Вход Регистрация
О библиотекеБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Гостевая
книга
Краеведение Контакты
Крыжаўзвіжанскі храм г. Высокае

Высокое.jpg   Свята-Крыжаўзвіжанская царква размешчана ў цэнтры горада Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Першы камень у падмурак царквы быў закладзены 2 жніўня 1868 г., на свята прарока Іллі. Архітэктурны праект храма падрыхтаваў акадэмік В. І. Чагін, праект зацвердзілі ў 1864 г. Падрадчыкам будаўніцтва з’яўляўся мешчанін Чарнігаўскай губерні Г. А. Назараў. Пабудавалі храм на сродкі прыхаджан даволі хутка. 27 верасня 1869 г. царква была асвячона ў свята Узвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга.
   Храм узведзены з цэглы на месцы старажытных могілак, царкоўная агароджа зроблена з вялікіх камянёў. У энцыклапедыях Высокаўскі храм рэпрэзентаваны як гістарычны помнік архітэктуры XIX ст., выкананы ў рэтраспектыўна-рускім стылі з элементамі старажытнарускага дойлідства.
   Аб’ёмная прасторавая кампазіцыя храма складаецца з трох злучаных частак: прамавугольны прытвор, квадратны ў плане асноўны аб’ём і паўцыркульная апсіда. Прытвор, на якім узвышаецца шатровая званіца, утварае галоўны фасад. У цэнтры яго – высокі лучковы дзвярны праём, завершаны кілепадобным франтонам з круглым акном. Фасад завершаны шырокім фрызам і прафіляваным карнізам. Над тамбурам узвышаецца аднаярусная васьмігранная званіца на чатырохграннай аснове, накрытая шатром з цыбулепадобнай глаўкай. Пласкасці сцен раскрапаваны лапаткамі, злучанымі зверху арнаментальным паясом, гарызантальнымі цягамі цокаля і карніза, цягай, якая праходзіць на зроўні ніжняй лініі вокнаў. Сцены апсіды прарэзаны паўцыркулярнымі ваконнымі праёмамі.
   Да асноўнага храмавага аб’ёму па бакавых фасадах прыбудаваны два тамбуры з бакавымі ўваходамі. Да кожнага ўвахода ў храм вядзе шырокая лесвіца. Завяршаецца асноўны храмавы аб’ём чатырохсхільным дахам, у цэнтры якога складаная кампазіцыя, якая нагадвае пяціглаўе. У цэнтры гэтай кампазіцыі – невысокі шацёр, які ўвенчаны цыбулепадобнай глаўкай на васьмігранным барабане. Па чатырох вуглах размешчаны падобныя чатыры глаўкі, але значна меншыя па памерах.
   Званіца ў адной сувязі з храмам. Тры вялікія званы меладычна і малітвенна абвяшчаюць аб службе. Адзін звон, самы вялікі, вагою 40 пудоў, падарыў царкве ў 1932 г. сын Марыі Ксавер’еўны Сапегі, граф Якаў Станіслававіч Патоцкі, сядзіба якога была ў Высокім. Па чыгунцы званы даставілі на станцыю Высока-Літоўск, там іх пагрузілі на фурманкі. Потым з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў узнялі на званіцу. Ужо ў наш час (2003) да трох званоў дабавіліся яшчэ тры маленькія, адлітыя на сродкі прыхаджан.
   Дэкарацыйна-кампазіцыйным акцэнтам інтэр’ера царквы з’яўляецца двух’ярусны іканастас з пяці частак (праект В. І. Чагіна). У храме знаходзяцца іконы XVI–XVIII стст. У 1991–1992 гг. зрабілі роспіс сцен храма фрэскамі.
   На царкоўным двары знаходзіцца пахаванне свяшчэннаіерэя Алексія Галубовіча (1773–1839). Захаваліся драўляныя крыжы, адзін з іх пастаўлены ў час Першай сусветнай вайны з малітай абараніць і выратаваць тых, хто пакінуў родны край, другі – у 1922 г. у памяць тых, хто не вярнуўся з чыжыны пасля вайны. У 1985 г. побач з царквою быў пабудаваны царкоўна-прыхадскі дом, дзе ў сённяшні час знаходзяцца хрысцільнае памяшканне, класны пакой для заняткаў па Закону Божаму для дарослых і дзяцей.
   Важнай падзеяй ў гісторыі царквы з’яўляецца наведванне яе 1 верасня 1886 г. імператарам Аляксандрам III з сям’ёй, пра што сведчыць памятная дошка на сцяне справа ўнутры храма. Вядома, што імператар падараваў Высокаўскай царкве еўхарыстычную сярэбраную чашу і некалькі ікон. Большасць з царскіх падарункаў была эвакуіравана ў гады Першай сусветнай вайны і страчана.
   У храме ніколі не прыпынялася духоўнае жыццё, заўсёды адбываліся богаслужэнні. У розны час у Высокаўскім храме служылі: Мікалай Будзіловіч (да Першай сусветнай і пасля яе), А. Рудкевіч, Сергiй Дзюкаў (гады служэння 1923–1960), Міхаіл Дзюкаў (гады служэння 1960–1983), Уладзімір Карнялюк (гады служэння 1983–2001), Пётр Рамановіч, С. Багуцкі, А. Дзятчук, Георгій Варанко, Сергій Буркоўскі. З 2003 г. настаяцелем храма прызначаны іерэй Анатоль Антонавіч Медзвядзюк.
   Цяпер да Высокаўскага прыходу адносяцца вёскі Бардзёўка, Даўбізна, Кавалікі, Камарнікі, Макарава, Агароднікі, Світычы, Хмялі, Плянта, Пяскі, Лумна. У прыходзе вядзецца духоўна-асветніцкая і сацыяльная дзейнасць, накіраваная на дзіцячыя прытулкі, адзінокіх і састарэлых людзей, дарослых і дзяцей, якія нясуць крыж цяжкіх хвароб. Дзейнічаюць духоўна-асветніцкі цэнтр «Град Высокое», маладзёжнае брацтва ў гонар прарока Іллі, музычная студыя «Радость моя», Нядзельная школа. Рэалізуюцца штогадовыя дабрачынныя праекты: «Сладкий рождественский город», «Старость в радость», «Трапеза любви» і інш., якія становяцца агульнагарадскімі мерапрыемствамі, яркімі і поўнымі дабрыні.
   Асабліва ўрачыста ў Высокім адзначаліся 140-годдзе (2009) i 150-годдзе (2019) Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы. На святкаванне сабраліся не толькі прыхаджане, а з’ехаліся вернікі з навакольных вёсак і гарадоў. Пасля літургіі ў гарадскім Доме культуры адбылася канцэртная праграма.


Літаратура.

1. Высокаўская Крыжаўзвіжанская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2011. Т. 2. С. 419.
2. Высоковская Крестовоздвиженская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 255.
3. Кулагін, А. М. Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга : [г. Высокае] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 94.
4. Высоковская Свято-Крестовоздвиженская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 121.
5. Кулагін, А. М. Свята-Крыжаўзвіжанская царква : [г. Высокае] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 46.
6. Свята-Крыжаўздзвіжанская царква, г. Высокае // Праваслаўныя храмы Камянеччыны / [скл.: Ю. Сахарчук, А. Карпішук, Л. Бішчук]. Брэст : РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 30–36.
7. Крестовоздвиженская церковь // Высокое / Ю. Сахарчук [и др.]. Брест : Вечерний Брест, 2012. С. 68–72.
8. Церковь : [г. Высокое] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 227.
9. Царква : [г. Высокае] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 205.
10. Пракаповіч, Л. Гісторыя званоў Высокаўскай царквы / Л. Пракаповіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 90.
11. Пракаповіч, Л. Царская сям’я ў Высокім / Л. Пракаповіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 134.
12. Шатько, Е. Г. Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции / Елена Геннадьевна Шатько. – Минск : Братство в честь святого Архистратига Михаила : Медиал, 2015. – 461 с. : ил., карт., фот. – Из содерж.: Высоковская церковь. С. 123.
13. Шатько, Е. Г. Колокола православных храмов Западной Беларуси: страницы истории 1921–1939 гг. : [упоминаются колокола Высоковской церкви: с. 107–108] / Е. Г. Шатько // Хронос : церковно-исторический альманах. Минск, 2017. С. 91–112.
14. Ролич, О. Крестовоздвиженская церковь в Высоком / Ольга Ролич // Заря. 2019. 11 сентября. С. 17.
15. Трибулева, Е. Храм под небесным куполом : православная церковь в Высоком отметила свое 150-летие / Елена Трибулева ; фото Виталия Дулевича // Навіны Камянеччыны. 2019. 10 августа (№ 32). С. 6.
16. Новик, Г. Свет, который в тебе : [о рождественской постановке «Свет, который в тебе», подготовленной прихожанами Крестовоздвиженской церкви и показанной в Высоковском ГДК] / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2019. 19 студзеня (№ 3). С. 16.
17. Гринчук, С. Величественное Высокое : [историко-культурные ценности г. Высокое] / Сергей Гринчук ; фото Александра Строкача // Навіны Камянеччыны. 2017. 25 сакавіка. С. 22.
18. Данилюк, Е. «Трапеза любви» в Высоком : [в приходе Свято-Крестовоздвиженского храма] / Елена Данилюк // Царкоўнае слова. 2016. 1 красавіка (№ 14). С. 5.
19. Ролич, О. Церкви в Высоком – 145 лет : [история церкви Воздвижения Креста Господня] / Ольга Ролич // Заря. 2014. 14 августа. С. 17.
20. Медведюк, Е. Купола за две лепты / Елена Медведюк // Брестские епархиальные ведомости. 2013. № 3. С. 55–65.
21. Кульбака, А. Волшебство приземлилось в Высоком : [о театральном представлении воспитанников православной детской студии «Радость моя» для прихожан Свято-Крестовоздвиженского храма в г. Высокое] / Александр Кульбака // Вечерний Брест. 2013. 11 января. С. 6.
22. Бунеева, Л. Вселенского храма частица : в городе Высокое 11 августа отпраздновали 140-летие Свято-Крестовоздвиженской церкви / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2009. 19 августа. С. 6.
23. Логашева, Ю. Основанный по воле пророка / Юлия Логашева // Брестские епархиальные ведомости. 2009. № 3. С. 44–46.
24. Прокопович, Л. Храм и его колокола / Лариса Прокопович // Духовный вестник. 1999. № 9. С. 2.
25. Пракаповіч, Л. Гісторыя званоў Высокаўскай царквы / Ларыса Пракаповіч // Навіны Камянеччыны. 1994. 29 чэрвеня. С. 2.


© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского
Мы на ютубе