У сучасны момант удзяляецца вялікая ўвага ахове гістарычных помнікаў. Прымаецца рад заканадаўчых актаў, якія рэгламентуюць аднаўленне і рэканструкцыю нацыянальнага здабытку. У гэту агульную справу, акрамя спецыяльных арганізацый і інстанцый, павінен быць уцягнуты кожны.
Наша Камянеччына па праве лічыцца адным з самых прываблівых рэгіёнаў для турыстаў. Тут знаходзіцца праславутая Белавежская пушча, знакамітая Белая вежа і папулярная рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Апрача гэтага наша зямля багатая архітэктурнымі, гістарычнымі і мастацкімі помнікамі. Менавіта іх ахове павінна ўдзяляцца немалаважнае значэнне, каб гэтыя помнікі захавалі сваю першапачатковую веліч і працягвалі заставацца дастойнай гістарычнай каштоўнасцю для нашых нашчадкаў. Комплекс жылых, гаспадарчых і паркавых пабудоў, рамантычныя руіны старадаўніх замкаў, сады і паркі складаюць адзінае архітэктурнае цэлае - сядзібу. Багацце старадаўніх сядзіб, якія раней існавалі і квітнелі на нашай зямлі без слоў адлюстроўваюць багатую гісторыю роднага краю.
Тры з вышэй пералічаных палацава-паркавых ансамбляў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: сядзібна-паркавы комплекс г.Высокае, сядзібна-паркавы ансамбль в.Грымяча, сядзібна-паркавы комплекс в.Капылы, якія складаюць адну з найцікаўнейшых старонак Камянецкага раёна і маюць свай лёс, сваё жыццё.[6]
У 1511 г. кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт I Стары перадаў г. Высокае Яну Храптовічу Літавору, маршалку ВКЛ.
У 1538 г. арандатарам высокаўскіх зямель стаў Лаўрэн Вольскі, пазней гаспадарамі Высокага былі Ёдкавічы, Петкавічы, Хлявіцкія, Войны. У 1647 г. Высокае выкупіў Павел Сапега. Пры ім быў узведзены замак як цэнтр абароны гандлёва-рамеснага насельніцтва Высокага.
Замак з'яўляўся ўзорам бастыённай сістэмы ўмацавання. Ён гарманічна спалучаў прыродныя ўзвышшы, штучнае aбвадненне і сістэму бастыёнаў, якая выглядала асабліва магутна з боку ўезда. Акрамя таго, рака Пульва, падпёртая запрудай, стварала вялікае вадасховішча, якое ператварала замак у непрыступную крэпасць на востраве.
У паўночна-ўсходняй курціне размяшчаўся галоўны ўезд да замка, перад якім быў пракладзены цераз сажалку мост на палях. Ён падводзіў да двухпавярховай уязной прыземістай брамы з трыма двухстворкавымі варотамі.
Мураваная пабудова з магутнымі сценамі была разлічана на вядзенне абстрэлу з усіх падыходаў да замка. Закрываў доступ да варот пад'ёмны механізм, які знаходзіўся перад уязной брамай.
Падыход да іх дастаткова добра фланкіраваўся з двух вуглавых земляных бастыёнаў і курцін, якія змыкаліся з брамай. Знутры курцін меўся падземны ход, праз які ў час аблогі можна было незаўважна пераходзіць з бастыёна ў вежу-браму. Уяздная брама была ў добрым стане прыкладна да 1-й сусветнай вайны. Яе барочны будынак, дэкарыраваны пілястрамі, выразна бачны на акварэлі Напалеона Орды і сведчыць, што і замак таксама мусіў быць выкананы ў стылі барока. [7; С.14 – 15.]
Па перыметры абарончага вала акрамя вышэй пералічаных збудаванняў размяшчалася яшчэ шэсць невялікіх бастыёнаў.
Будаўнікі ўмела выкарысталі правы высокі бераг ракі. Замак з усіх бакоў абкружала вада.
Сам замак быў драўляны і знаходзіўся на вялікай замкавай плошчы, абнесенай валамі. Каля замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы.
Далей Высокае па спадчыне атрымліваюць падскарбі Бенядзікт, сын Паўла Сапегі, а ў 1700 г. яго ўнук Міхаіл. Замак шмат перанёс у час вайны Расіі з Рэчу Паспалітай (1654—1667) і Паўночнай вайны (1700—1721). У пачатку XVIII ст. Міхал Сапега разам з жонкаю Людвікай аднавілі, узмацнілі і абваднілі замак. Вакол замка яны заклалі прыгожы парк. У 1718 г. Міхаіл Сапега перадае маёнтак у арэнду Аўгусту Касцюшку Сяхновіцкаму і яго жонцы Соф'і. Менавіта з гэтага роду выйшаў вядомы кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. Андрэй Тадэвуш Касцюшка.
Сапегі валодалі горадам тры стагоддзя. Мястэчка ў тыя часы не было глушшу. У ХУШ стагоддзі тут мелася свая рачная флатылія і па рацэ Пульве судны хадзілі ў Гданьск і назад. Існаваў фруктовы сад закладзены Сапегамі, ў якім расло 735 дрэў і кустоў вінаграду. У аранжарэях можна было ўбачыць фігавыя, цісавыя, гранатавыя дрэвы, лаўры, кусты іспанскага самшыта, не кажучы аб апельсінах і лімонах. На жаль, нічога не засталося. [12]
У 1748 г. замак ахапіў моцны пажар. 3 гэтай нагоды Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім. Магчыма, замак быў зноў поўнасцю адноўлены. Замак існаваў яшчэ на мяжы XVIII—XIX ст., пасля чаго паступова прыйшоў у заняпад і ператварыўся ў руіны. Затое захаваўся палац, пабудаваны жонкай Паўла Сапегі Пелагеяй Потоцкай і парк, ёю пашыраны...
Пазнейшыя гаспадары Высокага шанавалі гісторыю сапегаўскага замка. У 1815 годзе Пелагея Патоцкая каля старых муроў будуе палац і пашырае парк за межы вала. У палацава-паркавы ансамбль ўвайшлі рэшткі замкавага ўмацавання і ўязной брамы, стварыўшы арыгінальнае спалучэнне з старажытнасцю. Арыгінальная рэзідэнцыя была адбудавана ў стылі класіцызму.
Палацавы комплекс складаўся з трох карпусоў: цэнтральнага рэпрэзентатыўнага палаца і дзвюх бакавых аднапавярховых афіцын.
Асноўны будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай цэнтральнай часткай і аднапавярховымі крыламі. Унутраная планіроўка палаца калідорнага тыпу.
Праз увесь корпус па падоўжанай восі светлавы праходзіць шырокі калідор, да якога з двух бакоў далучаюцца жылыя пакоі.
Пры галоўным уваходзе меўся шырокі вестыбюль, насупраць якога размяшчалася парадная зала з выхадам у парк.
Пры ўездзе ў парк прывабліваюць увагу каваныя вароты з вензелямі. На пілонах раней знахо-дзіліся дэкаратыўныя вазы.
Гіcторыя парку налічвае некалькі стагоддзяў. Фарміраванне яго пачалося разам з будаўніцтвам замка Сапегаў з 1678 г. і працягвалася пры ўзвядзенні рэзідэнцыі Патоцкіх. Замак і стары парк з сажалкай былі абкружаны валамі і рвамі. Новы парк закладзены ў 1-й палове XIX ст. у адпаведнасці з лепшымі традыцыямі пейзажнага стылю. Кампазіцыя парку паступова мянялася. У 1895 г. перапланіроўкай парку займаўся дасведчаны спецыяліст у галіне паркавай архітэктуры Валяр'ян Кроненберг. Пасля чаго парк набыў свой сучасны від: прама ад варот уязная алея, а некалькі правей ад варот выходзіць алея, якая вядзе ў парк. Паступова парк набыў рысы пейзажнага натуралістычнага тыпу.[4; С. 52 – 53].
