Леанід Ібрагімавіч Друян нарадзіўся 26 ліпеня 1944 года ў г. Камянец Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і партызанскага ўрача Ібрагіма Друяна і яго жонкі Марыі Лявонцьеўны (дзявочае прозвішча Вежнавец), партызанскай медыцынскай сястры.
Яго бацькі з групай былых партызанаў былі адпраўлены ў Камянецкі раён для аднаўлення разбуранай гаспадаркі. Па дарозе вырашана было заначаваць у адной з вёсак, але яшчэ ў дарозе ў Марыі пачаліся роды, якія прыняў сам малады бацька пад абстрэлам і кулямі (ў гэтыя дні ішлі жорсткія баі за вызваленне Камянецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Да 1952 года бацька Леаніда Ібрагім Друян быў галоўным урачом Камянецкай раённай бальніцы.
З 1952 года сям’я пераехала з Камянецкага раёна ў Гомель. Загадам Міністра аховы здароўя БССР бацьку Леаніда накіравалі ў Гомельскі шпіталь для інвалідаў, якім ён кіраваў на працягу 20 гадоў. Яго памятаюць як прафесійнага хірурга, выдатнага кіраўніка.
Па медыцынскай сцежцы пайшоў і Леанід Друян, для якога бацька быў прыкладам бескарыснага служэння абавязку і прафесіі. Сына ён вучыў любіць пацыентаў, усіх без выключэння. Нельга быць лекарам, калі не любіш чалавека. Грошы, званні, слава не мелі для яго значэння, прыярытэтамі былі навука, практыка, выратаванне людзей.
Леанід Друян скончыў школу № 2 у Навабеліцкім раёне г. Гомеля з залатым медалём. Паступіўшы ў Мінскі медінстытут, захапіўся даследчай дзейнасцю пры кафедры тэрапіі, якой кіраваў Георгій Іванавіч Сідарэнка. З часам сфармавалася дакладная перавага - тэрапія. У 1968 г. скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “Лячэбная справа”.
Першым навуковым поспехам Леаніда Ібрагімавіча быў даклад на міжнароднай навуковай студэнцкай канферэнцыі ў Рызе ў 1968 г. аб фонакардыяграфічнай карціне пры мітральным стэнозе.
Пасля служыў ва Узброеных сілах СССР, дзе не пакінуў навуку. Там лейтэнант Друян абагульніў клінічныя назіранні па купіраванні прыступаў параксізмальнай тахікардыі ў палявых умовах. Намаганні афіцэра заўважылі і ўзнагародзілі медалём «За воінскую доблесць», а яго даследаванні апублікавалі ў «Ваенна-медыцынскім часопісе».
Пасля заканчэння аспірантуры ў 1974 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Рэаграфічны метад даследавання ў ацэнцы кравазвароту і дыхання ў хворых вострай пнеўманіяй» і адным з першых у Гомельскай вобласці ўкараніў у практыку рэаграфічны метад даследавання, актыўна прыцягваў лекараў-практыкаў да навуковых даследаванняў.
З 1975 г. працаваў старшым выкладчыкам, а з 1977 па 1990 гг. загадчыкам кафедры медыцынскай падрыхтоўкі і грамадзянскай абароны Гомельскага кааператыўнага інстытута. У той жа самы час працаваў па сумяшчальніцтве лекарам-тэрапеўтам ў шпіталі.
У 1984 г. Вышэйшая атэстацыйная камісія СССР прысвоіла яму вучонае званне дацэнт. У 1986 г. міністр аховы здароўя СССР узнагародзіў значком «Выдатнік аховы здароўя».
У чэрвені 1986 года Леанід Ібрагімавіч прыняў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці.
З 1990 па 2008 гг. Л. Друян працаваў галоўным урачом Гомельскага абласнога шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны. З прыходам Леаніда Ібрагімавіча шпіталь стаў інтэнсіўна развівацца, былі пабудаваны новыя карпусы, адчынены новыя аддзяленні і кабінеты. Распрацавана і ўкаранёна ў практыку новая медыцынская тэхналогія лячэння і рэабілітацыі хворых з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Упершыню сярод беларускіх шпіталяў для інвалідаў Айчыннай вайны Гомельскі шпіталь стаў аказваць кругласутачную медыцынскую дапамогу насельніцтву абласнога цэнтра і сельскім жыхарам Гомельскага раёна пры інсультах. У 2006 годзе шпіталь стаў срэбным прызёрам міжнароднага конкурсу сярод шпіталёў СНД.
Леанід Ібрагімавіч стаяў ля вытокаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, займаўся стварэннем кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб. З 2008-га працуе дацэнтам гэтай кафедры. Прапедэўтыка - яго любімы прадмет. Ахоплівае найшырэйшы спектр хвароб: інфаркты, гастрыты, пнеўманіі.
Сваё першае і апошняе каханне Леанід Друян сустрэў яшчэ ў школе, у пятым класе. З дзяўчынкай Аняй сядзелі за адной партай і так запалі адзін аднаму ў сэрцы, што іх саюз ужо не змаглі разарваць ні час, ні абставіны. Жонка Леаніда - Ганна Іванаўна Друян прысвяціла сябе дзейнасці, цесна звязанай з медыцынай і аховай здароўя, працавала ўрачом-лабарантам і кіраўніком хімічнай лабараторыі Гомельскай абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. Сын Аляксандр (нар. 1974) — урач-рэаніматолаг, арганізатар аховы здароўя. Сын Андрэй (нар. 1968) — эканаміст, бізнесмен, кандыдат эканамічных навук.
