Надзея Анатольеўна нарадзілася 23 ліпеня 1942 г. у в. Пашукі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Атрымала сярэднюю адукацыю. Працавала ў будаўнічным управленні, рэстаране «Белавежская пушча», Пашукоўскім сельскім клубе, загадчыцай магазіна в. Пашукі.
Ткаць пачала ў пятнаццаць гадоў, ткала посцілкі, ручнікі, дываны і іншыя вырабы традыцыйнага характару. А займацца ткацтвам больш прафесійна пачала у дваццаць тры гады. Адрадзіла тэхніку падвойнага ткацтва, якая дазваляе ствараць двухколерныя дываны з буйным выразным малюнкам геамітрычнага і расліннага характару. Ткаць двухасноўныя дываны навучалася ў мясцовых жанчын. Дываноў выткала за сваё жыццё больш за сотню.
Двухасноўнае (падвойнае) ткацтва было і застаецца найбольш цікавай і арыгінальнай з’явай беларускага народнага рамяства. Распаўсюджванне гэтага віду ткацтва звязана з даўняй мясцовай традыцыяй, згодна з якой дзяўчына ў сваім вясельным пасагу павінна была мець шарсцяны дыван. Дыван лічыўся паказчыкам заможнасці яе сям’і, багацця нявесты.
Ткачыхі старэйшага ўзросту сцвярджаюць, што двухасноўныя дываны ў вёсках пачалі ткаць у 1920-1930-я гг., “пры Польшчы”. Росквіт падвойнага ткацтва ў Камянецкім раёне прыпадае на 1950-1960-я гг.
У 1970-1980-я гг замест самапрадзеных нітак з авечай воўны для вырабу дываноў у Камянецкім раёне пачалі ўжываць пакупныя шарсцяныя ніткі на бабінах вытворчасці Брэсцкага дывановага камбіната. Гэта падтрымала існаванне рамяства пасля таго, як у вёсках на Камянеччыне фактычна перасталі гадаваць авечак.
Каб захаваць сялянскае падвойнае ткацтва, у 2000 годзе ў в. Падбела Камянецкага раёна на базе вясковага клуба быў адкрыты гурток падвойнага ткацтва, кіраўніком якога была Грыцук Надзея Анатольеўна.
Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў в. Падбела Камянецкага раёна, як элемент нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, была ўключана ў план мерапрыемстваў Брэсцкай вобласці па выкананні Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012-2015.
У межах мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы ў Камянюцкiм сельскiм Цэнтры рамёстваў і культуры створана падраздзяленне па вырабу сувенірных аналагаў, мастацкіх стылізацый двухасноўных дываноў, дзе з 2014 г. Надзея Грыцук працавала майстрам-метадыстам і вучыла ўсіх жадаючых майстэрству падвойнага ткацтва.
І сёння ткацтва – жывая з’ява, якая стала сапраўдным брэндам Камянецкага раёна. Зараз у в. Падбела Камянецкага раёна працягвае справу Надзеі Анатольеўны яе першая вучаніца Марыя Краўчынская, якая таксама атрымала званне народнага майстра па ткацтву.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.09.2011 г. № 1214 традыцыйная тэхналогія двухасноўнага (падвойнага) ткацтва ў вёсцы Падбела Камянецкага раёна набыла статус і катэгорыю гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Надзея Анатольеўна Грыцук - удзельніца шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, семінараў, майстар-класаў па ткацтве, фэстаў і святаў: «Парад падвойных дываноў», «Цуды сваімі рукамі», “Край” «Жывыя крыніцы», «Беларусь – мая песня», «Берасцейскі падарунак» і інш. За ўдзел у мерапрыемствах мае шмат узнагарод – грамат, дыпломаў, падарункаў. Заняла першае месца ў конкурсе на лепшы беларускі сувенір, які праводзіўся па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ткацкія вырабы Надзеі Грыцук разышліся па ўсяму свету: Фінляндыі, Швецыі, Расіі і іншых.
26 кастрычніка 2009 года Надзеі Грыцук прысвоены статус «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».
Надзея Анатольеўна прымала ўдзел у здымках праграм аб стане развіцця падвойнага ткацтва ў Камянецкім краі: «Край Берасцейскі – наша натхненне, гонар, любоў і краса», «Маршрут пабудаваны», «Жывая спадчына».
Так, дзякуючы людзям, якія захавалі сакрэты продкаў і перадаюць іх маладому пакаленню, народная творчасць і сёння застаецца крыніцай натхнення і сапраўднай асновай беларускай культуры.
Літаратура:
1. Грыцук Надзея Анатольеўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова. Т.3. Мінск, 2012. С. 287.
2. Падвойнае (двухасноўнае) ткацтва дываноў // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. Т. 4, кн. 2. Мінск, 2009. С. 831-836.
3. Марчук, Р. Лічба “два” – ключавая ў падвойным ткацтве / Раіса Марчук // Літаратура і мастацтва. 2019. 13 снежня (№ 48). С. 16.
4. Туркова, Т. Ткацтва надае энергію, сілу і здароўе / Т. Туркова // Навіны Камянеччыны. 2016. 19 сакавіка (№ 12). С. 22.
5. Туркова, Т. В чем найти истоки творчества и вдохновенья? / Татьяна Туркова // Навіны Камянеччыны. 2016. 23 красавіка (№ 17). С. 22.
6. Троцюк, Д. Возрождение традиций / Денис Троцюк // Навіны Камянеччыны. 2016. 5 лістапада (№ 45).
7. Туркова, Т. Час надыходзіць вяртацца за кросны… / Таццяна Туркова // Навіны Камянеччыны. 2015. 27 чэрвеня (№ 26). С. 20.
8. Еўдакіменка, С. Камянецкія падвойныя дываны / С. Еўдакіменка // Алеся. 2011. № 3. С. 34.
9. Рэкуц, С. “І тчэ, забыўшыся, рука…” / Сяргей Рэкуц // Заря. 2010. 29 апреля.
10. Пятручык, Т. Дзе радзіма падвойнага ткацтва? / Тамара Пятручык // Навіны Камянеччыны. 2005. 13 ліпеня. С. 3.
11. Анішчанка, М. Ткаць – што семкі лузгаць / Мікалай Анішчанка // Літаратура і мастацтва. 2005. 2 верасня. С. 13.