Да 2-й паловы XIX ст. Высокаўскі ключ заставаўся ва ўласнасці князя Францішка Ксаверыя Сапегі (1807—1882), сына Паўла і Пелагеі. Першы раз ён быў жанаты з Канстанцыяй Сабанскай (1814—1838), а другі — з Людвікай Пац. Ён быў апошнім з роду Сапегаў уласнікам Высока-Літоўска. Пасля 1863 г. вымушаны быў эмігрыраваць за мяжу і больш на радзіму не вярнуўся. Маёнтак па спадчыне перайшоў да яго малалетняй дачкі Марыі (1837), якая была пашлюблена з графам Станіславам Патоцкім.
Апошнімі ўладальнікамі горада былі Потоцкія - Марыя і яе дзеці. Марыя Потоцкая ўнучка Паўла і Пелагеі не ставілася да паненак, якія праводзяць час толькі за чытаннем кніг і прагулкамі па парку. Гаспадарка Марыі Потоцкой спецыялізавалася на вытворчасці элітнага насеннага матэрыялу і дасягнула ў гэтым выдатных вынікаў. Прадукцыя графіні Патоцкай карысталася поспехам на міжнародных выставах. Яна была поўнаўладнай гаспадыняй і ператварыла маёнтак ва ўзорны. Да прыходу савецкай улады гаспадаром маёнтка быў сын Марыі Патоцкай і Станіслава Патоцкага — граф Якуб Патоцкі (1863—1934). [5; C.16]
Пасля прыхода ў верасні 1939 савецкай улады ў Заходнюю Беларусь палац знайшоў новых гаспадароў: у 1939-1941 гадах там знаходзіўся штаб 49-й cтралковай дывізіі Чырвонай Арміі, а ў 1944-1952 гадах штаб пагранічнага атрада. У савецкі час была моцна парушана кампазіцыя ансамбля і вельмі многае было страчана.
Уся тэрыторыя палацава-паркавага ансамбля займае плошчу каля 20 га. На яго тэрыторыі пабудаваны жылыя дамы, гаспадарчыя аб'екты і новы будынак школы-інтэрната. У 1990-я гг. пачалася рэканструкцыя паркавага ландшафту. [10; С. 345 - 354]
Зараз у цэнтральнай частцы парка знаходзіцца паляна (раней гэта быў унутраны дворык замка), цяпер тут стадыён. У парку маецца крыніца. І да гэтага часу тут растуць чорная і веймутава сосны, еўрапейская і даурская лістоўніцы, заходняя туя, каштан, бук, акацыі, клёны, ясені, і дуб пірамідальны, які аб`яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Даўжэзная каштанавая алея і цяпер здзіўляе сваей прыгажосцю, а магутныя, не менш чым двухсотгадовыя дубы, маўклівыя сведкі гісторыі тутэйшых мясцін, уражваюць сваей веліччу.
27 сакавіка 2001 года сядзіба ўключана у Дзяржауны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ у якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці 2 катэгорыі.
У сучасны час вядзецца падрыхтоўка пакета дакументаў для адчужэння палаца, які знаходзіцца ва ўласнасці абласнога упраўлення адукацыі. А на парк, уласнікам якога з`яўляюцца КУМПП ЖКХ “Камецнецкое ЖКХ”, падрыхтаваны праект на кансервацыю. Вядзеца пошук інвестара.
Сядзібна-паркавы ансамбль в.Грымяча.
Размешчана сядзіба ў маляўнічым месцы побач з вёскай Грымяча на пагорку ў выгане ракі Пульва. У палацава-паркавы ансамбль уваходзіць мураваны аднапавярховы палац, тры мураваныя гаспадарчыя пабудовы, пейзажны парк, які захаваўся часткова.
