
Уладзімір Мацвеевіч Стэльмах (псеўданім В. Уладзіміраў) нарадзіўся 15(28) ліпеня 1910 года ў вёсцы Бушмічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерніі, (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і. У 1915 годзе, пад час першай сусветнай вайны, сям’я падалася ў бежанства ў Сібір. Да 1917 года жылі на станцыі Ішым, затым у вёсцы Далёкае пад Табольскам, дзе Уладзімір пайшоў у школу. Вясной 1919 г. сям’я вярнулася ў Беларусь і заснавалася ў саўгасе “Пятроўшчына” бліз Мінска. Пазней перабраліся ў вёску Зарэчча. Ужо з юных гадоў у Стэльмаха праявілася цікаўнасць да тэатра. А першая прэм’ера – камедыя Я. Купалы “Прымакі”, - адбылася ў саўгасным драмгуртку ў 1925 годзе.
У 1926 годзе, скончыўшы сямігодку, Стэльмах паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, які захапіў не толькі вучобай, але і бурным літаратурным жыццём. У гэты час ён іграў на дзвух самадзейных сцэнах – у тэхнікуме і драмгуртку клуба “Кім”, якім кіраваў В. Галаўчынер. Стэльмах з удзячнасцю ўспамінаў сваіх першых настаўнікаў па акцёрскай справе – М. А. Міцкевіча, педагога па сцэнічнаму руху К. М. Саннікава, педагога па грыму А. К. Ільінскага. У 1928 г. паступіў у студыю БДТ-2 (назва Беларускага тэатра імя Якуба Коласа ў 1926-44). У 1930 г., пасля заканчэння вучобы ў студыі, яго перавялі ў Беларускі дзяржаўны цэнтральны тэатр рабочай моладзі ў Мінску (ТРАМ ).
Далейшы творчы лёс У. Стэльмаха вызначаўся пастаянным творчым пошукам, ростам вопыту і майстэрства. У 1934 г. вучыўся ў Ленінградскім тэатральным інстытуце, дзе кіраўніком спецкурсаў быў вядомы рэжысёр, прафесар У. М. Салаўёў. З 1937 па 1941 гг. працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача імя Н. Крупскай. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Стэльмах знаходзіўся ў Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях пад Смаленскам. У 1942 г. з’яўляўся загадчыкам ваеннага аддзела, прапаганды і агітацыі Рудаўскага райкома ВКП(б) Тамбоўскай вобласці. У 1943 годзе ён адазваны ў распараджэнне ЦК КП(б)Б і прызначаны дырэктарам тэатра БДТ-2, які знаходзіўся тады ва Уральску, пазней у Арэхава-Зуеве Маскоўскай вобласці, а з 1944 г. у Віцебску.
У 1945 г. Стэльмах пераведзены ў Мінск дырэктарам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, з 1947 па 1951 гг. - на пасадзе дырэктара Беларускага тэатра імя Я. Купалы. У 1954 г. завочна закончыў тэатразнаўчы факультэт Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага ў Маскве (ГИТИС). З 1951 па 1955 гг. займаў пасаду начальніка аддзела тэатраў Міністэрства культуры БССР. З 1955 па 1966 гг. Стэльмах з’яўляўся дырэктарам і адным з заснавальнікаў Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Творчы тандэм У. Стэльмаха і Л. Мазалеўскай (гал. рэжысёра тэатра) фактычна стварыў і заклаў лепшыя традыцыі сённяшняга Рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З 1966 па 1971 гг. – намеснік старшыні прэзідыума праўлення Беларускага тэатральнага аб’яднання.
Літаратурнай дзейнасцю У. Стэльмах займаўся з 1930 года. Член Саюза пісьменнікаў БССР. Яго п’есы ставіліся пераважна аматарскімі гурткамі: “Шляхі” з рэжысёрскімі заўвагамі да пастаноўкі М. Міцкевіча (1930), “Крушэнне рэнегатаў” (1931), “Тры крыжыкі”, “Фантан” (1932), “Канец маскарада” (1938, у сааўтарстве з Ю. Рудзько). У. Стэльмах выступаў і як тэатральны крытык: “Народны артыст СССР Г. П. Глебаў” (1954), “Шляхи білоруського театру” (1964), “Кранаючы чуткія струны душы” (1966), “Тэатр і час” (1973). Пераклаў на беларускую мову п’есы “Хітрыкі Скапэна” Ж. Мальера, “На граніцы” В. Белазёрава, “Хлопчык з Гаваны” В. Чычкова, “Бялее ветразь адзінокі” (паводле В. Катаева).
Стэльмах-акцёр найбольш выявіўся ў характарных ролях, у якіх карыстаўся яркімі сакавітымі фарбамі: Петухоў (“Трывога” Ф. Кнорэ), Польдзі (“Працяг будзе” А. Бруштэйн), фельдфебель Мокры (“Музыканцкая каманда” Д. Дэля) у ТРАМе. У Тэатры юнага гледача найбольш значныя ролі: стары марак Пенкраф (“Таямнічы востраў” Ж.Верна), рабочы Розенц (“Гады выпрабавання” К. Раймонд), Пан (“Цудоўная дудка” В. Вольскага), з іншых роляў: Валер (“Тарцюф” Мальера), Косця-капітан (“Арыстакраты” М. Пагодзіна).
За плённую працу У. Стэльмах узнагароджаны дзвума ордэнамі “Знак Пашаны”, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Памёр Уладзімір Мацвеевіч Стэльмах 27 студзеня 1974 года. Пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.