Міхаіл Міхайлавіч Гайдуковіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1948 года ў в. Хлевішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут у 1971годзе. З 1972 г. працаваў у гэтай навучальнай установе старшым выкладчыкам. У 1987-1990 гадах - загадчык кафедры архітэктуры Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута.
З 1989 года - галоўны архітэктар праектаў творчай майстэрні Саюза архітэктараў СССР. У 1991 годзе стварыў персанальную творчую майстэрню пры Саюзе архітэктараў Рэспублікі Беларусь, ператвораную ў 2000 годзе ў прыватнае ўнітарнае праектна-будаўнічае прадпрыемства «Арміг».
Член Саюза архітэктараў СССР з 1980 года. У 1998-2002 гг. - старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза архітэктараў.
Кандыдат архітэктуры (1984). Дацэнт (1986), Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі архітэктуры (2005).
У 2011-2012 гг. - кіраўнік аўтарскага калектыву і канцэпцыі гісторыка-культурнага комплексу «Брэст» у межах вонкавых абарончых валаў Брэсцкай крэпасці. Прапаноўвалася стварыць там гістарычныя комплексы розных эпох музейна-пазнавальнага, турыстычнага і рэкрэацыйнага прызначэння з планамерным ператварэннем крэпасці ў гісторыка-культурны цэнтр.
У прыватнасці, на тэрыторыі Валынскага ўмацавання - аднавіць сярэднявечны Берасцейскі замак з рамесным пасадам, карчмой, вадзяным млынам і броварам для выкарыстання ў якасці турыстычнага комплексу, а таксама пабудаваць макет сярэднявечнага Бярэсця, правесці кансервацыю кляштара бернардзінак. На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання планавалася пашырэнне музея абароны Брэсцкай крэпасці, адкрыццё комплексу Нацыянальнага музея тэхнікі, а таксама музея ўзбраенняў, Горада майстроў.
З гісторыі Берасцейскага замка
Берасцейскі замак, дастаткова падрабязнае апісанне якога зафіксавана ў інвентары 1566 года, уяўляў сабой тыповае, не вельмі моцнае сярэднявечнае абарончае збудаванне, пабудаванае на стратэгічна выгадным месцы ля зліцця рэк Буг і Мухавец. Замак складаўся з 5 вежаў, відавочна драўляных, абарончай сцяны і некалькіх будынкаў унутры замкавага двара, частка якіх была каменнымі. Замак неаднаразова перабудоўваўся.
Фрагмент гравюры Дальберга "Осада Бреста 1657" (из коллекции проекта "Брест 2019")
Збудаванні Берасцейскага замка зафіксаваныя на гравюры Эрыка Дальберга, з выявай аблогі Берасця шведскай арміяй у 1657 годзе. На схеме горада і ўмацаванняў добра відаць, што захаваліся вежы і сцены замка ўзмоцнены 5 бастыёнамі, прычым тыл ўмацавання, звернуты да галоўнага востраву, абаронены толькі абарончай сцяной замка. Гэтыя бастыёны-частка новай сістэмы ўмацавання горада, так званых "бастыёнаў Сапегі", створаных прыблізна ў 1654 годзе, у часы Рэчы Паспалітай.На гэтай жа схеме пункцірам намаляваны новыя бастыённыя ўмацаванні - горад Брэст быў узяты шведскай арміяй, для якой было тыпова ўзводзіць простыя абарончыя збудаванні на стратэгічна важных пунктах.
Прадстаўленая канцэпцыя ў цэлым была адобрана ўдзельнікамі пасяджэння Каардынацыйнага савета, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, архітэктары, супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Аднак, на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, канцэпцыя была вернута на дапрацоўку.
Дадзеная канцэпцыя распрацоўвалася ў рамках падрыхтоўкі да 1000-годдзя Брэста, якое адзначаласяў 2019 годзе.