Гісторыя фальварка цесна звязана з Воўчынскім ключом. У пачатку XVII ст. гаспадарамі Воўчынскага маёнтка сталі нашчадкі роду Гасеўскіх. Ад Аляксандра і Евы Гасеўскіх па спадчыне Стары Воўчын і фальварак Грымяча перайшлі да іх сына Крыштофа, пазней да Тэрэзы Гасеўскай. У 1708 г. Тэрэза выйшла замуж за Казіміра Сапегу і перапісала Воўчын разам з фальваркамі Шчытнікі, Грымяча, Люта і Сяхновічы на мужа. Казімір Сапега прадаў Воўчын і Радванічы ў 1710 г. Якубу Генрыху Флемінгу і яго першай жонцы Ізабеле з Сапегаў.
Наступным уладальнікам Воўчына і навакольных фальваркаў стаў князь Казімір Чартарыйскі. Яго дачка Канстанцыя выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага і нарадзіла ў 1732 г. сына Станіслава Аўгуста, якому было наканавана лёсам стаць апошнім каралём Рэчы Паспалітай. Каля 1738 г. ад Станіслава Панятоўскага, а магчыма, ад яго швагра, Воўчынскі маёнтак выкупіў Фрыдэрык Міхаіл Чартарыйскі, які затым па спадчыне перадаў двор у 1812 г. сыну Канстанціну Чартарыйскаму. У 1828 г. Канстанцін прадаў Воўчынскі маёнтак на выплату даўгоў Караліне Пуслоўскай-Нарбут. Ад яе маёнтак перайшоў да Браніслава і Канстанцыі Нарбут-Марашоўскіх і нарэшце Тадэвушу Нарбуту.
У 1862 г. фальварак купіў Юрый Гажыц, а пасля яго Грымяча набыў род Пузынаў, якія пабудавалі тут свой уласны палац. Першым вядомым уладальнікам маёнтка Грымяча быў Юзаф Адольф Марцін Пузына (1846—1914), сын Юзафа, жанаты з Марыяй Шыслай. Пасля іх фальварак Грымяча перайшоў да ўнука Эдварда (1878—1949), жанатага з Аляксандрай Храпавіцкай, які каля 1918 г. прадаў маёнтак Грымяча невядомым пакуль гаспадарам. Перад 1939 г. маёнтак быў канчаткова раздзелены. [7;C. 173 – 174.]
Цэнтрам кампазіцыі сядзібна-паркавага ансамбля з`яўляецца невялікі сядзібны дом, архітэктура якога вырашана ў стылі класіцызму. Ён мае сіметрычную аб`ёмна-прасторавую кампазіцыю, прамаву-гольнай формы з трыма высту-паючымі рызалітамі: цэнтральным і двума бакавымі.
У цэнтральным рызаліце маецца прасторны вестыбюль, за ім зала з выхадам ў парк. У бакавых рызалітах знаходзіліся жылыя пакоі.
Найбольш цікавы элемент інтэр`ера – вінтавыя чыгунныя усходы з маляўнічым дэкорам на другі паверх мансарды. Палац накрываў шырокі чатырохсхільны гладкі дах.
Палац абкружаны невялікім паркам, плошчай каля 5 га, які займае частку схілу з пагорка да р.Пульва. Сіметрычная кампазіцыя будынка адкрэслена двума буйнымі лістоўніцамі еўрапейскімі і сіметрычна размешчанай парай дрэў сасны веймутавай. У выглядзе бакавых куліс прастора фланкіравана купамі дрэў мясцовых парод. [4;С.54 – 55].
Існавалі гаспадарчыя будынкі: сыраварня, лядоўня, бровар, пабу-даваныя пазней сядзібнага дома.
У пасляваенны час да 1990-х гг. на тэрыторыі сядзібы знаходзіўся летні лагер для адпачынку дзяцей. Пасля высялення летняга лагера палац быў значна разрабаваны.
