Юзэф Эдвард Пузына (псевдо. и крипты: J. P., J. Pożoga, Jan Okwietko, Old Gentleman, Wejdawutas) нарадзіўся 24 верасня 1878 года ў маёнтку Грымяча (цяпер вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці). Уладальнікам маёнтка ў другой палове XIX стагоддзя быў яго бацька, князь Юзэф Адольф Пузына (1846-1914), адзін з прадстаўнікоў старажытнага княжацкага рода Агінец Вялікага княства Літоўскага. Маці яго была Марыя Тэкля Жазефіна (Акветка-Шышла) (1858-1933).
Гісторыя фальварка цесна звязана з Воўчынскім ключом. Першымі ўладальнікамі з XV стагоддзя былі Іллінічы, якія атрымалі Грымяча па дароўным запісе Вялікага князя Літоўскага. У 1612 годзе зямля належала Аляксандру Гасеўскаму, вядомаму дзеячу ў часы Льва Сапегі, ўладальніку вялікага маёнтка ў Воўчыне. У той час сядзіба Грымяча з'яўлялася адным з буйных фальваркаў маёнтка Воўчын. Пасля Гасеўскіх, з 1708 года, уладальнікамі былі Сапегі, затым Флемінгі, Панятоўскія, Чартарыйскія. У 1828 годзе, князь Канстанцін Чартарыйскі, уладальнік Воўчына, прадаў маёнтак Караліне Пуслоўскай. Паводле інвентара за 1844-1847 гг. маёнтак належаў роду Віслоцкіх. Уласнасцю Адольфа Марціна Пузыны ён стаў у 1870 годзе.
Cядзіба Пузыны ўражвала сваім хараством. Палацава-паркавы ансамбль размешчаны ў маляўнічым месцы побач з ракой Пульва. У ансамбль ўваходзіў мураваны аднапавярховы палац другой паловы XIX стагоддзя ў класічным стылі. Захаваліся і фрагменты ледавіка, сыраварні і свірана. Але галоўная славутасць сядзібы – пейзажны парк.
Калі прайсціся па тэрыторыі парка, то можна ўбачыць шмат рэдкіх раслін у тым ліку векавых лістоўніц – унікальных раслін, якія зімой застаюцца без хвоі.
У Грымячы над рэчкай Пульва прайшло дзяцінства Эдварда Пузыны. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Варшаве: закончыў у 1898 годзе гімназію. Яшчэ ў час навучання ў гімназіі Эдвард цікавіўся гісторыяй і пачаў літаратурную дзейнасць. Ён апублікаваў свае першыя вершы ў варшаўскіх часопісах «Tyg Pol Pol» (1898, 1899) «Romance i Powieści» (1900). На пачатак XX ст. прыпадае актыўная літаратурная творчасць пісьменніка. У 1905 годзе апублікаваў шэраг вершаў пад назвай « Агні”.
Для паглыблення сваіх ведаў Эдвард Пузына паехаў у Швейцарыю. Вучыўся ў Фрыбурскім універсітэце, дзе атрымаў вучоную ступень доктара філасофіі.
У Швейцарыі 16 жніўня 1903 г. Эдвард Пузына ажаніўся на Аляксандры Марыі Адэлі Храпавіцкай (1882-1941), якая таксама была гісторыкам, пісьменніцай і паэткай. У іх нарадзіліся сыны Юзэф Уладзімір (1904-1966), Кшыштаф Юзэф (1908-1938) і яго дочкі Марыя Жазефіна (Касаноўская) (1905-1933), Аляксандра Марыя (Заленская) (1917-1966).
Пасля бацькавай смерці ў 1914 годзе Эдвард Пузына стаў уладальнікам Грымячы. У час Першай сусветнай вайны, застаючыся ў Швейцарыі, Эдвард працаваў у Цэнтральным польскім агенцтве ў Лазанне. Пазней працаваў у Польскім Народным Камітэце, арганізаваным у 1917 годзе. Ён быў прыхільнікам дэкларацыі польскіх палітыкаў Лазанны, якія выступалі за аднаўленне дзяржаўнасці Польшчы. Быў выдаўцом і, магчыма, рэдактарам «Przegląd Polski», які выходзіў ва Фрыбурзе два разы на месяц з мая 1916 года (вядомы як: R. 1: 1916 и R. 2: 1917).
Вайна актывізавала творчую дзейнасць пісьменніка. Выходзяць яго патрыятычныя творы: “Паэма сённяшняга дня”, “З пылам брацкая кроў", “Кракаўскае вяселле” і інш. Эдвард Пузына прадоўжыў класічныя традыцыі польскай рамантычнай паэзіі. З сучаснікаў яму асабліва быў блізкім Станіслаў Выспянскі. Да яго “Вызвалення” непасрэдна далучаецца твор нашага земляка “Конрад” (Народная трагедыя ў трох актах).
У 1919 годзе Эдвард Пузына вярнуўся ў Варшаву і працаваў ў Міністэрстве замежных спраў. Кар'ера чыноўніка яго не задавальняла. Пісьменнік пачаў выдаваць напаўафіцыйны часопіс “Меssager Роlоnаіs” (1925), з'яўляючыся яго рэдактарам.
Навуковыя зацікаўленні Эдварда Пузыны звязаны з геральдыкай. Ён быў членам рэдкалегіі “Геральдычнага штомесячніка”, даследаваў паходжанне і палітычную ролю князёў Вялікага княства Літоўскага. Навуковая гіпотэза Эдварда Пузыны выклікала шырокі розгалас сярод вучоных і прынесла яму еўрапейскую вядомасць. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).
У 1922 годзе Эдвард Пузына апублікаваў у Варшаве том сваіх вершаў “Па дарозе”, у які ўвайшлі творы, напісаныя ў 1895 - 1921 гг. У гэтай кнізе асаблівай лірычнасцю, незвычайнай паэтычнасцю вылучаецца цыкл “З літоўскіх струнаў”, у аснове якога ўражанні паэта, звязаныя з Грымячай, яе наваколлем, са звычаямі краю, з блізкімі і дарагімі аўтару людзьмі.
У пачатку 1930-х гг. Эдвард прадаў маёнтак Грымяча з усімі землямі ў 731 дзесяціну польскім перасяленцам-каланістам. Пасля выхаду ў адстаўку ў 1933 годзе пераехаў ў Вялікую Бераставіцу на Гарадзеншчыне і цалкам аддаўся навуковай і літаратурнай дзейнасці: пісаў вершы і прозу, шмат перакладаў, асабліва французскіх аўтараў, а таксама п’есы Г. Ібсена. Ён з’яўляецца аўтарам лірычных і сатырычных вершаў, паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей.
Другая сусветная вайна застала пісьменніка ў Варшаве, дзе ён перажыў нямецкую акупацыю. У 1944 годзе працаваў у Чанстахове кіраўніком аддзела культуры ў гарадскім мясцовым магістраце.
Перажытае ў час акупацыі патрабавала выйсця. Эдвард Пузына ўзяўся за напісанне мемуараў, прысвечаных Марыі Радзевіч (1865-1944), фактычна сваёй зямлячцы, з якой пазнаёміўся ў 1942 годзе ў Варшаве. Кніга "Мае ўспаміны пра Радзевіч" была апошняй у творчай біяграфіі Эдварда Пузыны.
Юзэф Эдвард Пузына памёр 20 студзеня 1949 года ў Чанстахове, там і пахаваны.
***
Вядомы лёс старэйшага сына Эдварда - Юзэфа Уладзіміра Пузыны, капітана ваенна-марскога флоту. Юзэф Уладзімір Марыя Зянон Пузына нарадзіўся 20 снежня 1904 года ва Фрыбурзе ў Швейцарыі. Ён быў старэйшым з чатырох дзяцей Эдварда Пузыны. Ва ўзросце 14 гадоў ён паступіў у кадэцкі корпус. Пасля яго заканчэння ў 1924 годзе ён быў студэнтам школы марскіх афіцэраў у Торуні. У ваенна-марскі флот лейтэнант Пузына прызначаны 10 кастрычніка 1927 года. Пачынаў службу на ORP „Generał Sosnkowski”, які нес ахоўную службу ў Гданьскім заліве. У 1934 г. атрымаў ступень капітана ваенна-марскога флоту.
