Пякарскі Яўген Рыгоравіч нарадзіўся 11чэрвеня 1911г. у в. Турна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З успамінаў яго сястры Ганны Рыгораўны Малыхі ён рос паслухмяным і сціплым. Скончыў сем класаў агульнаадукацыйнай польскай школы.
Яўген Пякарскі рана стаў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. З 1928 года ён належаў да ячэйкі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі ў вёсцы Блювінічы, потым уступіў у члены КПЗБ, быў выбраны членам райкама КПЗБ. Пякарскі вывешваў і захоўваў рэвалюцыйныя транспаранты, праводзіў партыйныя канферэнцыі і сходы на тэрыторыі дзейнасці Чарнаўчыцкага райкама КПЗБ.
У 1931 годзе паліцыя арыштавала актывістаў Чарнаўчыцкага райкама КПЗБ. 21 сакавіка быў арыштаваны і Яўген Пякарскі. Цэлы год вялося следства. Яго часта выклікалі на допыты. Колькі нечывалых пакут ён перанес! Цела юнака паласавалі нагайкамі. Усе самыя страшэнныя здзекі прымяняліся, але дэфензіва не вырвала з вуснаў змагара імёнаў сяброў па падполлі. На шалёным катаванні ён адказваў спяваннем “Інтэрнацыянала”.
Уважліва ўгледзьцеся ў твар гэтага чалавека. (на другім фота). Вочы яго сумныя, пранікнутыя болем за родную старонку. На здымку напісана: дата фатаграфавання – 21 сакавіка 1931 года. Выразна бачны адпячаткі пальцаў левай рукі, а на адваротным баку – правай. Далей значыцца: “Рост – 1 метр 66 сантыметраў, колер валасоў – бландзін, колер вачэй – блакітныя.”
У час арышту Пякарскага жандармы знайшлі схаваныя ім чырвоныя сцягі і напісаныя яго рукой транспаранты. Ён быў пасаджаны разам з другімі аднадумцамі ў Брэсцкую турму.
Справу Я. Р. Пякарскага Брэсцкі іншагародні аддзел Пінскага акруговага суда разглядаў 10 сакавіка 1932 года. На яго пасяджэнні Пякарскі паведаміў свае анкетныя даныя: “Сын Рыгора і Соф’і, па нацыянальнасці – паляк, 19 гадоў, селянін, асабістай маёмасці не маю, бо зямлёй валодаюць бацькі, закончыў сем класаў агульнаадукацыйнай польскай школы, каталіцтва не прызнаю і не належу ні да якой рэлігіі”.
У акце абвінавачвання ад 25 студзеня 1932 года Пякарскаму ставілася ў віну ўдзел з 1928 года ў рэвалюцыйнай дзейнасці і прыналежнасць да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. І таму ён быў асуджаны на чатыры гады цяжкага турэмнага зняволення.
5 верасня 1932 года Пякарскі быў пераведзены з Брэсцкай турмы ў Седлецкую, а 10 чэрвеня 1933 года з Седлецкай ў Беластоцкую турму. Выйшаў на свабоду 2 жніўня 1935 года і яшчэ з большай актыўнасцю стаў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю.
У 1939 годзе ўдзельнічаў у ваеннай аперацыі ў радах Чырвонай Арміі супраць Польшчы. Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР землякі выбралі Пякарскага дэпутатам Народнага Сходу Заходняй Беларусі, старшынёй Турнянскага валаснога камітэта.
Нішто так не пераконвае ў праўдзівасці гісторыі, як дакументальны матэрыял. Гісторыя захавала шмат яркіх старонак з жыцця і дзейнасці Я. Пякарскага. Надзвычай багатая яго біяграфія друкавалася на старонках раённай газеты “Ленінец” за 1978-1979 гг. А вось на старонках абласной газеты “Зара” 1 студзеня 1940 года надрукаваны артыкул самога Яўгена Пякарскага “Незабыўны год”, дзе ён пісаў: “…Сяляне ўзяліся за навуку, за будаўніцтва. У воласці працуе дзесяць вячэрніх школ для дарослых, у якіх яны ліквідуюць сваю непісьменнасць і малапісьменнасць. Амаль ва ўсіх вёсках адкрыты чырвоныя куткі, куды сяляне збіраюцца чытаць газеты, часопісы. У вёсках Чарнаўчыцы, Турна, Хмялёва, Дзяменічы адкрыты клубы. Нядаўна пачала працаваць бальніца. У 1940 г. мы мяркуем пабудаваць у васьмі весках сельскія магазіны, у трох – новыя школы.”
Перад вайной Яўген Пякарскі працаваў старшынёй выканкома Прускаўскага сельскага Савета дэпутатаў працоўных.
З першых дзён акупацыі раёна гітлераўскімі захопнікамі ўстанавіў сувязь з камуністамі, вёў падпольную работу, з’яўляўся членам Відамлянскай антыфашысцкай арганізацыі. Ён падтрымліваў сувязь з партызанамі, збіраў зброю, распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Савінфармбюро.
Летам 1942 г. пры выкананні баявога задання схоплены карнікамі і пасля жорсткіх катаванняў расстраляны ў Прускаўскім лесе 3 верасня 1942 года. Імем Пякарскага названа вуліца ў г. Каменец, у в. Турна адкрыты прысвечаны яму музей. Вучні Турнянскай школы пасадзілі 31 бярозку і назвалі алею яго імем. Роўна столькі гадоў пражыў Яўген Рыгоравіч Пякарскі.
У памяць аб патрыётах-падпольшчыках Пякарскім Я. і Кузько К. (в. Вугляны) была напісана “Песня аб Пякарскім і Кузько”. Аўтары яе - былы партызан Уладзімір Іванавіч Яфімовіч і былая работніца раённай бальніцы Ларыса Скаскевіч. Вальс прызначаўся для выканання ў час рэгістрацыі шлюбу.
Ва ўрочышы «Прускаўскі лес», што за 2 км ад Камянца, на магіле расстраляных воінаў, актывістаў і мірных жыхароў у 1959 г. быў устаноўлены абеліск. У маі 1984 г. на гэтым месцы адбылося адкрыццё новага помніка – скульптуры воіна на фоне разгорнутага флага. Аўтарам кампазіцыі з’яўляецца беларускі скульптар Аляксандр Іванавіч Лышчык, ураджэнец Камянца.