Удзельніца рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі Праскоўя Фёдараўна Дзмітрук нарадзілася 15 кастрычніка 1899 года ў вёсцы Лескі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Сям’я была беднай, а пасля смерці бацькі Праскоўя стала адзінай апорай для маці. Тыя жыццёвыя выпрабаванні зрабілі яе дарослай не па гадах. Падлеткам, з 14 год, пачала яна зарабляць свой хлеб.
У гады Першай сусветнай вайны 1914 года пасля эвакуацыі апынулася ў Расіі, дзе працавала на тарфяных распрацоўках у Арэхава-Зуеве. У 1916 г. уладкавалася ў Маскве на тэкстыльную фабрыку “Аўгуст Шрэйдэр”, якая належала замежным капіталістам.
Удзельнічала ў забастоўках і дэманстрацыях супраць вайны і царскага ўрада. У нялёгкіх жыццёвых варунках гартаваўся характар дзяўчыны, складваўся яе вольналюбівы светапогляд. Потым быў доўгі шлях у перапоўненых эшалонах на радзіму, куды вярнулася ў 1920 годзе. З 1923 г. пачала падпольную рэвалюцыйную дзейнасць у Заходняй Беларусі, мела партыйныя псеўданімы “Маруся”, “Надзя”, “Вера”, “Галубок” і інш. Уплыў на рэвалюцыйную дзейнасць Праскоўі аказала Вера Харужая. Дзмітрук успамінала: “Упершыню я сустрэла Веру ў 1924 годзе і з тых пор яна засталася для мяне пуцяводнай зоркай на ўсё жыццё”.
Дзмітрук стварала партыйныя ячэйкі, перавозіла інструкцыі ЦК КПЗБ і нелегальную літаратуру, арганізоўвала на фабрыках і заводах прафсаюзы, кіравала выступленнямі рабочых за паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне зарплаты, дапамагала сялянам адстойваць іх правы ад замахаў памешчыкаў. За гады першай сусветнай вайны многія вёскі былі спаленыя, людзі туліліся ў хлявах і развалюхах. Расла незадаволенасць, шырылася барацьба. У 1924 годзе ўступіла ў партыю.
У 1925 – 1926 гг. вучылася ў школе партыйных работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску, а ў 1929 – 1931 гг. – у Камуністычным універсітэце нацыянальных меншынстваў Захада. У 1928 г. П. Дзмітрук выбрана дэлегатам I з’езда КПЗБ ад Пінскай акруговай партыйнай арганізацыі, а ў 1932 г. – дэлегатам VI з’езда КП Польшчы. У 1928 -1933 гг. П. Дзмітрук працавала сакратаром Гродзенскага акружкома КПЗБ, потым у Беластоцкім, Баранавіцкім, Пінскім, Брэсцкім, Віленскім, Кракаўскім акружкомах КПЗБ. Выконваючы заданні ЦК КПЗБ, больш 20 разоў пераходзіла савецка-польскую мяжу.
У партыі яе называлі “няўлоўнай”, але летам 1933 г. пры пераходзе мяжы была арыштавана польскай паліцыяй. Атрымала прысуд – дзесяць гадоў турэмнага зняволення. У турме г. Маладзечна перанесла нечуваныя здзекі дэфензівы. І ў турме рэвалюцыянерка не спыняла барацьбы. Ад яе на волю ішлі пісьмы, тэксты лістовак. Яны клікалі рабочых і сялян яшчэ настойлівей змагацца за свае правы.
З турмы выйшла ў 1939 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Куды падацца, ваганняў не было: толькі на радзіму. Тут была выбрана дэпутатам Народнага сходу і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўзначальвала аддзел сацыяльнага запеспячэння райвыканкома. У 1941 – 1944 гг. жыла ў Наварасійску, Ташкенце і Гомелі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярнулася ў Камянецкі раён. Да 1955 года (да выхада на пенсію) займала пасаду начальніка аддзела сацыяльнага забеспячэння.
Памерла П. Ф. Дзмітрук 22 снежня 1978 года. Пахавана ў Камянцы, на магіле ўстаноўлена стэла. У Камянцы, на вуліцы Піўненкі, захаваўся дом, дзе жыла Праскоўя Дзмітрук.
Усе жыцце славутай рэвалюцыянеркі было аддадзена служэнню народу, барацьбе за лепшую будучыню. Імем слаўнай зямлячкі названа адна з вуліц г. Камянца.
Літаратура:
1. Дзмітрук П. Ф. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 232.
2. Дмитрук Прасковья Фёдоровна // Их именами названы : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 190-191.
3. Уладзіміраў, У. Шлях прафесіянальнай рэвалюцыянеркі : [пра П. Ф. Дзмітрук] / У. Уладзіміраў // Памяць : Камянецкі раён. Мінск, 1997. С. 171-172.
4. Литвинович, Е. Точка возврата : [о революционной деятельности П. Дмитрук] / Е. Литвинович // Заря. 2009. 3 ноября. С. 3.
5. Дзякава, Н. Незабыўнае імя : [пра лёс П. Ф. Дзмітрук] / Н. Дзякава // Навіны Камянеччыны. 2009. 5 верасня.
6. Яфімовіч, У. Наша славутая зямлячка : [П. Ф. Дзмітрук] / У. Яфімовіч // Навіны Камянеччыны. 1999. 13 кастрычніка. С. 3.
7. Калатухін, У. Змагарка за свабоду : [аб удзельніцы рэвалюцыйнага руху П. Ф. Дзмітрук] / У. Калатухін // Ленінец. 1989. 16 верасня.
8. Цігельніцкая, Ф. А. Як звалі Надзя : [аб рэвалюцыйнай дзейнасці П. Дзмітрук] / Ф. Цігельніцкая // Ленінец. 1978. 16-26 снежня.
9. Ласкович, В. Неуловимая : [о члене КПЗБ П. Дмитрук] / В. Ласкович // Советская Белоруссия. 1977. 20 ноября.
10. Ласкович, В. У стен Кремля свой путь определила : [о П. Дмитрук] / В. Ласкович // Заря. 1977. 27 сентября.
11. Давидович, М. В революционном подполье Западной Белоруссии : [о П. Ф. Дмитрук] / М. Давидович // В борьбе и труде. Мн., 1970. С. 157-161.