Міхаіл Гайдуковіч працаваў над такімі пабудовамі ў г. Брэсце, як парк воінаў-інтэрнацыяналістаў (1981); турыстычны комплекс «Рынькаўка» у в. Цюхінічы Брэсцкага раёна (2003); кварталы індывідуальнай забудовы №4, №5, №7 (2003-2007); жылы дом з офісамі і падземнай аўтастаянкай па вул. Арджанікідзэ-Камсамольскай (2002-2005); квартал па вул. Савецкай-Пушкінскай-Карбышава-Міцкевіча; «Дзелавы дом»; рэканструкцыя “Дзіцячага свету”; грамадскі будынак па вул. Савецкай (2004-2013); салон мэблі па вул. Савецкіх пагранічнікаў (2011); жылы дом на скрыжаванні вул. Пушкінскай і бульвара Касманаўтаў (2011); Гандлёва-прамысловая палата па вул. Леніна-Гогаля (2012); офісны будынак у грамадскім цэнтры раёна “Усход” (2015); Гіпермаркет «ОМА» па Варшаўскай шашы (2017); рэканструкцыя вантавага маста праз р. Заходні Буг на памежным востраве (2002), рэканструкцыя былых казармаў пад моладзевы патрыятычны цэнтр у Брэсцкай крэпасці (2015).
Пабудовы ў іншых рэгіёнах: парк 1000-годдзя ў Віцебску (1982), адміністрацыйна-культурны і бытавы комплекс магістральнай станцыі перапампоўкі газу ў г. Курску (1994-2000); гасцінічны комплекс “Жураўліны” у Белавежскай пушчы (2013), будынак Дзяржстраха ў Баранавічах (1977), гандлёвы комплекс «Свяцілаўскі» па Савецкім праспекце ў г. Баранавічы (2013); супермаркет «Родны кут» у г. Драгічын (2016); гандлёва-адміністрацыйныя будынкі па вул. Лазо і вул. Медыцынскай у г. Віцебску (2013-2014).
Міхаіл Гайдуковіч - лаўрэат прэмій конкурсаў Рэспублікі Беларусь на лепшыя архітэктурныя творы года, Пераможца Усесаюзнага конкурсу праектаў забудовы цэнтра г. Душанбэ (1984), пераможца міжнароднага конкурсу пабудоў «Хрустальный кирпич» за архітэктурнае рашэнне гасцінічнага комплексу “Жураўліны” у Белавежскай пушчы (Люблін, 2014).
Узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР (1971), Залатым медалём ВДНГ (1982), медалём саюза архітэктараў «За адданасць архітэктуры і творчыя дасягненні» (2005).
Аўтар 32 навуковых прац, у т. л. манаграфій : «Кіраўніцтва па праектаванні паркаў» (1980), «Рэкамендацыі па планіроўцы, забудове і пераўтварэнні гарадоў з улікам асваення поймавых і забалочаных тэрыторый» (1981), «Горадабудаўнічае асваенне поймавых тэрыторый Беларускай ССР» (1986) — усё ў аўтарскім калектыве.
Пражывае Міхаіл Міхайлавіч Гайдуковіч ў горадзе Брэсце.
Літаратура
1. Гайдукович Михаил Михайлович // Архитекторы Советской Белоруссии: биогр. справочник. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с.
2. Гайдукович Михаил Михайлович // Брест. Брэст. Brest. 1000 / сост. А. Вабищевич. Минск, 2019. С. 276.
3. Рубашевский, Ю. Замок или крепость? / Ю. Рубашевский // Вечерний Брест. 2016. 25 ноября. С. 7.
4. Гайдукович, М. Михаил Гайдукович: «Человека воспитывает среда»: размышления архитектора о культурной жизни Бреста / Михаил Гайдукович; беседовала Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2014. 19 декабря. С. 4.
5. Иринич, И. Станет ли Брестская крепость туристско-развлекательным центром?: концепция перспектив, исп. ист. объекта. Автор – М. Гайдукович // Обозреватель. 2008. 19 дек. (№ 51). С. 37.
турыстычны комплекс «Рынькаўка» у в. Цюхінічы Брэсцкага раёна