У 1994 г. кінастудыя "Фокус-фільм" сумесна з польскімі і беларускімі кінематаграфістамі выкарыстоўвалі старадаўні двор для здымак кінафільма “Лета любві", знятага па матывах апавядання Івана Буніна "Наталі". Элементы памешчыцкага двара, у тым ліку - зграбная шрубавая лесвіца падкрэслівалі старадаўнюю абстаноўку эпохі, аб якой расказвала кіношная меладрама.[1]
У 1999 г. сядзіба перададзена на баланс раённага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі з мэтай рэстаўрацыі і выкарыстання ў якасці турыстычна-гасцінічнага аб`екта. У 2005 г. сядзіба належала ОАО “Усход – Камянец”, а ў ліпені 2011 г. сядзібна-паркавы ансамбль перададзены з аукцыёна рэзідэнту СЭЗ “Брэст” СП “ВэкскоБел” ООО для узнаўлення і выкарыстання як турыстычны аб`ект.
Сядзібна-паркавы комплекс Капылы.
Вёска, каля якой размешчаны палацава-паркавы ансамбль, мае назву Победа.
Маёнтак Капылы згадваецца ў гістарычных крыніцах з 1-й паловы XVI ст., як уласнасць роду Гарнастаяў . У XVII ст. Капылы перайшлі роду Копцаў. Перад паўстаннем 1863 г. маёнтак набыла Караліна Осцік-Нарбут Пуслоўская, перад 1-й сусветнай вайной гаспадарамі маёнтка сталі прадстаўнікі роду Ротаў .
Апошнім уладальнікам быў Яўгеній Рот (1892-1940), інжынер, паручнік артылерыйскага рэзерву, які разам з братамі быў арыштаваны ў 1939 г. і расстраляны ў 1940 г.
Сядзібна-паркавы комплекс мае дзве часткі: гаспадарчую і паркавую, якія ўключаюць сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, рэшткі парку. [4;С. 55.]
Сядзібны дом пабудаваны, верагодна, пры Ротах і закладзены ў XVIII ст. Ён уяўляе сабой аднапавярховы мураваны будынак, прамавугольнай формы з бакавым двухпавярховым аб'ёмам. Уезд да палаца быў фіксаваны 7 цаглянымі пілонамі з жалезнымі варотамі.
3 гаспадарчых пабудоў у добрым стане знаходзяцца будынкі старой канюшні, амбар. Усе гэтыя збудаванні маюць арыгінальную архітэктуру. Параўнальна вялікі двор з моцнымі гаспадарчымі пабудо-вамі, воднай сістэмай, якасным дрэвастоем запушчаны.
Парк спалучае элементы рэгулярнай планіроўкі з больш пазнейшым пейзажным афармленнем і рысамі ўтылітарнага прызначэння. Цэнтральная трохрадная алея (з каштана конскага і граба) дзеліць сядзібу на гаспадарчую і паркавую зоны.
Вуглавая паўночна-ўсходняя частка парку мае складаны састаў і абсаджана на ўскрайку групай елкі.
Манументальнасць уезду ў сядзібу надаюць адзінкавыя дрэвы таполі канадскай, тры сажалкі, якія ўтвараюць маляўнічае воднае люстэрка, што губляецца зараз у сувязі з зарастаннем вадаёмаў. [10;С.214 – 216.] Перад цэнтральным уваходам у палац знаходзіцца вялікі партэр. За палацам пачынаецца сад. Уздоўж яго ў невялікую паўднёвую частку парку вядзе даволі арыгінальны прагулачны маршрут па шырокай алеі, абсаджанай пераважна каштанам конскім. Дрэвы дасягнулі вельмі вялікіх памераў і ства
раюць над пагоркам сваімі кронамі ажурны шацёр. Прагулачная алея вядзе да высокага пагорка для агляду навакольнага асяроддзя. Парк захаваўся часткова. [7; С. 174 – 175.] У сучасны момант уласнікам сядзібы з'яўляецца ОАО “Белавежскі”.
Спіс літаратуры: