Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік нарадзіўся 14 лютага 1956, у вёске Кастровічы, Слонімскі раёна, Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1978—1982 гг. працаваў карэспандэнтам Брэсцкай абласной газеты “Заря”, рэдактарам Брэсцкай абласной студыі тэлебачання.
У 1982—1990 гг. — супрацоўнік штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. У 1990—2010 гадах галоўны рэдактар часопіса “Дзеці і мы”. Адначасова ў 1997—2003 гадах — галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994 г.), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993 г.), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019 г.).
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1972 г. (газета “Гродзенская праўда”). Выдаў кнігі прозы “Стронга” (1984 г.), “Вочы Начніцы” (бібліятэка часопіса “Маладосць”, 1989г.), “Прыручэнне птушкі” (1989 г.), зборнік казак “Сонейка, свяці!” (1988 г.). Аўтар мастацкага альбома “Алена Кіш” (1990 г.).
Напісаў для дзяцей п’есы, што ставіліся ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні, “Залатое зярнятка” (пастаўлена ў 1983 г.), “Сонейка, свяці!” (надрукавана і пастаўлена ў 1985 г.), “Пякла баба калачы” (з А.Шкілёнкам, пастаўлена ў 1987 г.), “Сакрэты Вогніка” (пастаўлена ў 1987 г.), “Усміхніся, прынцэса…” (надрукавана і пастаўлена ў 1990 г.). Беларускае радыё падрыхтавала па гэтай п’есе радыёспектакль. Пераклаў з рускай і ўкраінскай моў асобныя творы Л. Лявонава, В.Астаф’ева, Ю. Бондарава, М. Віграноўскага.
Стварае п’есы для юных гледачоў. Брэсцкі тэатр лялек у 1983 годзе паставіў яго першую п’есу-казку “Залатое зярнятка”, казку “Сонейка, свяці!”. Па п’есе “Сонейка, свяці! ” артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы запісалі радыёспектакль на Беларускім радыё. А ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры быў пастаўлены мюзікл. П’есу “Вап-информ” выдаў у Маскве ў 1987 годзе ў перакладзе на рускую мову. На далёкай Камчатцы (Расія) мясцовы абласны тэатр лялек ажыццявіў пастаноўку п’есы “Пякла баба калачы”, якую драматург пісаў у суаўтарстве з А. Пыжыкам.