Вход Регистрация
О библиотекеБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Гостевая
книга
Краеведение Контакты
Шутава Вольга Паўлаўна

   2.jpgВольга Шутава (дзявочае прозвішча Цішук) нарадзілася 15 лютага 1944 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Загародная Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. 
   Дзяцінства прыйшлося на цяжкі пасляваенны перыяд. Маці працавала даяркай у калгасе імя Свярдлова. Падчас навучання ў школе Вольга спявала ў хоры і была салісткай. Пасля заканчэння сямі класаў атрымала прафесіяю маляра-тынкоўшчыка, скончыла курсы пры Брэсцкім дывановым камбінаце, працавала круцільшчыцай і адначасова вучылася ў вячэрняй школе. Затым скончыла Брэсцкае медыцынскае вучылішча і працавала медсястрой. 
   Вольга Шутава прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, неаднаразова выходзіла пераможцай сярод салістак вобласці. Удзельнічала ў народным хоры, якім кіраваў Альфрэд Пятровіч Шутаў (1932–2005). Музыкант, кампазітар А. Шутаў (у 1975 г. – заслужаны работнік культуры БССР) шмат садзейнічаў удасканальванню вакальнага майстэрства спявачкі, дапамог ёй перайсці на прафесійную сцэну.
   Талентам-самародкам прыйшла ў беларускае мастацтва Вольга Шутава. З 1968 па 1996 гады яна з’яўлялася салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 1972 годзе скончыла Усерасійскую творчую майстэрню эстраднага мастацтва ў Маскве. Вучылася ў класе заслужанай артысткі БССР, народнай артысткі РСФСР Ірмы Пятроўны Яунзем (1897–1975), якая стала легендай эстраднага мастацтва Расіі, сярод вучняў якой Кацярына Шаўрына, Вольга Варанец, Аляксандра Стрэльчанка, Жанна Бічэўская.
   У 1973 годзе Вольга Шутава атрымала ганаровае званне заслужанай артысткі БССР.
   Вольга Паўлаўна была вядомай беларускай спявачкай (альт), якой ўласціва беларуская народная манера выканання, выдатнае данясенне тэксту, задушэўнасць у перадачы эмацыянальнага зместу песень. У яе рэпертуары былі беларускія народныя песні “Пасаджу рабіну ў полі”, “Чаму калінка?”, “Дубочак зялёненькі”, “Іванка маладзенькі” i iншыя. Многія з песень яна пераняла ад маці і аднавяскоўцаў. Таксама выконвала творы беларускіх кампазітараў І. Лучанка, У. Будніка, Л. Захлеўнага, В. Цямнова, А. Чыркуна і іншых: “Я люблю сваю зямлю”, “Бабіна доля”, “Валгаградская бярозка”, “Мой родны кут”. Яшчэ выконвала больш за 50 песень розных народаў, напрыклад, спявала на польскай мове “Пайшла Каралінка”, “Шла дзявочка да лясочка”, на іспанскай – мексіканскую “Сандунга”. Любоў – галоўная тэма Вольгі Шутавай, а галоўны адрас яе любові – Радзіма. Галоўны ж адрас яе песні – чалавечае сэрца, адкрытае праўдзе і хараству. 
3.jpg   Вольга Паўлаўна знялася ў кароткай музычнай стужцы “Беларусь мая, сінявокая”, дзе выканала невялічкую ролю і праспявала “Мяцеліцу”. Потым у таго ж рэжысёра Юрыя Мікалаевіча Цвяткова (1941–2011) знялася ў мастацкім фільме “Спяшайся будаваць дом” (1970). У 1977 годзе выйшла грампласцiнка “Поёт Ольга Шутова. Белорусские и русские песни”, дзе запісаны чатыры вакальныя творы ў суправаджэнні інструментальнага ансамбля Беларускага радыё пад кіраўніцтвам Л. Смялкоўскага.Спявала для ўдзельнікаў і гасцей “Алімпіяды – 80” у Маскве.
   Працавала ў эстрадным калектыве “Беларускі сувенір” Белдзяржфілармоніі, якім кіраваў кампазітар і канцэртмайстар (баяніст) Леанід Барысавіч Шурман, другі муж спявачкі. З гэтым калектывам Вольга Шутава шмат гастраліравала па рэспубліках СССР, а таксама за мяжой (ГДР, ФРГ, Аўстрыя, ЗША, Італія, Калумбія, Японія, Афганістан, Нарвегія, Фінляндыя і інш.).
   Жыла ў Мінску з маці і сынам Вадзімам. У вольны час захаплялася вязаннем: кофты, сукенкі, шкарпэткі для сябе і сям’і. Любіла родную вёску, прыязджала на Камянеччыну пры любой магчымасці, наведвала брата, выступала перад землякамі. 
   Вольга Паўлаўна Шутава памерла 26 лістапада 1999 года.

   Аб жыцці і творчасці В. П. Шутавай
 

1.     Поёт Ольга Шутова. Белорусские и русские песни : [грамзапись] / Ольга Шутова ; Инструментальный ансамбль Белорусского радио под управлением Л. Смелковского. Всесоюзная фирма «Мелодия» : Ленинградский завод грампластинок, [1977].
2.     Шутова Ольга Павловна // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 625.
3.     Шутава Вольга Паўлаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 489.
4.     Шутава Вольга Паўлаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 594.
5.     Шутова Ольга // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн.2. С.472.
6.     Каменецкому району 70 лет : [в содерж.: биографические сведения об Ольге Шутовой] / Отдел идеологической работы Каменецкого районного исполнительного комитета. Каменец, 2010. С. 32.
7.     Яфімовіч, У. Вольга Шутава / У. Яфімовіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Камянецкага раёна. Мінск : Ураджай, 1997. С. 480.
8.    Гарагляд, Н. Вішня белая : [аб В. Шутавай, артыстцы ансамбля “Беларускі сувенір”] / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 1997. 12 лют.
9.   Шутава, В.“Жыву песнямі роднага краю” : інтэрв’ю з вядомай зямлячкай, заслужанай артысткай Беларускай ССР Вольгай Шутавай / Вольга Шутава ; гутарыў У. Яфімовіч // Ленінец (Камянец). 1991. 2 ліп.
10.  Шутава, В. “Зямля, дзе пачаўся мой лёс…” / Вольга Шутава // Беларусь. 1980. № 7. С. 37.
11.  Федчанка, З. З крыніц народных / З. Федчанка // Беларусь. 1977. № 4. С. 
12.  Федчанка, З. “Залаты фонд” спявачкі / З. Федчанка // Вячэрні Мінск. 1977. 6 студз.
13.  Леоновец, А. “Брестскому вальсу – 30 лет” : [об авторском вечере композитора Альфреда Шутова, автора музыки к песне “Брестский вальс” (слова Бориса Захарычева), в Брестском парке культуры и отдыха] / А. Леоновец // Советская Белоруссия. 1988. 10 авг.


© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского
Мы на ютубе