У кастрычніку 1933 года ён ажаніўся на Марыі Магдалене Зарэмба (1912-1977). У верасні 1934 года ў Варшаве нарадзіўся іх першы сын, які ў адпаведнасці з сямейнай традыцыяй пры хрышчэнні атрымаў імя Уладзімір Юзэф Раман.
У 1938 годзе яго сям'я пераехала ў Францыю. З верасня 1938 года па чэрвень 1939 года ён камандаваў кананеркай ORP « Komendant Piłsudski », якая ўваходзіла ў склад вучэбнага дывізіёна.
З 9 верасня па 2 кастрычніка 1939 года ён прымаў удзел у абароне ваенна-марской базы польскага флоту ў г. Хель супраць нямецкіх войскаў. Пасля акта капітуляцыі ён зрабіў няўдалую спробу збегчы ў Швецыю на борце лодкі «117 Хель.» Разам з іншымі бежанцамі быў спынены ў сярэдзіне Балтыйскага мора і інтэрнаваны. У нямецкім палоне ён прабыў да 30 студзеня 1945 года, першапачаткова ў лагеры для ваеннапалонных Oflag XVIII A Лінц (Lienz) ў Аўстрыі, а пасля ў лагеры для ваеннапалонных II C Woldenberg ў Германіі.
Пасля сыходу немцаў з берагоў Гданьска ў сакавіку 1945 года Юзэф Уладзімір Пузына вярнуўся ў Гдыню. Яго даваенная кватэра засталася непашкоджанай, але цалкам разрабаванай. Пасля некалькіх месяцаў напружанай працы ён адрадзіў жыллё і перавез жонку з сынам. Пакінуўшы сваю жонку і сына ў Гдыні, у сакавіку 1946 года ён пераехаў у Шчэцін, дзе далучыўся да польскай навігацыі на рацэ Одэр і кіраваў аднаўленнем водных шляхоў, разбураных вайной. У жніўні 1946 года ў Шчэцін перавёз жонку і сына Юзэфа. У ліпені 1947 года нарадзіўся другі сын - Уладзімір Юзэф Гвідон Пузына.
У 1953 годзе Уладзімір Эдвард Пузына быў памылкова арыштаваны па падазрэнні ў спробе выкрадання карабля ў Швецыю. На слуханні, якое адбылося ў верасні 1953 г. суд у Шчэціне прысудзіў яго да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. Быў датэрмінова вызвалены з турмы ў маі 1954 года.
У 1956 годзе ён быў пераведзены ў Марскі офіс ў Шчэціне і прызначаны інспектарам у Дэпартамент бяспекі судаходства. У 1957-1962 гг. ён у якасці капітана карабля плаваў у парты Заходняй Афрыкі.
У пачатку 1960-х гадоў цяжка захварэў. Памёр 2 мая 1966 года ў Шчэціне і пахаваны на Цэнтральным могілках.
***
Што тычыцца сучаснага стану маёнтка Грымяча, то лёс яго не завідны. Будынак шматразова зменьваў гаспадара, але ніхто не праводзіў рэстаўрацыйных работ. У 2002 годзе сядзібна-паркавы ансамбль уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. На сённяшні дзень ён знаходзіцца пад аховай дзяржавы і ўзяты на ўлік як унікальны аб’ект архітэктуры і мастацтва.
У 1994 годзе на терыторыі сядзібы рэжысёр Фелікс Фальк праводзіў здымкі кінастужкі «Лета кахання» па апавяданні Івана Буніна «Натали».
У якасці эпілога хацелася б напісаць многа пра тое, у што ператварылася гэтая архітэктурная жамчужына, аб стане маёнтка на сённяшні дзень. На вялікі жаль, ніякія словы не змогуць апісаць тое, што паказваюць гэтыя здымкі.
Літаратура:
1. Пузына Юзаф Эдвард // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т.6, кн.1. С.5