Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
ПЦПИ

                                   

      

    Фёдар Іванавіч Дарашэвіч нарадзіўся 28 жніўня 1905 г. у г. Камянец у сялянскай сям’і. Падчас першай сусветнай вайны сям’я апынулася ў Сібіры ў Томскай губерніі. З малых год хлопчык працаваў з бацькам на чыгунцы. Пачатковую адукацыю атрымаў у школе ліквідацыі непісьменнасці на станцыі Іжморскай. У гэты перыяд ён робіць першыя крокі як мастак-афарміцель, прымаючы ўдзел у афармленні мясцовага рабочага клуба. 
  У 1925 годзе Дарашэвіч паступіў у Омскае мастацка-прамысловае вучылішча імя Урубеля, куды быў накіраваны па пуцёўцы камсамола. Пасля заканчэння вучылішча ён працаваў у Маскве мастаком-афарміцелем. У 1931 г. Дарашэвіч паступіў у Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна. Ён займаўся у вопытных педагогаў - майстроў рускага класічнага мастацтва С. Абугава, І. Фрэнца, А. Асьмёркіна, А. Арэшнікава, якія прывілі свайму вучню не толькі валоданне майстэрствам, але і пачуццё ўзнёслых адносін да прафесіі і мастацтва. У сваёй дыпломнай рабоце “Вяртанне з манёўраў” Дарашэвіч выступае як удумлівы мастак, майстар станковай кампазіцыі.
     Пасля заканчэння інстытута у 1938-1941 гг. Дарашэвіч працаваў выкладчыкам Пермскага мастацкага вучылішча, сумяшчаў выкладанне з творчай дзейнасцю. Пачынаючы з 1939 г. ён прымаў актыўны ўдзел у мастацкіх выстаўках, узначальваў Пермскі Саюз мастакоў. У Пермі Дарашэвіча  застала Вялікая Айчынная вайна. З 1941 па 1945 гг. ён працаваў мастаком агітмайстэрні, стварыў шматлікія плакаты і пано, у якіх адлюстроўваў важныя падзеі таго часу.
  У 1950 г. Дарашэвіч вярнуўся ў Беларусь. З 1951 г. жыў у Мінску. У 1960-1966 гг. ён працаваў выкладчыкам у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.         Фёдар Дарашэвіч быў майстрам пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Увасабляючы ў сваіх творах запатрабаваныя тэмы рэчаіснасці, ён здолеў тонка адчуць дух часу, віртуозна перадаваў паветра, цяпло і чысціню ў выявах прыроды, пранікнёна паказваў людзей, падкрэслівая іх характар і духоўнае хараство: “Пасля рэкорда” (1948), “Пасля працы” (1954), “Гарманіст ідзе” (1955), “Ачыстка палёў ад камення” (1956), “Газаправод” (1961), “Пошта прыйшла” (1960), “Трывога” (1961), “У летні дзень” (1962), “Дарожнікі” (1977). Гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў карцінах “На новую зямлю” (1943), “Страляйце, не шкадуйце нас!” (1964), “1941 год” (1967), “Голас з Вялікай зямлі” (1972).                                     
   Мастак многа працаваў над творамі, у якіх адлюстроўваў беларускую прыроду. Ён стварыў карціны-пейзажы шырокага гучання “Рака Чусавая” (1942), “Пойма ракі Бярэзіны” (1953), “Ледаход на Бярэзіне” (1956), “Зіма” (1956), “Над Прыпяццю” (1973), “Возера Мураці” (1975), “Адліга” (1980).                                         
        Многія творы напісаны з натуры ў Камянцы і яго ваколіцах: “Горад Камянец”, “Камянецкая вежа”, “Дарога на Замасты”, “Дворык”, “Стары мост”, “У Белавежскай пушчы. Зубры” (1960).
     Пра асаблівасці творчага метаду Фёдара Іванавіча ўспамінае Іосіф Белановіч, які быў звязаны з ім многімі гадамі дружбы. “Пейзаж – гэта, безумоўна, была галоўная яго страсць. Збіраўся на эцю
ды ён імгненна. Фарбаў шмат не браў. І мы заўсёды здзіўляліся, як ён атрымлівае такое багацце колеравай гамы. Кампазіцыйны матыў для работы знаходзіў адразу, без доўгіх пошукаў. І працаваў энергічна, спрытна, схопліваючы самыя характэрныя, можна сказаць, партрэтныя рысы пейзажу. Без пераробак. Таму жывапіс яго заўсёды выглядае свежым, захоўвае сакавітасць мазка.”         
   Творы Фёдара Дарашэвіча можна назваць дакументамі эпохі, сведчаннем самабытнасці і непаўторнасці беларускай культуры.
      Сёння наведвальнікі многіх мастацкіх музеяў могуць азнаёміцца з творчасцю Ф. Дарашэвіча. Яго творы знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея і Беларускага Саюза мастакоў, Брэсцкага краязнаўчага музея, Пермскай карціннай галерэі, музеяў Полацка, Бялынічаў, у прыватных калекцыях.
      Памёр Фёдар Іванавіч Дарашэвіч 23 снежня 1986 года.
    Імя Фёдара Дарашэвіча занесена ў спіс старэйшын беларускага жывапісу, а сёння ўключана ў шэраг арт-адкрыццяў сучаснасці.






(Эвакуацыя завода ў Перм.1955 г.)   (Камянецкая вежа.)  (У Белавежскай пушчы. Зубры.1960г.)  

Літаратура
1. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мн., 2012. Т. 3. С.364-365.
2. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мн., 1998. Т.6. С. 52.
3. Дорошевич Фёдор Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Мн., 2009. Т. 1., кн. 1. С. 336.
4. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мн., 1985. Т. 2. С.271.
5. Дарашэвіч Фёдар Іванавіч // Памяць: Камянецкі раён. Мн., 1997. С. 508.
6. Гармель, Е. «Творчества связующая нить» : [о Ф. Дорошевиче] / Елена Гармель // Заря. 2011. 27 сентября. С. 5.
7. Павлова, Л. Художник Фёдор Дорошевич / Любовь Павлова // Вечерний Брест. 2011. 29 сентября. С. 9.
8. Вечорко, М. Краски белорусской “глубинки” : [о выставке, посвященной Ф. Дорошевичу] / Мария Вечорко // Вечерний Брест. 2011. 28 сентября. С. 4.
9. Міхайлава, М. Новая гісторыя старых карцін : [пра жыццё і творчасць Ф. Дарашэвіча] / Марыя Міхайлава // Мастацтва. 2010. №9. С. 41-43.
10. Міхайлава, М. Упоравень са стагоддзем… : [пра Ф. Дарашэвіча] / Марыя Міхайлава // Культура. 2010. 18-24 верасня. С.9.
11. Парафянюк, Г. Памяці жывапісца Фёдара Дарашэвіча / Георгій Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 2006. 22 лістапада.
12. Пугачова, Э. Патаемныя дыялогі жывапісца : [Ф. Дарашэвіч] / Эма Пугачова // Мастацтва Беларусі. 1988. №6. С. 19-20.
13. Фёдар Іванавіч Дарашэвіч. Мн.: Беларусь, 1975. 15 с.






© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского