для студэнтаў медыцынскіх універсітэтаў па дысцыплінах “Унутраныя захворванні” і “Клінічная імуналогія, алергалогія”.
   Сарока вядзе вялікую навукова-арганізацыйную работу. На працягу шасці гадоў быў членам прэзідыума ВАК Беларусі. З’яўляецца членам рэдкалегій часопісаў “Здравоохранение”, “Медицинские новости”, “Проблемы здоровья и экологии”, “ARSMedica” (Беларусь), «Научно-практическая ревматология» (Россия), «Украинский ревматологический журнал» (Украина), «Rheumatology» (Польшча), «International Journal of Biomedicine» (США). З 2005 па 2010 гг. – галоўны рэдактар часопіса “Здравоохранение”.
   Аб высокім міжнародным навуковым аўтарытэце прафесара М. Ф. Сарокі сведчыць яго выбранне Ганаровым членам асацыяцыі рэўматолагаў Расіі, Украіны і Польшчы (2009), Ганаровым членам Польскай Акадэміі медыцыны. Сарока з’яўляецца членам Савета па абароне доктарскіх дысертацый, старшынёй Беларускага таварыства тэрапеўтаў. Узнагароджаны медалём Альберта Швейцэра, Акадэміяй медыцынскіх навук Украіны ўзнагароджаны залатым медалём акадэміка М. Д. Стражэскі (2009).
   За значны ўклад у развіццё аховы здароўя Рэспублікі Беларусь неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Савета Міністраў РБ, Міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі. Атрымаў знак “Выдатнік аховы здароўя” (2001) і знак “Выдатнік друку” (2009).
   Прынцып, па якім жыве прафесар Сарока, надзвычай просты: ён добрасумленна робіць сваю справу і марыць аб адным: каб усе, хто яго акружаюць, ставіліся да працы шчыра і без фальшы. 

Літаратура:

1. Сорока Николай Федорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 39.
2. Сорока Николай Федорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т.1, кн. 2. Брестская область. С. 361.
3. Сарока Мікалай Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 184.
4. Мисник, Е. Тайна синдрома Стилла раскрыта : [о научной деятельности профессора, доктора мед. наук Н. Сороки] / Елена Мисник // Рэспубліка. 2015. 20 лютага. С. 10.
5. Багун, В. Жывіце, людзі, доўга : [пра вучонага ў галіне тэрапіі і рэўматалогіі М. Ф. Сароку] / В. Багун // Беларуская думка. 2005. № 4. С. 89-95.
6. Парафянюк, Г. Спадчына прафесара / Георгій Парафянюк // Памяць: Камянецкі раён. Мн., 1997. С. 489-490.
7. Парафянюк, Г. Спадчына Мікалая Сарокі / Георгій Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 1996. 20 красавіка. С. 3.

© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского