Вход Регистрация
О библиотекеБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Гостевая
книга
Краеведение Контакты
Лышчык Аляксандр Іванавіч
 
Путь в мир искусства
очень сложен,
ведь музам нелегко
служить,
но этот труд красив
и важен,
и этим стоит
дорожить!
Лыщик А. И..jpg 

 Аляксандр Іванавіч Лышчык – таленавіты скульптар, член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, наш знакаміты зямляк і проста неардынарны чалавек.
Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч 13 жніўня 1951 года ў Каменцы. Маці мастака, Клаўдзія Арцёмаўна, усё жыцце працавала медыцынскай сястрой у Камянецкай ЦРБ, бацька Іван Сямёнавіч – у Камянецкай ПМК-14. З дзяцінства іх сын захапляўся лепкай. З пяці гадоў лепшым сябрам хлопчыка быў пластылін. Ствараў звычайна салдацікаў – цэлыя арміі, што зусім і не дзіўна для хлапчука пасляваеннага пакалення. Так дзіцячая гульня, прыродная цяга да творчасці перараслі ў моцнае патрабаванне займацца творчасцю прафесійна.
   У 1968 годзе Аляксандр скончыў Камянецкую СШ № 1 і паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але правучыўшыся год, вырашыў, што архітэктура – не яго прызванне, і без ваганняў пакінуў вучобу.
   З 1971 года працаваў на радзіме ў Каменцы афарміцелем і загадчыкам мастацкай майстэрні пры Камянецкім аддзеле культуры. Займаўся вырабам помнікаў, інкрустацыяй, чаканкай па метале, разьбой па дрэве. Менавіта тут сфарміравалася канчатковае жаданне стаць скульптарам.
   У 1973 годзе ў Каменцы Аляксандр пазнаёміўся з будучай жонкай Зояй Савельеўнай Раманчук, якая на той час працавала метадыстам у гарадскім Доме культуры і стварылі сям’ю. У шлюбе яны маюць дачку Ірыну і сына Вячаслава, падрастаюць чацвера ўнукаў. Аляксандр Іванавіч быў добрым і чулым сем’янінам, уважліва ставіўся да ўнукаў, знаёміў з сваёй творчасцю, стараўся прывіць ім пачуццё цудоўнага. Вось і ў сваёй унучцы Вікторыі ён разглядзеў талент мастака. Сведчанне таму, - як умела атрымліваюцца фігуркі ў руках дзяўчынкі. Аляксандр Іванавіч быў упэўнены, што вучыць маляваць маленькіх дзяцей нельга да пэўнага ўзросту, таму што яны павінны маляваць так, як бачаць гэты свет самі.
   У 1977 г. пасля некалькіх спробаў паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на скульптурнае аддзяленне. Вучыўся ў выдатных педагогаў Генадзя Мурамцава, Анатоля Анікейчыка, Міхаіла Шкробата. Скончыў інстытут у 1983 годзе з дыпломнай работай “Помнік градарубу Алексе”. Аляксандр Іванавіч вельмі ганарыўся тым, што работа звязана з родным горадам, хацеў і планаваў зрабіць для Каменца больш (але, на жаль, не паспеў ажыццявіць свае задумкі). Дарэчы, помнік на брацкай магіле ў Прускаўскім лесе, гэта таксама студэнцкая работа Аляксандра Лышчыка. Ён – аўтар шматлікіх помнікаў воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі.
   З 1985 па 1991 гг. Аляксандр Іванавіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю на кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У 1983 годзе заснаваў у Мінску сваю творчую майстэрню. Працаваў у галіне манументальнай і станковай скульптуры.                  
   Скульптура мае многа напрамкаў і не толькі мастацкіх. Майстар выбірае матэрыял, а потым, у адпаведнасці з выбарам, асвойвае тэхналогію апрацоўкі. Аляксандр Іванавіч спыніўся на бронзе, бо “на душу легла”. Бронза вельмі працаёмкі ў тэхнічным плане матэрыял. І жыцця не хопіць, каб спасцігнуць усе сакрэты майстроў XVIII – XIX стагоддзяў. Трэба сказаць, што Аляксандр Лышчык быў прафесіяналам і вялікім знаўцам усіх тонкасцяў ліцця, ведаў, як зрабіць сплаў, каб атрымалася якасная работа, асабліва скульптура з дробнай пластыкай.
Помнік градарубу Алексе ў Каменцы.jpg   У мастака сфарміравалася дакладная творчая манера, выпрацаваўся свой непаўторны мастацкі стыль. Кола яго творчых інтарэсаў вельмі шырокае. У пошуках мастацкіх формаў Аляксандр Іванавіч звяртаўся да гістарычных персанажаў. Перш, чым прыступіць да новай работы, ён шмат чытаў, вывучаў гісторыю быта, касцюма і г. д., працаваў з архіўнымі матэрыяламі. Ён – аўтар шэрага твораў малых архітэктурных форм, якія сталі знакавымі.
На плошчы між Камянецкай вежай і Свята-Сімяонаўскай царквою ўстаноўлены помнік градарубу Алексе. Магутны мужчына са шчытам стаіць побач з волатам-зубрам. Менавіта Алексе валынскі князь Уладзімір Васількавіч даручыў знайсці месца і закласці крэпасць – будучы Каменец.
Помнік устаноўлены ў 1988 годзе. На шчыце надпіс: “… сруби город, нареки имя ему Каменец, зане быть земле камена…”                
   У народа, які не памятае сваёй гісторыі няма будучага. Напамінаннем аб гістарычным прошлым горада Кобрына Брэсцкай вобласці стала кампазіцыя “Заснавальнікі горада. Князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга.” Помнік устаноўлены на вуліцы Суворава ў Кобрыне ў 2009 годзе. Горад Помнік Уладзіміру Васількавічу і княгіне Вользе.jpgупамінаецца ў завяшчанні валынскага князя Уладзіміра Васількавіча  сваёй жонцы Вользе. Бронзавы князь, стоячы побач з жонкай благаслаўляе горад і ўсіх яго жыхароў.
Другая кампазіцыя “Купалле” (2009) устаноўлена таксама ў Кобрыне на тэрыторыі парка імя Суворава ў цэнтры фантана. У аснову кампазіцыі пакладзена ідэя аб беларускім народным свяце “Купалле”. Як адзначаў сам аўтар – “Гэты помнік вельмі сімвалічны. Напэўна, ён дасць надзею на асабістае шчасце і каханне, якія так неабходны кожнаму чалавеку.”                      
   Трэцяя скульптурная кампазіцыя “Боцман” з’явілася на Наберажнай, бліз Лядовага палаца ў 2009 годзе. Стары “марскі воўк” трымае ў руцэ курыльную трубку, на плячы сядзіць папугай. Побач з фігурай стаіць стоўб з колакалам, на якім напісаны надпіс “Кобрын”. Жыхары горада і яго госці, прагульваючыся па наберажнай, могуць пазваніць у колакал і зрабіць фота на памяць.
   У Оршы ў 2008 годзе з’явілася новая скульптурная група – крэсла-трон і побач чаравічак. Пры першым жа позірку на бронзавую кампазіцыю згадваецца казка Ш. Перо “Папялушка”. На спінцы крэсла зручна размясціўся купідон, а само крэсла ўпрыгожана мноствам завітушак і гербам горада. Дарэчы, гэтую кампазіцыю скульптар прысвяціў сваёй унучцы Вікторыі, аб чым сведчыць надпіс на асабістай таблічцы.
   У 2006 годзе ў Бабруйску ўстаноўлена фігура “Бабра”. Бобр-франт, які прыносіць поспех тым, хто за яго патрымаецца. Скульптура падабалася гаражанам, ператварылася ў візітную картку горада. Над гэтым забаўным звярком Аляксандр Лышчык працаваў, натхнёны ідэяй мясцовага жыхара.
   Сваіх персанажаў мастак надзяляў асаблівым пачуццём, вытанчанасцю, грацыёзнасцю, дасканалымі прапорцыямі і пластыкай. 
У творчым актыве мастака шырокі спектр прызоў і сувенірных кампазіцый, створаных для міжнародных мерапрыемстваў і чэмпіянатаў, работ бытавога прызначэння.
Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Арабскіх Эміратаў, Англіі, Бельгіі, Італіі, Кітая, ЗША, Швецыі.
   Аляксандр Іванавіч меў вялікі творчы патэнцыял і жаданне працаваць, але цяжкая хвароба не дала ажыццявіць усе задумы,  24 мая 2011 года яго не стала.
А яшчэ, пры жыцці, ён вельмі хацеў стварыць у рэспубліцы Цэнтр беларускай скульптуры. Таму што, на вялікі жаль, творы нашых таленавітых скульптараў у большасці сваёй сёння сыходзяць у замежжа, дзе цэніцца аўтарская ручная работа і яны запатрабаваны. З аднаго боку, гэта добра – майстры становяцца сусветнавядомымі, з другога – дрэнна, бо Беларусь губляе частку культурнай спадчыны. Слава, вядомасць і прызнанне знайшлі Аляксандра Іванавіча не толькі за межамі, але і ў нашай краіне.

Літаратура: 

1.    Лыщик Александр Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Мн., 2009. Т. 1, кн. 2. С. 48. 
2.    Лышчык Аляксандр Іванавіч // Памяць: Камянецкі раён. Мн., 1997. С. 510.
3.    Лыщик Александр Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009. Мн., 2009. С. 141-142.
4.    Шевченко, А. Бронзовые скульптуры – украшение к празднику : малые архитектурные формы, вернувшие в последние годы себе былую популярность, украсили Кобрин / Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2009. 17 сентября. С. 1.
5.    Лыщик, А. “Главное не споткнуться” / А. Лыщик; беседовала Т. Черная // Минский курьер. 2003. 14 марта.
6.    Падаляк, Т. Жураўлі Аляксандра Лышчыка / Таццяна Падаляк // Звязда. 2001. 24 сакавіка. С. 2.
7.    Табольчык, Л. Яму было што сказаць…: [пра скульптара А. Лышчыка] / Ларыса Табольчык // Навіны Камянеччыны. 2016. 13 жніўня (№ 33). С. 3.











© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского
Мы на ютубе