Вход Регистрация
О библиотекеБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Гостевая
книга
Краеведение Контакты
Карповіч Міхал Францішак

                                                     

image303.jpg

 Міхал Францішак Карповіч – вядомая постаць, наш “беларускі Радзішчаў”, якім можа ганарыцца Камянецкі край. Нарадзіўся будучы асветнік, тэолаг і палітычны дзеяч 4 кастрычніка 1744 года ў Камянцы ў дробнашляхецкай сям’і.
    З 1751 па 1761 гг. Карповіч вучыўся ў Берасцейскім езуіцкім калегіуме. Тут ён атрымаў бліскучую адукацыю, тут сфарміраваліся яго погляды, акрэслілася поле яго дзейнасці. Пасля заканчэння вучобы Карповіч падаўся ў Варшаву, дзе ў 1761 годзе ўступіў у аб’яднанне Крыжа Місіянерскага. Да 1766 года Міхал служыў клірыкам у касцёле Святога Крыжа.
    З 1767 г. займаў пасаду прафесара філасофіі ў Варшаўскай духоўнай семінарыі. Але філасофія Карповіча мела рэлігійны ўхіл і ў 1771 годзе асветніцкія шляхі прыводзяць яго ў Кракаў, дзе ён выкладаў тэалогію. З 1772  па 1774 – выкладаў тэалогію і царкоўную гісторыю ў Віленскай епархіяльнай семінарыі пры касцёле св. Казіміра. Тут Карповіч актыўна ўключыўся ў грамадска-палітычную дзейнасць. Спробы асветніка  па-іншаму зірнуць на духоўныя пытанні, дастасаваць вальнадумства да рэлігійнага аскетызму былі заўважаны грамадскасцю. У 1774 годзе Карповіч быў абраны дэлегатам правінцыйнага канвента ў Варшаве. У 1775 г., дзякуючы падтрымцы віленскага біскупа І. Масальскага, стаў пробашчам у Гражышках на Сувальшчыне.
   Нягледзячы на тое, што Карповіч быў перш за ўсё асветнікам вышэйшых колаў грамадства Рэчы Паспалітай, ён адным з першых на тэрыторыі тагачаснай Беларусі распачаў крытыку прыгоннага права, як гуманіст выступаў супраць жорсткага абыходжання паноў з сялянамі. Літаратурная творчасць Карповіча была скіравана на актывізацыю патрыятычных пачуццяў сучаснікаў. Ён пісаў панегірычныя вершы, аднак асаблівым паэтычным талентам не вызначаўся. Славу Карповічу як пісьменніку прынеслі трыбунальскія і юбілейныя казанні. Ён аўтар двухтомных “Казанняў” (1776 – 1778 гг.). Пафас большасці казанняў – пратэст супраць бяспраўя і беспарадкаў, свавольства і амаральнасці сацыяльных вярхоў. Погляды Карповіча сустрэлі падтрымку рэфарматараў і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1776 г. Карповіч атрымаў пасаду архідыякана смаленскага, у 1778 г. – пробашча прэнскага, у 1783 г. – каноніка познанскага.

      Карповіч быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791 г., накіраванай на ліквідыцыю феадальнай анархіі, палітычнае і эканамічнае ўмацаванне Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 г. увайшоў у паўстанцкі урад – Найвышэйшую літоўскую раду, пасля – у Найвышэйшую нацыянальную раду. Пасля падаўлення паўстання Карповіч быў звольнены з пасады, царскія ўлады выдалі загад на яго арышт. Пэўны час хаваўся ў Варшаве, паўлегальна жыў у маёнтку Грыжашкі. Сабраў там багатую бібліятэку. Пазней Карповічу было вернута прафесарскае званне. 
   У 1797 годзе прускімі ўладамі ён  быў прызначаны біскупам віграўскім. У Віграх Карповіч, нягледзячы на свае сціплыя заробкі, займаўся рамонтам мясцовага касцёла, арганізаваў капітулу, заснаваў духоўную семінарыю, у якой сам выкладаў.
    Памёр Міхал Карповіч 5 лістапада 1803 г. у Баржніках, пахаваны ў Віграх.

Літаратура

1. Карповіч Міхал Францішак // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя. У 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 2007. Т.2. С.55.
2. Карповіч Міхал Францішак // Асветнікі зямлі беларускай : энцыкл. даведнік / рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 2001. С. 210-211.
3. Карповіч, Міхал Францішак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі . У 6 т. / рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 1997. Т.4. С. 126.
4. Карповіч Міхал Францішак // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік / гал. рэд. Б.І.Сачанка і інш. Мн.: БелЭн, 1995. С.224.
5. Міхал Карповіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А.Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 289-291.
6. Карпович Михал Франтишек // Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т. / редкол.: Т.В.Белова [и др.]. Мн.: БелЭн, 2009. Т.1, кн.1. С.449.
7. Карлюкевіч, А. М. “…Дзе і раку завуць Лясною” / А. Карлюкевіч // Карлюкевіч, А. Радзімазнаўства. Мясціны. Асобы. Мн., 2010. С. 79. [кароткія звесткі пра М. Карповіча] 
8. Дубовік, С. Беларускі Радзішчаў : [Міхал Францішак Карповіч] / Сяргей Дубовік // Літаратура і мастацтва. 2005. 2 верасня. С.6.
9. Карповіч, М. Казанне на пяты чацвер посту ў калегіуме Святога Яна ў Варшаве 1775 года 30 сакавіка / М. Карповіч, пер. У. Сухапара // Песні Белавежы : Камянеччына літаратурная / уклад. З. Дудзюк. Мн., 2005. С.23-25.


© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского
Мы на ютубе