Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
ПЦПИ
Калацэй Вячаслаў Віктаравіч

Калацэй Вячаслаў Віктаравіч.jpg

   Калацэй Вячаслаў Віктаравіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1971 года ў г. Камянцы Брэсцкай вобласці ў сям'і настаўнікаў. Бацька Віктар Іванавіч, настаўнік матэматыкі, дырэктар Камянецкай сярэдняй школы № 1 (1975-1996), маці – Лізавета Цярэнцьеўна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры.
   У 1988 годзе Вячаслаў скончыў Камянецкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём. З 1988 года быў студэнтам Брэсцкага музычнага вучылішча, клас альта педагога В. Супроненка. У 1990 годзе паступіў у Мінскі дзяржаўны інстытут культуры, які скончыў у 1996 годзе з адзнакай. Атрымаў спецыяльнасць "Арганізацыя народнай творчасці”, кваліфікацыю кіраўніка народнага хору, ансамбля,  выкладчык харавых дысцыплін. У гэтым жа годзе паступіў у аспірантуру ўніверсітэта па спецыяльнасці “тэорыя і гісторыя культуры”.
   У 1997 годзе стаў загадчыкам аддзела народных мастацкіх рамёстваў і фальклору Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі. У 2000 годзе Вячаслаў Калацэй абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Традыцыйная культура беларуска-літоўскага сумежжа: структура мыслення і паводзін» з прысуджэннем яму навуковай ступені кандыдата культуралогіі.
   У 2003 годзе Вячаслаў Віктаравіч стаў першым дэканам факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва па запрашэнні тагачаснага рэктара Ядзвігі Грыгаровіч. Выкладаў дысцыпліны «Этнаграфія, міфалогія і фальклор беларусаў», «Гісторыя фалькларыстыкі», «Клас фальклорнага выканальніцкага майстэрства».
   У 2007 годзе атрымаў другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай» ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ. У 2010 годзе Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь яму было прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці "Культуралогія".
    З 2009 года з'яўляецца загадчыкам кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Навукова-педагагічная дзейнасць культуролага ўвесь час звязана з універсітэтам.
   Даследуе традыцыйную культуру Еўропы, структуру мыслення і паводзін яе носьбітаў, тэорыю і практыку аховы гісторыка-культурнай спадчыны чалавецтва, займаецца аўдыявізуальнай антрапалогіяй.
Выяўленню вытокаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Еўразіі ад неалітычных часоў да зацвярджэння ў ёй сусветных рэлігій, адлюстраваных у міфах, занатаваных у тэкстах яе архаічных і руральных (вясковых) суполак, прысвечаны шэраг прац Вячаслава Калацэя.
Калацэй В.В..jpg   У манаграфіі “Параўнальная міфалогія” (2009) аўтар прыходзіць да высновы, што міфалогія, рэпрэзентаваная ў этыялагічных тэкстах руральных асяродкаў, генэтычна звязана хутчэй са стараеўрапейскімі, чым з індаеўрапейскімі міфалагічнымі сістэмамі.
   Асобныя пытанні этыялагічнага дыскурсу разглядаюцца Вячаславам Калацэем у артыкулах «Раннетрадыцыйная класіка песень Беларускага Паазер’я і Паўднёвай Аўкштайтыі» (1997), «Ля вытокаў культуры. Міфалогія Беларусі: досвед структурнага аналізу» (2001), «Метад «уключанага назірання» ў дыдактыцы творчых ВНУ» (2011). Удзельнік калектыўных манаграфій «Культурная спадчына: сацыялагічна-культуралагічныя даследаванні» (2001), «Штудыі Рэспубліканскай сезоннай фальклорнай школы» (2007), «У тэзаўрусе Беларусі» (2011).  Аўтар больш за 200 іншых публікацый па пытаннях традыцыйнай культуры.
   Аўтар сцэнарыя антрапалагічных фільмаў «Адраджэнне абрада Ваджэнне і пахаванне Стралы ў вёсках Стаўбун і Неглюбка» (2011), «Сонца — на лета, зіма — на мароз!» (2010).
   Арганізатар першых Рэспубліканскіх змен этнакультурнага выхавання ў летніку «Зубраня» (2000); першых дударскіх этна-дыскатэк Беларусі (2001—2005); лідар-заснавальнік гурта дударскай музыкі і этнаспеваў "Vietakh" «Ветах» (1997) — дыпламанта фестываляў Еўрапейскага вяшчальнага саюза («радыйнага» аналага «Еўрабачання») «EBU contemporary folk» у Харватыі, Германіі і Швецыі (2010—2014). Пад яго кіраўніцтвам «Ветах» прадстаўляў фальклор Беларусі ў Палацы Нацый (Жэнева), штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (2017).
   Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Беларусі (2017), адзначаны Ганаровай граматай БДУКМ (2005).


Літаратура

1.    [Калацэй Вячаслаў Віктаравіч] // Беларуская культуралогія: гісторыя і сучаснасць / А. І. Смолік. Мінск, 2014. С. 221.
2.    Калацей, В. В. Белорусская дуда в кинохронике 1030-х годов / В. В. Калацей, авт. К. Ремишевский // Обсерватория культуры : журнал-обозрение. 2013. № 3. С. 71-74 : фот.
3.    Калацей, В. В. Модель обучения творческому искусству устной традиции в ВУЗе ( опыт кафедры этнологии и фольклора БГУКИ) // Тэорыя фальклору : вуч.-мет. Дапаможнік / Э. Дарашэвіч. Мінск, 2016. С. 38-40.
4.    Калацэй, В. В. Вышэйшая школа і этнапедагагічная накіраванасць адукацыі / Вячаслаў Калацей // Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання : зборнік навуковых прац удзельнікаў III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 29―30 красавіка 2009 г.) / [рэдкалегія: М. А. Мажэйка (старшыня) і інш.]. — Мінск, 2009. — С. 94―98.
5.   Калацэй, В. В. Культурная інфраструктура вёскі і маладзёжны фальклорны рух: інтэнцыі ўзаемаўплываў / Вячаслаў Калацэй // Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання : зборнік навуковых прац удзельнікаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 27—29 красавіка 2012 г.) / [рэдкалегія: М. А. Мажэйка (старшыня) і інш.]. — Мінск, 2012. — С. 64―68.
6.    Калацэй, В. В. Фарміраванне традыцыйнага календара беларусаў / В. В. Калацэй // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў : навукова-метадычны часопіс. — 2009. ― № 2. ― С. 10―15.
7.    Калацэй В. В. Этнакультурнае выхаванне як сістэма : да 15-годдзя фальклорнага гурта "Берагіня" / Вячаслаў Калацэй // Роднае слова . — 2011. ― № 10. ― С. 83―84.

© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского