Віктар Гельтман нарадзіўся 23 снежня 1796 года ў в. Вярховічы Брэсцкага павета Слонімскай губерніі (цяпер Камянецкі раён), дзе яго бацька служыў адміністратарам маёнтка графа Аляксандра Хадкевіча. Граф не толькі фінансава дапамог Віктару скончыць Свіслацкую гімназію, але і ўзяў да сябе на працу бібліятэкарам і захавальнікам мінералагічнага і нумізматычнага кабінетаў.
У 1817 годзе Гельтман заснаваў таемнае таварыства сярод варшаўскай моладзі, мэтай якога была барацьба супраць дэспатызму. У 1819 г. ён уступіў у рэвалюцыйную студэнцкую арганізацыю “Саюз вольных палякаў” і стаў рэдактарам яго друкаванага органа “Dekade Polska” (“Польская дэкада”), на матэрыялах якога выхоўвалася польская моладзь. Віктар быў адным з ініцыятараў стварэння ў Свіслацкай гімназіі Гродзенскай губерніі тайнага грамадства.
У 1823 г. Гельтмана арыштавалі ў Варшаве за рэвалюцыйную дзейнасць і ў пакаранне адправілі служыць радавым у Шарашова ў 1-ю артылерыйскую брыгаду Асобнага Літоўскага корпуса. У 1827 г. ён даслужыўся да афіцэра і стаў кіраўніком ваеннай школы для непісьменных салдат.
У 1830-31 гг. Гельтман удзельнічаў у паўстанні ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Пасля разгрому паўстання эміграваў у Францыю, дзе стаў членам рэвалюцыйнай арганізацыі Польскае Дэмакратычнае Таварыства. У 1834 г. яго арыштавалі ў Тулузе за кантакты з карбанарыямі. З 1836 г. Гельтман стаў галоўным ідэолагам Дэмакратычнага Таварыства.
Віктар Гельтман прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кракаўскага паўстання 1846 г., у рэвалюцыйных падзеях у Галіцыі ў 1848 г.
У час рэвалюцыі 1848-49 гг. у Германіі В. Гельтман быў кіраўніком абароны Дрэздэна, вёў перамовы аб стварэнні там польскага легіёна. У чэрвені 1849 г. ён змагаўся ў шэрагах польскага легіёна ў Франкфурце-на Майне.
Пасля паражэння рэвалюцыі Гельтман адышоў ад палітыкі, працаваў чарцёжнікам. Працягваў займацца публіцыстычнай дзейнасцю. Ён аўтар Маніфеста Польскага Дэмакратычнага Таварыства, кнігі “Божае слова для польскага народа” (1846, сумесна з Л. Зянкевічам), шматлікіх артыкулаў. Віктар Гельтман лічыў за неабходнае аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феадальна-прыгонніцкіх адносін рэвалюцыйным шляхам.
У 1858 г. Гельтман пасяліўся ў Брусэлі, дзе у 1874 г. памёр.