Корвін-Гансеўскі Вінцэнт (Гансеўскі) нарадзіўся каля 1620 г. у Воўчыне Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх герба «Слепаўрон». Сын Аляксандра, ваяводы смаленскага і Евы Пацаў. Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркоўскага і пуньскага, брата Крыштафа на пасадзе старасты веліжскага. Стараста ашмянскі, лаздзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў.
Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене.Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну ў 1646 г., Вінцэнт Корвін-Гасеўскі атрымаў ад караля Уладзіміра Вазы пасаду стольніка вялікага літоўскага. У 1648 падпісваў элекцыю Яну Казіміру, якога падтрымліваў яшчэ да абрання на прастол.
У час антыфеадальнай вайны 1648–1651 гг. служыў у войску пад камандай Януша Радзівіла, які вёў барацьбу з казакамі. Камандаваў кавалерыйскім палком, удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, Бабруйска, у бітве пад Лоевам ў 1649 г. У 1651 г. у якасці генерала артылерыі ўдзельнічаў у бітве пад Чарнобылем, дзе разбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча.
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Вінцэнт Корвін-Гасеўскі вёў ваенныя дзеянні супраць рускіх войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655 гг., падчас якіх канфліктаваў з вялікім гетманам Янушам Радзівілам.
У 1654 г. атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага ад Януша Радзівіла, якога папярэдне прызначылі гетманам вялікім літоўскім. Гэтым прызначэннем кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір хацеў абмежаваць уплыў Януша Радзівіла ў войску, прызначыўшы на пасаду яго даўняга непрыяцеля. Калі Януш Радзівіл перайшоў на бок шведаў, захаваў вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру.
Падпісаў у Кейданах шведска-літоўскую унію. Аднак неўзабаве стаў прыхільнікам прымірэння Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швецыі. Выступіў за захаванне уніі ВКЛ з Каралеўствам Польскім.
У выніку канфлікту з Янушам Радзівілам В. Корвін-Гасеўскага арыштавалі і, як палоннага, перавезлі да Караляўца (зараз Калініград). У няволі здолеў атрымаць ад Карла X Густава пісьмовае пацверджанне намеру нападу на Маскоўскую дзяржаву, якое было перададзена маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу.
Вясной 1656 г. В. Корвін-Гасеўскі ўцек з няволі ў Літву, дзе за ўласны кошт сабраў некалькі харугваў. У змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы, удзельнічаў у няўдалай бітве пад Варшавай, пасля якой шведы занялі сталіцу Каралеўства Польскага. Па загаду Яна Казіміра В. Корвін-Гасеўскі са сваімі харугвамі накіраваўся ва Усходнюю Прусію і ВКЛ. Меў канфлікт з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам. 8 кастрычніка 1656 г. разбіў брадэнбургскае і шведскае войска пад Просткамі (Вармінска-Мазурскае ваяводства). Узяў у палон князя Багуслава Радзівіла. Тую бітву апісаў Генрых Сянкевіч у гістарычным рамане «Патоп» (1886).
Наступная бітва пад Філіпапвам (22 кастрычніка 1656) скончылася перамогай войскаў фельдмаршала Густава Антона Стэнбака. У час хаосу бітвы Багуславу Радзівілу пашчасціла ўцячы. У 1658 змагаўся са шведамі на Інфлянтах і Жамойці.
У 1658 г. у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон і больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве. Умовы яго ўтрымання не былі цяжкімі. Ён працаваў з літаратурай, рабіў пераклады з французскай мовы, пісаў. У красавіку 1662 г. В. Корвін-Гасеўскага выменялі на пяць маскоўскіх ваяводаў.
Далей служыў у Кейданах, стаўшы на баку караля Яна ІІ Казіміра ў яго супрацьстаянні з бунтуючай шляхтай. Падтрымліваў ідэю моцнай і цэнтралізаванай каралеўскай улады. У лістападзе 1662 г. В. Корвін-Гасеўскага накіравалі ў Вільню для размовы з узбунтаваным літоўскім войскам. Там быў арыштаваны апазіцыйнымі каралю літоўскімі канфедэратамі і пад Астрыном Лідскага павета 29 лістапада 1662 г. салдаты злачынна забілі Вінцэнта Корвін-Гасеўскага.
У шлюбе з Магдаленай Канапацкай меў сына і 2 дачок:
Багуслаў — біскуп-суфраган беларускі, біскуп смаленскі (не пакінуў нашчадкаў).
Тэрэза — выйшла замуж за: 1. Юзаф Багуслаў Слушка, гетман польны літоўскі, кашталян віленскі, 2.Казімір Ян Сапега, ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі; абодва шлюбы былі бяздзетнымі.
Соф’я — выйшла замуж за Аляксандра Прыемскага, падстолія кароннага
Па смерці В. Корвін-Гасеўскага ўдава выйшла замуж за князя Януша Караля Чартарыйскага, падкаморыя кракаўскага.
Забойства польнага гетмана было з’явай раней не чувалаю. Яно адштурхнула ад канфедэратаў сімпатыі грамадства. Пазней ініцыятараў забойства ўдалося арыштаваць. Пахавалі Вінцэнта Корвін-Гасеўскага ў віленскім касцёле Святога Казіміра. У другой палове 1860-х гг. пры перабудове касцёла пад праваслаўную царкву надмагільны помнік з белага мармуру ў выглядзе фігуры рыцара быў знішчаны.
Літаратура: