Белявец Ганна Андрыянаўна - звеннявая па вырошчванні кукурузы калгаса "Кастрычнік" Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Беларускай ССР, Герой Сацыялістычнай Працы.
Нарадзілася 20 ліпеня 1920 года ў вёсцы Баранкі Камянец-Літоўскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні, цяпер у складзе Відамлянскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. З сялянскай сям'і.
У 1921-1939 гадах вёска Баранкі ўваходзіла ў склад Брэсцкага павета Палескага ваяводства Польшчы. Ведучы небагатую аднаасобніцкую гаспадарку, бацькі Ганны маглі разлічваць толькі на свае сілы. Таму ўсе дзеці ў сям'і з маленства працавалі не пакладаючы рук, па меры сіл і магчымасцяў дапамагалі дарослым. Спачатку дзяўчынка, якая атрымала толькі пачатковую адукацыю ў мясцовай польскамоўнай школе, завіхалася па дому, пасвіла жыўнасць, а калі падрасла - стала працаваць нароўні са старэйшымі, навучыўшыся жаць, касіць і за плугам хадзіць.
Ганна рана выйшла замуж, абзавялася сям'ёй. Разам з мужам Сяргеем Дзмітрыевічам Беляўцом пабудавалі дом, абзавяліся ўласнай гаспадаркай. У верасні 1939 года адбылося ўз'яднанне заходніх зямель Беларусі з Беларускай ССР. У студзені наступнага года вёска Баранкі ўвайшла ў склад Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, а яшчэ праз дзевяць месяцаў - у склад новаўтворанага сельсавета, цэнтрам якога стала суседняя вёска Відамля. Неўзабаве А. А. Белевец была абрана сакратаром Відамлянскага сельсавета, працавала добрасумленна, добра спраўлялася з абавязкамі.
Нават з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, у мітусні і блытаніне першых яе дзён, Ганна Андрыянаўна праявіла мужнасць і вытрымку. Вось як пра гэта расказвала пазней яна сама: «Немцы ўжо на краі вёскі былі, а я ўсё яшчэ паліла ў печы сельсавецкія паперы». Ужо на другі дзень вайны перадавыя войскі вермахта занялі вёску. У перыяд акупацыі Беляўцы працягвалі працаваць у сваёй гаспадарцы, падымаючы на ногі дзяцей, разам з аднавяскоўцамі ўстойліва пераносячы ўсе нягоды ваеннага часу. Пасля вызвалення раёна у ліпені 1944 года пайшлі на фронт муж Ганны Андрыянаўны і яе старэйшы брат, які загінуў у першых баях пад Варшавай. А Сяргей Дзмітрыевіч вярнуўся з вайны інвалідам.
Па заканчэнні вайны Ганна Андрыянаўна з мужам вялі аднаасобніцтва яшчэ чатыры гады. Да 1950 года ў раёне шырокім фронтам разгарнулася калектывізацыя. У верасні 1949 года ў Баранках быў заснаваны калгас імя Суворава, куды ўступілі Беляўцы. Але неўзабаве на долю іх сям'і выпала новае выпрабаванне. У сілу трагічных абставінаў вёска некалькі разоў выгарала амаль дашчэнту. Аднойчы падчас навальніцы згарэлі хата і ўсе надворныя пабудовы ў гаспадарцы Беляўцоў. Давялося ім пераехаць на жыхарства ў цэнтр сельсавета вёску Відамля.
У Відамлі якраз ішло станаўленне і фарміраванне сельскагаспадарчай арцелі (калгаса) пад назвай "Кастрычнік", куды перасяленцы ўступілі ўсёй сям'ёй. Да канца 1950 года калгас адужаў і аб'яднаў ўсе дробныя гаспадаркі ў акрузе. Сяргей Дзмітрыевіч узначаліў у калгасе паляводчую брыгаду, а Ганна Андрыянаўна была прызначана звеннявой па тэхнічных культурах. Спачатку яе звяно вырошчвала лён і каноплі.
Пасля вайны на беларускія палі прыйшла такая экзатычная расліна, як кок-сагыз, у млечным соку каранёў і падземных сцебляў якога змяшчаецца прыкметная колькасць каўчука. Ва ўмовах, калі краіна толькі пачынала вяртанне да мірнага жыцця і востра мела патрэбу ў сыравіне, а прамысловасць не асвоіла выпуск сінтэтычнага каўчуку, кок-сагыз стаў адным з трох натуральных каўчуканосаў, уведзеных у культуру. Гэта расліна, у дзікім выглядзе расце ў межгорных далінах Усходняга Цянь-Шаня, даволі добра прыжылася на мясцовых малаўрадлівых глебах, асабліва на тарфяніках, і такім чынам атрымала распаўсюджванне ў многіх гаспадарках на поўдні Беларусі.
