Сярод старых паркаў Беларусі арыгінальнасцю планіровачнага рашэння, маляўнічасцю пейзажу, наяўнасцю рэдкіх экзатычных раслін прыцягвае ўвагу парк горада Высокае, Брэсцкай вобласці. Ён закладзены ў адпаведнасці з традыцыямі пейзажнага стылю, класічныя рысы якога знайшлі шырокае ўвасабленнее на Беларусі ў канцы ХVIII – XIX стагоддзяў.
У 1895 г. перапланіроўкай парку займаўся архітэктар В.Кроненберг. Паступова абагачаючыся рэдкімі дрэвамі, раслінамі, парк набываў рысы пейзажнага натуралістычнага.
Фарміраванню парку спрыяла маляўнічая мясцовасць. Тут пойма невялічкай рэчкі Пульва з крутым выгінам рэчышча, невысокая тэраса і шэраг збудаванняў старога замка Сапегаў. Элементы натуральнага і штучнага паходжання аб’яднаны адзінай кампазіцыйнай задумай.
Пры ўездзе ў парк дзве пары простых пілонаў з дэкаратыўнымі вазамі, кованыя вароты з вензелямі.
Палац з бакавымі флігелямі складае закончаны архітэктурны ансамбль эпохі класіцызму. У яго дэкарыраванні выкарыстаны рэдкія экзоты, прыгожыя кусты.
Асноўнымі планіровачнымі элементамі парку з’яўляецца вялікі вадаём, канал, замкавыя валы. Сярод паркаў Беларусі высокаўскі, бадай, адзін з найбольш маляўнічых. Асноўны прагулачны маршрут – каштанавая алея шырынёй пяць метраў. Яна пачынаецца каля параднага партэра з боку ўезду. Алея агінае з пакатымі схіламі паніжэнне з разрэжаным дрэвастоем з кленаў і грабаў і кіруе па заходняй ускраіне сядзібы. Тут невялікія паляны і групы экзатычных дрэў – хвоя чорная, лістоўніца еўрапейская. Затым алея паварочвае ў глыбіню парку. Дрэвы тут растуць групамі па тры-чатыры. Адсюль адкрываецца від на возера, якое утварылася пры запруджванні ручая.
За мастом, які перакінуты цераз канал, пачынаецца найбольш старая частка парку, у аснове кампазіцыі якой – руіны замка Сапегаў. Тут прагулачны маршрут раздвойваецца – адыходзіць алея даўжыней каля чатырохсот метраў. Яна найбольш захавалася. Гэта самая ціхая частка парку, ў ёй шмат птушак.
Другая частка маршруту вядзе ўздоўж канала ва ўсходнюю частку парку міма замкавага вала. Канал з’яўляецца часткай адзінай воднай сістэмы, якая акружала па перыметру стары замак. Канал, вадаем, крутыя замкавыя валы, мост, старыя дрэвы складаюць найбольш эмацыянальную частку парку. Асабліва прыгожа тут увосень, калі пазалаціцца лістота на дрэвах.
Кампазіцыйным цэнтрам паўднева-усходняй часткі парку з’яўлялася вялікая, полошчай каля аднаго гектара, паляна (цяпер на гэтым месцы стадыён). Яна акружана з трох бакоў валамі, якія пакрыты густымі насаджэннямі.Па краях паляны растуць экзоты. Захаваліся бук, белая акацыя, конскі каштан, адзіныя ў рэспубліцы два дрэвы кладрастысу жоўтага.Перад былым палацам расце дуб чарэшчаты з арыгінальнай кіпарысападобнай формай кроны.
Шмат экзотаў вырошчвалася і у іншых частках парку. Прыцягваюць увагу старыя дрэвы гледычыі звычайнай вышынёй да 22 метраў і конскага каштана, у якога ружовыя суквецці.
Высокаўская сядзіба – каштоўны помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі класіцызму. Па маляўнічасці кампазіцыі з’яўляецца адной з лепшых у Беларусі.
Аб высокаўскім парку чытайце:
Антипов, В.Г. Парки Белорусси / – Мн.: «Ураджай», 1975. – 200 с.: ил.
Несцярчук, Л.М. Замкі, палацы, паркі берасцейшчыны Х – ХХ стагоддзяў гісторыя, стан, перспектывы/ Л.М. Несцярчук. – Мн.: БЕЛТА, 2002. – 336 с.
Памяць: Камянец. р-н. гіст. – дак. хроніка/.
– Мн.: “Ураджай”. – 1997. – 526 с. -
Высокое/[ Сахарчук и др.] – РИА “Вечерний Брест”, 2012. – 144с.
Свод памятников истории и культуры Беларуссии. Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора/ редкол.: С.В.Марцелев (гл.ред.) [и др.] – Мн.: БелСЭ. – 1990 – 424 с.
Высоковский парк: альбом/Высоковская городская детская библиотека; сост.Маринчук Т.С. – Высокое.- 2007.
Федарук, А. Высокаўскі парк //Родная прырода. – 1987. - №1.
Складальнік: бібліятэкар 1 катэгорыі Высокаўскай гарадской дзіцячай бібліятэкі –філіяла 3 “А” Марынчук Т.С.