Вход Регистрация
О библиотекеБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Гостевая
книга
Краеведение Контакты
Панятоўскі Станіслаў Аўгуст

Панятоўскі 1.jpg   

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (да каранацыі Станіслаў Антоні) нарадзіўся 17 студзеня 1732 года ў мястэчку Воўчын Брэсцкага павета (зараз в. Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх, з’яўляўся трэцім сынам кракаўскага кашталяна Станіслава Панятоўскага і Канстанцыі Панятоўскай, народжанай княжны Чартарыйскай.  Атрымаў выдатнае дамашняе выхаванне пад пільным кіраўніцтвам маці Канстанцыі Чартарыйскай. Сямейным  выкладчыкам логікі і матэматыкі для Станіслава быў былы прафесар Каралеўскага ўніверсітэта, расійскі граф  Герман Кайзерлінгк, духоўным іспаведнікам стаў місіянер Пётр Слівіцкі. Станіслаў скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве, валодаў пяццю замежнымі мовамі. Удасканальваючы свае веды шмат падарожнічаў па Еўропе. Знаёмства з заходняй культурай аказала моцны ўплыў на яго светапогляд, што праявілася пазней у мецэнацкай і асветніцкай дзейнасці караля.

    Панятоўскі 2.jpgЗ маладосці быў звязаны з групоўкай Чартарыйскіх, якая мела значны ўплыў у Рэчы Паспалітай. У 1755 – 64 гг. займаў ганаровую пасаду стольніка ВКЛ. У 1755 – 56 і 1757 – 58 гг. Знаходзіўся ў Пецярбургу як сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай. Малады, адукаваны, прыгожы дыпламат стаў сваім чалавекам пры двары. У Пецярбургу ён блізка сышоўся  з вялікай княгіняй Кацярынай Аляксееўнай (будучая імператрыца Кацярына II). У хуткім часе С. Панятоўскі стаў адным з яе фаварытаў.   


Панятоўскі 3.jpgПасля смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. Пачалася падрыхтоўка да выбараў караля і барацьба за прастол паміж магнацкімі групоўкамі Патоцкіх і Чартарыйскіх. Кацярына II разлічвала на падпарадкаванне ёй новага караля, патрабавала за падтрымку перадаць Расіі тэрыторыі ўсходняй Беларусі. У Рэч Паспалітую былі ўведзены расійскія войскі і на элекцыйным сойме 06. 09. 1764 г. Станіслаў Панятоўскі быў абраны каралём (пры каранацыі ўзяў імя Аўгуст).


Панятоўскі 4.jpg    Яго праўленне – гэта перыяд заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны.  Напачатку Панятоўскі разам са сваімі сваякамі Чартарыйскімі спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі да саюзу з Аўстрыяй і Францыяй. Ва ўнутранай палітыцы выступаў за пагадненне з рэспубліканцамі Патоцкімі, каб адстаяць незалежнасць дзяржавы. Аднак апазіцыйная групоўка магнатаў Патоцкіх засталася непрыхільнай да караля, захаваўшы свае погляды на дзяржаўны лад са слабай каралеўскай уладай. Станіслаў Аўгуст спрабаваў стварыць сваю групоўку цэнтрысцкага характару, што прывяло да канфлікту з Чартарыйскімі. Тым не менш рэформы па ўзмацненні дзяржаўнай улады ў 1764 – 66 гг. праводзіліся разам з Чартарыйскімі, аднак яны былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі.

    Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю, Кацярына II навязала сойму і каралю дагавор 1768 г., якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне Кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі.
Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты ўзняліся за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэрыторыю Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены расійскія войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаў першы падзел Рэчы Паспалітай (1772).
Пасля першага падзелу Панятоўскі паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 г. створана Пастаянная Рада – цэнтральны орган выканаўчай улады на чале з каралём. Былі прыняты рашэнні, накіраваныя на развіцце прамысловасці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, абмежавана ўлада гетманаў, войска падпарадкавана каралю.
    Асобай увагі заслугоўвае мецэнацкая і асветніцкая дзейнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пры двары караля былі сабраны лепшыя мастакі і скульптары. У час яго кіравання была праведзена рэканструкцыя Каралеўскага замка ў Варшаве. Станіслаў Панятоўскі заўсёды падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, апекаваў тэатр і мастацтва. Ён адкрыў мастацкую школу, накіроўваў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. У Варшаве адкрыў Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), рыхтаваў адкрыцце акадэміі мастацтваў, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Гэта дало падставу называць яго мецэнатам, а час яго праўлення “залатым часам адраджэння навук”. Ён быў ініцыятарам выдання газеты “Манітор”, збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, гем і манет. Асабіста падтрымліваў адкрыцце мануфактур (з дапамогай Антонія Тызенгаўза, які ў ранняй маладосці з’яўляўся сябрам Панятоўскага і разам з ім выхоўваўся ў Воўчыне, вучыўся ў школе Канстанцыі Чартарыйскай), спрыяў прамысловай здабычы солі.
Панятоўскі спрабаваў правесці дзяржаўную рэформу. Ім быў прыняты Дзяржаўны закон – першая ў Еўропе Канстытуцыя (пасля ЗША). Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая была абвешчана 3 мая 1791 г., замацоўвала межы паўнамоцтваў дзяржаўнай улады, правы і абавязкі грамадзян. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль.
    Адносная раўнавага ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннем новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788 – 92 гг. правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Панятоўскі пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў – Таргавіцкая канфедэрацыя – садзейнічала ў 1792 г. акупацыі краіны расійскімі войскамі. Рэформы былі скасаваны, Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гарадзенскага сойма 1793 г. Панятоўскі дзейнічаў цалкам пад кантролем Расіі і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай.

С. Панятоўскі ў Пецярбургу. Мастак Ян Чэслаў Манюшка (між 1880 і 1910 гг.).jpg    На пагрозу поўнай ліквідацыі незалежнасці народ Рэчы Паспалітай адказаў паўстаннем 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Кароль не праявіў мужнасці ў такой складанай сітуацыі і паступова ініцыятыву ўзялі войскі Прусіі і Расіі.  Станіслаў Аўгуст быў адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон. Пасля паражэння паўстання па загаду Кацярыны II Панятоўскі выехаў у Гродна, дзе жыў у каралеўскім палацы. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25. 11. 1795 г. падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам было спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі – ВКЛ.

    Пасля смерці Кацярыны II  Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Пецярбург, дзе 12. 02. 1798 года ён памёр ад апаплексічнага ўдару ва ўзросце 66 гадоў. Быў урачыста пахаваны ў Пецярбургскім касцёле святой Кацярыны Александрыйскай. Надмагільная пліта караля Станіслава Аўгуста захоўвалася ў касцёле святой Кацярыны Александрыйскай (на Неўскім праспекце) да пажару, які адбыўся ў лютым 1984 года. Пасля аднаўлення сабора была рэстаўравана крыпта, дзе знаходзілася магіла Панятоўскага. Яна ўваходзіць у пералік аб’ектаў гістарычнай і  культурнай спадчыны федэральнага (агульнарасійскага) значэння (г. Санкт-Пецярбург), зацв. Пастановай урада РФ ад 10. 07. 2001 г. № 527.
Воўчынскі касцёл.jpg    У 1938 г. яго астанкі перапахаваны на радзіме – у Свята-Троіцкім касцёле ў Воўчыне. Пасля вайны палякі рабілі захады аб даследванні і ўшанаванні месца пахавання апошняга караля.
   У 1988 годзе беларуска-польскай камісіяй былі наладжаны раскопкі на тэрыторыі воўчынскага касцёла св. Троіцы. У выніку былі знойдзены фрагменты яго адзення і абутку, рэшткі каранацыйнага плашча і каралеўскай труны, якія былі перавезены ў Польшчу.
  14 лютага 1995 г. у Каралеўскім замку ў Варшаве, у кафедральным касцёле св. Яна, знайшоў канчатковы прытулак апошні кароль Рэчы Паспалітай.
Бясспрэчна, асоба Станіслава Аўгуста Панятоўскага з’яўляецца супярэчлівай у гісторыі Рэчы Паспалітай. Дыскусія аб ролі караля, яго месцы, выніках ягонага праўлення працягваецца і сёння. Між іншым,  трэба аддаць належнае Станіславу Аўгусту як асветніку, мецэнату, культурнаму дзеячу, рэфарматару палітычнай сістэмы і эканомікі. Канчатковай рэабілітацыяй ягонай постаці з’яўляецца аднаўленне касцёла св. Тройцы на яго радзіме ў вёсцы Воўчын.
  
Літаратура:
1.    Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 145-146.
2.    Станислав Август Понятовский // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 89.
3.    Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6. С. 401-402.
4.    Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 3 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 625-626.
5.    Панятоўскі Станіслаў Аўгуст // Асветнікі зямлі беларускай, X – пачатак XX ст.: энцыкл. давед. 2-е выд. Мінск, 2006. С. 318-319.
6.    Станіслаў Аўгуст Панятоўскі // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур = 250 people from Belarus in the dialogye of cultures / [рэд.: Т. Л. Пісарэнка, Л. У. Языковіч]. Мінск, 2008. С. 47-49.
7.    Несцярчук, Л. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: манарх, асветнік, мецэнат / Л. М. Несцярчук. Брэст: ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2011. 300 с.: іл.
8.    Станислав Август Понятовский // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 370.
9.    Татаринов, Ю. А. Заботы последнего короля / Юрий Татаринов // Заботы последнего короля / Ю. Татаринов. Минск, 2009. С. 3-53.
10.  Мальдис, А. И. Странный король Станислав Август / Адам Мальдис // Соотечественники: очерки о белорусах и уроженцах Беларуси, обогативших мировую культуру / А. Мальдис. Минск, 2013. С. 71-78.
11.  17 студзеня – 280 гадоў з дня нараджэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732-1798), апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2011. № 10. С. 18-20. Дадатак.
12.  Павловский, Б. Тайна последнего короля / Б. Павловский // Вечерний Брест. 2015. 16 октября. С. 7.
13.  Рубашевский, Ю. Последняя тайна последнего короля / Ю. Рубашевский // Вечерний Брест. 2014. 28 ноября. С. 4.
14.  Ксёнжек, Э. Трагедия последнего короля / Э. Ксёнжек // Вечерний Брест. 2009. 30 января. С. 3.
15.  Рубашевский, Ю. Реквием по королю / Ю. Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 15 февраля.
16.  Трибулева, Е. Подарок последнего короля / Е. Трибулева // Вечерний Брест. 2006. 16 июня. С. 4.
17.  Марчук, Н. Жыцце і смерць Станіслава Аўгуста Панятоўскага / Н. Марчук // Літаратура і мастацтва. 2006. 28 ліпеня. С. 12.
18.  Мусевіч, Г. Жыццё і смерць апошняга польскага караля / Г. Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 18 сакавіка.
         

© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского
Мы на ютубе