У сапраўдны момант Леанід Друян выкладае курс студэнтам з Шры-Ланкі ў рэжыме онлайн, з выкарыстаннем праграм Viber і Zoom на англійскай мове. Ведаць англійскую мову яго абавязвала навуковая дзейнасць. У свой час выступаў з дакладам на 26-м кангрэсе тэрапеўтаў у Японіі, Еўрапейскай тэрапеўтычнай канферэнцыі ў Славакіі, стажыраваўся ў ЗША. Курс навучання прайшоў на кафедры замежных моў медуніверсітэта, у 2019-м здаў экзамены на права выкладання на англійскай мове.
Леанід Друян з’яўляецца аўтарам 50 навуковых і метадычных работ, апублікаваных у беларускіх і замежных выданнях. Выдавецтва «Вышэйшая школа» ў 1992 годзе выпусціла яго кнігу «Кароткі тэрміналагічны слоўнік для медыцынскіх сясцёр», дзе медыцынскія тэрміны ўпершыню выкладзены на беларускай мове.
Леанід Друян актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў дэпутатам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў 24-га склікання, старшынёй Гомельскага аддзялення Беларускай асацыяцыі ўрачоў - арганізатараў аховы здароўя, членам Прэзідыума Гомельскага абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя, членам Вучонага савета Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, членам Прэзідыума абласной ветэранскай арганізацыі.
У 1998 г. Л. І. Друян атрымаў пісьмовую падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 2001 г. Указам Прэзідэнта РБ прысвоена званне “Заслужаны урач Рэспублікі Беларусь”. У 2007 г. узнагароджаны Ордэнам Пашаны, у гэтым жа годзе прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Навабеліцкага раёна г. Гомеля”.
Навуковыя працы
1. Друян, Л. И. Краткий терминологический словарь для медицинских сестер: [около 1100 терминов] / Л. И. Друян. - Минск : Вышэйшая школа, 1992. - 90, [4] с.
2. Друян, Л. И. Реографический метод исследования в оценке кровообращения и дыхания у больных острой пневмонией: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата медицинских наук: специальность 14.00.05 Внутренние болезни / Друян Леонид Ибрагимович. - Минск, 1974. - 17, [1] с.
3. Друян, Л. И. Схема учебной истории болезни в клинике пропедевтики внутренних болезней: учебно-методическое пособие для студентв 3-го курса лечебного, медико-диагностического факультетов и факультета по подготовке специалистов для зарубежных стран, обучающихся по специальностям "Лечебное дело", "Медико-профилактическое дело" и "Медико-диагностическое дело" / Л. И. Друян, Л. В. Романьков. - 3-е изд., стереотипное. - Гомель : ГомГМУ, 2011. - 23 с.
4. Друян, Л. И. Медицинская терминология в пропедевтике внутренних болезней: учебно-методическое пособие для студентов 1—3-х курсов всех факультетов медицинских вузов / Л. И. Друян, А. Л. Калинин. - Гомель : ГомГМУ, 2017. - 214 с.
5. Друян, Л. И. Терминологическое пособие по пропедевтике внутренних болезней: учебно-методическое пособие для студентов 2—3-х курсов всех факультетов медицинских вузов: в 2 ч. / Л. И. Друян, А. Л. Калинин. - Гомель : ГомГМУ, 2016
6. Друян, Л. И. Медицинская терминология в пропедевтике внутренних болезней: учебно-методическое пособие для студентов учреждений высшего образования, обучающихся по специальностям 1-79 01 01 "Лечебное дело", 1-79 01 04 "Медико-диагностическое дело" / Л. И. Друян, А. Л. Калинин. - Гомель : ГомГМУ, 2021. - 203 с.
Аб жыцці і дзейнасці
1. Медицинские династии Беларуси: биографические очерки / [составитель О. В. Салова]. - Минск : Профессиональные издания, 2012. - 119 с.
2. Тягунова, С. Семья, карьера, судьба : [о Л. Друяне] / Светлана Тягунова // Гомельские ведомости . - 2023. — 5 сентября (№ 100). — С. 4.
3. Друян, Леонид Ибрагимович О деле и о себе. Начистоту : [Беседа с заслуженным врачом Республики Беларусь главным врачом областного клинического госпиталя инвалидов Отечественной войны ] / Леонид Друян ; Николай Демчихин // ГОМЕЛЬСКИЕ ВЕДОМОСТИ. - 2006. - 17 июня.-С.3, 4.
4. Друян Леонид Ибрагимович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. — Минск, 2006. — Вып. 3. — С. 120.
5. Леонид Ибрагимович Друян (к 60-летию со дня рождения) // Здравоохранение. — 2004. — № 8. — С. 59.
6. Друян Леонид Ибрагимович // Организаторы здравоохранения Республики Беларусь. — Минск, 2002. — С. 235—236.