Чэркас Мікалай Данілавіч (18.04.1963, в. Хвойка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці), вучоны, эколаг. Вучыўся на біялагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1984-1989). Працаваў у Інстытуце заалогіі АН БССР арнітолагам (1988-1992). Кандыдат біялагічных навук (2009). Навуковы супрацоўнік НП “Белавежская пушча” (1992-2009). Спецыяліст па прыродаахоўным пытанням ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (пасля 2009). Удзельнік еўрапейскай канферэнцыі па ахове рэдкіх відаў птушак, адзін з ініцыятараў міжнароднага трансгранічнага праекта DANCEE “Пушча без межаў” (2000), удзельнік міжнароднай экалагічнай канферэнцыі ў Швейцарыі і Аўстрыі, ініцыятар і адзін з арганізатараў выставы “Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы” у Генштабе Мінабароны ў Маскве і ў 1997 у Музеі прыроды “Белавежская пушча”. Аўтар звыш 85 навуковых работ. Выдаў у сааўтарстве фотаальбом “Белавежскае дзіва” (2009), які стаў пераможцам Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі-2009” і атрымаў дыплом і статуэтку “Залаты фаліянт” у намінацыі “Скарбы Радзімы”, навукова-папулярнае выданне “Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы”(у сааўтарстве з І. Пармузінай), у 2010 на 50-м юбілейным конкурсе было прызнана лепшым у Беларусі і ўдастоена дыплома і статуэткі "Залаты фаліянт", сумесна з польскімі калегамі падрыхтаваў і выдаў адзіную турыстычную карту Белавежскай пушчы.