Вход Регистрация
О насБиблиотека
детям
Читателям Филиалы Информационные
ресурсы
Новости
и события
Методическая
копилка
Краеведение Контакты Гостевая
книга
Міхась Лынькоў - 120 гадоў з дня нараджэння

   Нарадзіўся Міхась Лынькоў 30 лістапада 1899 года ў вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні ў сям’і чыгуначніка. Яго сям’і даводзілася даволі шмат змяняць месца жыхарства, сям’я нарэшце асела недалёка ад вёскі Старое Сяло пад Рагачовам. Тут будучы пісьменнік пайшоў у школу, пасля скончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а потым у 1917 годзе і саму семінарыю. 
Працаваў настаўнікам у Ліпініцкай земскай школе, прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх падзеях мясцовага грамадскага жыцця. Пісаць Лынькоў пачаў яшчэ ў час вучобы ў семінарыі. Гэта былі прыпеўкі, сатырычныя куплеты, эпіграмы. Літаратурнай дзейнасцю ён пачаў займацца, калі ў 1925-1930 гадах працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, рэдактарам у бабруйскай акруговай газеце «Коммунист», дзе публікаваў артыкулы, нарысы, фельетоны і вершы. Пры ім у газеце стаў выходзіць спецыяльны літаратурны дадатак «Вясна», дзякуючы якому дарогу ў літаратуру атрымалі Сяргей Грахоўскі, Васіль Вітка, Барыс Мікуліч і іншыя пісьменнікі.
   У 1930 годзе Міхась Лынькоў пераехаў у Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, быў сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1934 па 1941 год рэдагаваў часопіс «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскага філіяла «Маладняка», адным з кіраўнікоў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Дзесяць гадоў з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
   Першым празаічным творам пісьменніка стала апавяданне «З пражытых год», сам загаловак якога паказвае яго нарысавы характар і аўтабіяграфічны змест. У 1927 годзе выйшаў першы зборнік «Апавяданні», потым «Гой», «Андрэй Лятун». Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны з’явіўся зборнік апавяданняў «Сустрэчы», у аснову якога ляглі асабістыя назіранні і ўражанні ад перажытага і ўбачанага. У грозныя ваенныя гады Лынькоў рэдагаваў франтавую газету «За Савецкую Беларусь», якая выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах.
Ён актыўна і плённа працаваў у розных літаратурных жанрах: пісаў публіцыстычныя творы, выступаў з сатырычнымі артыкуламі і фельетонамі. Друкаваўся ў газетах «Правда», «Известия», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і іншых. Пісаў Міхась Лынькоў з верай у перамогу, якой прасякнуты апавяданні, што ўвайшлі ў кнігу «Астап».
   Яшчэ ў ваенны час пісьменнік пачаў збіраць матэрыялы для маштабнага празаічнага твора аб вайне. У выніку шматгадовай працы ў архівах, апытання шматлікіх удзельнікаў і сведак падзей нарадзіўся раман-эпапея «Векапомныя дні». Была створана велічная панарама ўсяго, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі на працягу амаль чатырох гадоў акупацыі. 
   На працягу ўсяго жыцця Міхась Лынькоў вёў вялікую грамадскую і навуковую работу. Яшчэ ў час вайны, у 1943-1946 гадах, ён узначальваў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларусі. Стаяў на чале гэтай установы і ў 1949-1952 гадах, з’яўляўся акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. З 1940 па 1975 год выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Займаўся расследаваннем нацысцкіх злачынстваў у Мінску, неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У  1962 годзе Міхасю Лынькову было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.
   Асобнае месца ў літаратурнай спадчыне Лынькова займаюць творы для дзяцей. Ён пачаў пісаць для дзяцей з 1935 года. Яго аповесць-казка «Янка-парашутыст»  праўдзіва расказвае аб дзецях, якія мараць аб палётах. Аповесць «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» карыстаецца ў дзяцей папулярнасцю. Талент і майстэрства, глыбокае веданне асобы дзіцяці і ўменне пісаць захапляюча, - гэтыя якасці ўласцівыя Лынькову. Сапраўдную вядомасць Міхасю Лынькову як дзіцячаму пісьменніку прынесла аповесць «Міколка-паравоз», у якой з вялікай любоўю і цеплынёй апісаў аўтар не толькі Міколку, але і дзеда Астапа. Успамінаючы аповесць, пісьменнік прызнаваўся: «Твор… не зусім аўтабіяграфічны, але ў вобразе Міколкі ёсць тое-сёе з майго дзяцінства».
Нялёгкае і няпростае жыццё пражыў пісьменнік. У дваццаць гадоў двойчы быў на мяжы жыцця і смерці: першы раз ад тыфу, другі — ледзь не расстралялі бандыты Булак-Балаховіча. У маладыя гады Лынькоў страціў бацькоў і стаў бацькам малодшым брату і сястры. У пачатку вайны яго пачала мучыць эмфізема лёгкіх. У час вайны Міхась Лынькоў страціў жонку і адзінага сына. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданне «За што?», у аснову якога лёг гэты трагічны факт.
За заслугі ў развіцці літаратуры і актыўную грамадскую дзейнасць Міхась Лынькоў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і многімі медалямі. 
   Памёр Міхась Лынькоў у 1975 годзе. Памяць аб ім увекавечана ў назвах многіх вуліц і ўстаноў краіны, на будынках устаноўлены мемарыяльныя дошкі з імем народнага пісьменніка Беларусі.
   Сёння літаратурная спадчына Міхася Лынькова не страціла сваёй папулярнасці. 

© 2011. Каменецкая центральная районная библиотека им.В.М. Игнатовского