Тады уся праца ў паляводстве выконвалася ўручную, таму Ганне Андрыянаўне ўласным прыкладам самаадданай працы даводзілася весці за сабой падначаленых, каб павысіць ураджайнасць на сваім участку. Асабліва працаёмкім было вырошчванне канопляў. Перш чым атрымаць ад яе кудзелістую мяккую пяньку, сцеблы трэба замачыць у спецыяльнай яме-мачыльні тыдні на два, а потым высушыць ды расцерці. І ўсё гэта паляводы рабілі кожная ва ўласным доме, сушылі на ўласнай рускай печы. Працавалі не толькі калгасніцы з звяна, але таксама іх маці, свекрыві, сёстры.
Напружаная праца звяна на чале з А. А. Белявец стала прыносіць свой плён, паступова расла ўраджайнасць на палях. Кожны год Ганна Андрыянаўна з сваім звяном сталі атрымліваць ад калгаснага праўлення і раённага кіраўніцтва граматы і каштоўныя падарункі, былі ўдастоены права ўдзельнічаць у працы Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Галоўным выставачным камітэтам звеннявая была ўзнагароджана каштоўным падарункам - швейнай машынкай, якую прыйшлося неўзабаве прадаць, каб атрымаць грошы на тэрміновы рамонт даху дома. А ў 1957 годзе перадавая калгасніца ўступіла ў КПСС. Была делэгатам ХХІ з’езда КПСС (1959).
З пачаткам так званай кукурузнай кампаніі ў канцы 1950-х гадоў ударнае звяно было пераарыентавана на вырошчванне новай для гаспадаркі палявой культуры - маісу (або кукурузы цукровай). Гэта была такая ж невядомая, як і кок-сагыз, расліна - не толькі для калгасных аграномаў, але і для большасці беларускіх вучоных у галіне земляробства. Паходжанне, гатункавасць і пасяўныя якасці насення не былі вядомыя. Ніхто не ведаў ні агратэхнікі, ні асаблівасцяў вырошчвання кукурузы, якая, будучы аднагадовай раслінай, патрабавала кожны год новых пасадак, прычым на вялікіх плошчах. Новая культура, у адрозненне ад непераборлівага кок-сагызу, апынулася складанай па агратэхніцы. Яе ўраджайнасць залежала ад мноства кліматычных і глебавых фактараў. Так, кукурузе патрабавалася вялікая колькасць цяпла, высокаўрадлівая глеба, своечасовы пасеў у сціснутыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні, пастаянны догляд, рыхленне і падкормка падчас росту, збор ураджаю спецыяльным камбайнам. Усяго гэтага практычна калгаснікі не ведалі. Кіраўніцтва ж паставілася да новай сіласнай культуры скептычна, а таму не забяспечыла выкананне нават самых элементарных агранамічных правілаў.
Вопыту вырошчвання новай культуры ў Беларусі тады яшчэ не было, таму былыя коноплеводы і льнаводы заселі за брашуры аб кукурузаводах Украіны і Кубані. Калі зразумелі галоўнае, пачалі рыхтаваць глебу пад будучыя палі. Звяну Белявец адвялі дзесяць гектараў агароднай зямлі. Усю зіму 1958-1959 гадоў Ганна Андрыянаўна і яе сяброўкі збіралі па хатах пячны попел, насыпаўшы ў хляве цэлую гару. Але патрэбны былі яшчэ арганічныя ўгнаенні.
Так збіраўся, назапашваўся па макулінках вопыт вырошчвання кукурузы. Па вясне паляводы на чале з Белявец паспяхова правялі сяўбу. Усходы былі дружныя і неўзабаве зазелянелі. Ужо праз тры тыдні кукуруза адужэла і набралася сіл. Цяпер звяно чакалі праполкі і падкормкі, асабліва азоцістымі ўгнаеннямі, што павінна было забяспечыць інтэнсіўны рост раслін.
Дзякуючы неймаверным працоўным намаганням усяго звяна кукуруза восенню вымахала вышэй за чалавечы рост, што было неверагодным для тых умоў. Сцеблы былі ў руку таўшчынёй, а сярод пасадак чалавек мог папросту заблудзіцца. Паглядзець на нябачаны па тых часах ўраджай маладой культуры прыязджалі з усіх куткоў Беларусі, а таксама кіраўнікі некалькіх калгасаў суседняй рэспублікі. Прыязджалі нават навукоўцы, каб на свае вочы ўбачыць гіганцкія расліны, вымераць іх даўжыню і таўшчыню. Але самае цяжкае было яшчэ наперадзе, таму што нож кукурузаўборачных камбайнаў не браў такія таўшчыню сцебляў. Тады звяну прыйшлося весці ўборку з дапамогай сякер. Ураджайнасць кукурузы ў той шчодры год склала больш за сто цэнтнераў з кожнага гектара.
За атрыманне высокіх ураджаяў кукурузы ў 1959 годзе Ганна Андрыянаўна была ўзнагароджана ў студзені 1960 года Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 сакавіка 1960 года ў адзначэнне 50-годдзя Міжнароднага жаночага дня, за выдатныя дасягненні ў працы і асабліва плённую грамадскую дзейнасць Белявец Ганне Андрыянаўне прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Неўзабаве пасля прысваення звання яна была вымушана змяніць прафесію па асабістых прычынах. З кастрычніка 1960 г. па ліпень 1975 г. працавала старшынёй Відамлянскага сельскага Савета. Стаўшы старшынёй выканкама, Ганна Андрыянаўна засела за падручнікі, у адзін год з сынам здавала выпускныя іспыты ў Відамлянскай сярэдняй школе: ён - за восьмы клас, а маці - за дзясяты. Старанна займаючыся вучобай, былая калгасніца хутка навяла парадак у справах сельсавета, куды ўваходзіла паўтара дзясятка вёсак, аб'яднаных у два калгасы.
Узначалены ёю сельсавет выканаў вялікую работу па дабраўпарадкаванні вёскі, умацаванню матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, пашырэнню сеткі культурна-бытавых аб’ектаў. Клопату старшыні хапала: рамонт дамоў, дарог, агароджаў, чыстыя калодзежы, дровы для настаўнікаў і іншыя пытанні. Дабрасумленнай працай, штодзённым клопатам пра людзей, чуласцю і спагадлівасцю Ганна Андрыянаўна заслужыла павагу насельніцтва.
У ліпені 1975 г. Г. А. Белявец выйшла на заслужаны адпачынак, але не сядзела склаўшы рукі – працавала малаказдатчыцай у калгасе. Персанальны пенсіянер саюзнага значэння. Памерла 24 сакавіка 1995 г., пахавана на могілках в. Баранкі.
Літаратура:
1. Белевец Анна Андриановна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 72.
2. Белевец Анна Андреевна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 41.
3. Белевец Анна Андриановна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 49.
4. Белявец Ганна Андрыянаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 73.
5. «Кастрычнік» : [гісторыя калгаса] // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1997. С. 470.
6. Курылева, С. Кукурузный лес : [очерк о А. А. Белевец] / С. Курылева // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск : Беларусь, 1978. С. 25–32.
7. Белявец Ганна Андрыянаўна : [некралог] // Навіны Камянеччыны. 1995. 29 сакавіка.
8. Курылёва, С. Доблесць жанчыны : нарыс / С. Курылёва // Ленінец. Камянец, 1977. 16 красавіка.
9. Белевец, А. А. Звено выполняет свое обязательство : [из опыта кукурузоводов колхоза «Октябрь» Каменецкого района] / А. А. Белевец // Кукуруза. 1960. № 8. С. 3–4.
10. Белевец, А. 1500 центнеров с гектара будет! / А. Белевец // Заря. 1960. 16 апреля.
11. Краснов, В. В звене Героя Социалистического Труда [А. А. Белевец] / В. Краснов // Заря. 1960. 25 марта.
12. Анна Андриановна Белевец – Герой Социалистического Труда // Заря. 1960. 8 марта.
13. Шиманский, Ф. Только механизированным способом : [о работе звена А. А. Белевец колхоза «Октябрь» Каменецкого района] / Ф. Шиманский // Заря. 1959. 11 февраля.
14. Белевец, А. А. За 1800 центнеров зеленой массы с початками с каждого гектара / А. А. Белевец // Кукуруза. 1959. № 3. С. 6.