Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
ПЦПИ

   Марцін Матушэвіч нарадзіўся 11 лістапада 1714 г. ў в. Ельня Берасцейскага павета (цяпер в. Радасць Камянецкага раёна) у сям’і шляхціча. Свой род Матушэвічы вялі ад Гедройцаў, як малодшая лінія старога княжага роду герба Лебедзь, але збяднелі і сталі мелкай шляхтай. Бацька Марціна Юзэф Матушэвіч вярнуў свайму роду дастойнае становішча, выкупіў маёнтак Расна, пабудаваў у 1744 г. кальвінскі збор (сабор), у 1749 г. - манастыр і пачаў будаўніцтва касцёла св. Ганны (закончылі будаўніцтва Грабоўскія). У Расне  правёў сваё дзяцінства Марцін Матушэвіч. 
   Вучыўся Марцін ў парафіяльнай школе ў Камянцы, потым у езуітаў у Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1738 г. Марцін Матушэвіч займаў пасаду Берасцейскага гродскага пісара, з 1740 г. быў брэсцка-літоўскім падстольнікам. У час бескаралеўя 1733 -1736 гг. далучыўся да канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага. У пачатку 1740-х г. разарваў з Сапегамі і ўсталяваў кантакты з падканцлерам ВКЛ М. Чартарыйскім. З пераходам Чартарыйскіх у апазіцыю да каралеўскага двара у 1750-1752 гг. Матушэвіч далучыўся да дворскіх саюзнікаў у ВКЛ Радзівілаў. Адначасова пачалася яго судовая справа з Чартарыйскімі, якіх ён абвінаваціў у распусканні плётак пра яго нібыта нешляхецкае паходжанне. Гэтая судовая справа стала адной з асноўных у палітычнай барацьбе паміж Радзівіламі і Чартарыйскімі.
   Матушэвіч неаднаразова выбіраўся паслом сойма Рэчы Паспалітай, на якім быў абраны каралём Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1752 г. Матушэвіч займаў пасаду брэсцкага стольніка, з 1765 г.  – земскага суддзі. У 1763 – 1764 гг. быў галоўным дарадчыкам Караля Радзівіла.
   У 1754 г. памёр бацька Матушэвіча, пакінуўшы Марціну ў спадчыну Расну, Войнаўку, Рагачы, Чамяры. Матушэвіч з сям’ёй пераехаў ў Расну. Тут нарадзіўся яго сын Тадэвуш – Фаддзей (1765 – 1819, польскі дзяржаўны дзеяч, міністр фінансаў  Рэчы Паспалітай), які па сведчанні Адама Мальдзіса, таксама меў літаратурны талент і вядомы як паэт, перакладчык, публіцыст. У 1765 г. М. Матушэвіч пабудаваў у Расне драўляную уніяцкую царкву св. Архангела Міхаіла ( разбурана да аснавання ў 1964 г.), актыўна займаўся літаратурнай і грамадскай дзейнасцю.
   У 1767 г. Матушэвіч набыў вядомасць як деяч Радамскай канфедэрацыі, быў яе генеральным сакратаром, напісаў некаторыя акты гэтай канфедэрацыі, за што рашэннем сойма у 1768 г. адзначаны вялікай грашовай прэміяй “За заслугі”. У гэтым жа годзе атрымаў пасаду брэсцка-літоўскага кашталяна і стаў сенатарам Рэчы Паспалітай. Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, але ўдзелу ў ёй не прымаў.
   Літаратурная спадчына М. Матушэвіча складаецца з мемуараў, перакладаў, вершаў на польскай і лацінскай мовах. Ён вядомы як аўтар мемуараў “Мемуары кашталяна брэсцка-літоўскага”, выдадзеных у Варшаве (Т.1 – 4, 1876) А. Павінскім з грунтоўным уступным артыкулам “Пра жыццё і творы Марціна Матушэвіча”. Часопіс “Спадчына” (1996, №5 і 1997, №1,2) апублікаваў іх у перакладзе В. Арэжкі пад назвай “Дыярыуш майго жыцця”. У мемуарных творах Матушэвіч шчыра і бясстрастна адлюстраваў многія праблемы Рэчы Паспалітай, палітычныя, прававыя і этычныя погляды розных пластоў грамадства. 
   У 1752 - 1760 гг. пераклаў на польскую мову “Сатыры” Гарацыя (выдадзены ў 1784 г., Вільня), да якіх далучыў тры свае вершаваныя “Дадаткі”, у якіх выразна праявіўся антымагнацкі настрой.
   Памёр Марцін Матушэвіч 21 лістапада 1773 года.
   Многія гісторыкі выкарыстоўвалі творы М. Матушэвіча для вывучэння гісторыі, звычаяў насельніцтва, псіхалогіі і побыту розных слаёў грамадства ў тагачаснай Рэчы Паспалітай.

Літаратура:
1. Матушэвіч Марцін // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск : БелЭн, 2007. Т. 2. С. 280-281.
2. Матушевич Мартин // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск : БелЭн, 2009. Т.1, кн. 2. С. 81.
3. Матушэвіч Марцін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал. Г. П. Пашкоў і інш. Мінск : БелЭн, 2000. Т. 10. С. 208.
4. Матушэвіч Марцін  // Асветнікі зямлі беларускай : энцыкл. даведнік / рэдкал. Г. П. Пашкоў і інш. Мінск : БелЭн, 2001. С. 287-289.
5. Марцін Матушэвіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 286-289.
6. Мальдзіс, А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя : нарысы быту і звычаяў / Адам Мальдзіс. Мн.: Маст. літ., 1982. 256 с.
7. Карлюкевіч, А. “…Дзе і раку завуць Лясною” : [звесткі пра М. Матушэвіча] / Алесь Карлюкевіч // Карлюкевіч, А. Радзімазнаўства. Мясціны. Асобы / А. Карлюкевіч. Мінск, 2010. С. 78-79.
8. Матушевич Марцин (1714 – 1773) : биография // ПомниПро : электронный мемориал [Электронный ресурс]. 2011-2014. Режим поиска : http : // pomnipro. ru / memorypage 71140 / biography. Дата доступа : 16.10.2014 г.
9. Матушэвіч, Марцін. Дыярыуш жыцця майго… : урыўкі / Марцін Матушэвіч ; пер. В. Арэшкі // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка / уклад. З. Дудзюк. Мінск, 2005. С. 15-18.



© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского