Кузько Карп Каленікавіч (25. 05. 1891, в. Вугляны Камянецкага раёна – жнівень 1941), удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Член КПЗБ з 1926. Батрак, працаваў на лесапільным заводзе. У 1927-32 сакратар Камянецкага падпольнага раённага камітэта КПЗБ. Чатыры разы быў арыштаваны, турэмнае зняволенне адбываў у Брэсце, Пінску, Кобрыне, Баранавічах. У кастрычніку 1937 узначаліў падпольны Камянецкі раённы камітэт КПЗБ з цэнтрам у в. Баяры Рэчыцкага сельсавета. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 старшыня Камянецкага райвыканкама, дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі. З першых дзён акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі актыўна ўдзельнічаў у стварэнні падпольнага райкама партыі. У жніўні 1941 схоплены фашыстамі і расстраляны ў Клепачоўскім лесе. Пахаваны ў брацкай магіле савецкіх і партыйных актывістаў каля в. Клепачы Камянецкага раёна. Яго імем названа вуліца ў г. Каменец, у в. Рэчыца Камянецкага раёна ўстаноўлена мемарыяльная дошка.